Лёндан, Джэк. Забаставаў : Апавяданні / Пер. А.Якімовіча. — Мн. : Белдзяржвыд, 1931. — 104 с.
— Калі ты, Джоні, ня ўстанеш, я ня дам габе есьці.
Гэтая просьба ані не патурбавала хлопчыка. Ён спаў, як і раней. Хлопчык бесьсьвядома скамячыў кулакі, і пачаў махаць імі ў паветры. Гэтыя кулакі сыпаліся на матку, якая прывыкла ўжо да такіх сцэнаў; яна спрытна ўхілялася ад удараў і ўсё штурхала хлопчыка ў плячо.
— Адступіся ты, дай паспаць!
Гэта быў хваравіты сонны крык; сьцішаючыся, ён пераходзіў у жаласны лямант — лямант жывёліны, якую катуюць.
Матка не зьвяртала на гэта жаднай ўвагі. Гэта была жанчына з сумным выразам вачэй і змораным пакутным тварам. Яе ані ня дзівіла такая сцэна, бо яна адбывалася штодзенна. Матка пачала сьцягваць з яго коўдру, і хлопчык, пакінуўшы размахваць кулакамі, з усяе сілы адчайна ўчапіўся за коўдру. Матка шмарганула коўдру як толькі магла, і Джоні мусіў здацца. Ён падняўся і стаў на падлогу нагамі. У тую-ж хвіліну матка схапіла яго за плечы і моцна штурханула. Джоні расплюшчыў вочы.
— Устаю, — сказаў ён.
Матка схапіла лямпу і зараз-жа вышла ў кухню.
— Барджэй, — напомніла яна яму.
Джоні пачаў адзявацца, хоць у спальні было зусім цёмна, а калі адзеўся, дык пашоў у кухню мыцца. Мыла было запэцкана і ня мылілася. Ён кінуў мыла, паплюхаўся халоднай вадою і выцерся мокрым, брудным, падраным ручніком.
— Ты-б хоць раз добра ўмыўся, — заўважыла з дакорам яго маці.
Джоні нічога не адказаў.
Матка зьняла з кацялка пабітую накрыўку і наліла два кубкі кавы.
Ён насьпех глытаў хлеб, запіваючы гарачаю мутнаю вадою. Джоні з увагаю пазіраў на матку, як-бы пытаючыся, што будзе яшчэ. Матка зараз-жа заўважыла гэта.
— Ну, ня будзь сьвіньнёю, Джоні, — сказала яна. — Ты зьеў сваю долю. Твае браты і сёстры меншыя за цябе.
Ён нічога не адказаў на гэтую вымову, дапіў сваю каву, выцер рот рукою і хацеў устаць.
— Пачакай крыху, — сьпяшалася сказаць маці. — Я думаю, што можна адрэзаць табе яшчэ лустачку хлеба, зусім тоненькую.
Пры гэтым яна схітравала. Прыкідаючыся, што рэжа для сына лустачку хлеба, яна падала яму адну з двух адрэзаных для сябе лустачак, і пераліла каву з свайго кубка ў яго.
Цягучы і зычны сьвісток прымусіў іх абоіх усхапіцца на ногі. Яна зірнула на будзільнік, што стаяў на паліцы. Стрэлкі паказвалі палавіну шостай. Увесь фабрычны люд ужо прачнуўся. Яна накінула на плечы шаль.
— Трэба бегчы, — сказала яна, тушачы агонь на камінку.
Яны вобмацкам сышлі па ўсходках уніз і вышлі з дому. На дварэ было ясна і холадна, і Джоні скалануўся ад сьзежага паветра. Зоркі яшчэ ярка сьвяцілі на небе, і ўвесь горад быў абхінуты цемраю ночы.
Яны прайшлі хвілін з пятнаццаць моўчкі, а потым матка завярнула направа.
— Не спазьніся, — былі яе апошнія словы.
Ён нічога не адказаў і спакойна ішоў сабе далей. У раёне фабрык усе вароты былі адамкнёныя і ён зараз-жа зьмяшаўся з натоўпам, які папацёмку сьпешна валіў наперад. Калі Джоні падыходзіў да дзьвярэй свае фабрыкі, зноў пачуўся сьвісток. Ён зірнуў на ўсход. Над стрэхамі будынкаў пачынала ледзь-ледь прыметна сьвітаць. Толькі ў гэты міг ён і бачыў день, і зараз-жа хаваўся ад яго ў цёмных норах фабрыкі.
Ён заняў сваё месца ў адным з доўгіх радоў за машынамі. Перад ім, над ларам, які быў напакаваны маленькімі шпулькамі, борзда вярцеліся вялікія шпулі. На іх ён наматваў джутавыя ніткі з маленькіх шпулек. Работа была простая. Усё, што ад яго патрабавалася — гэта хуткасьць. Маленькія шпулькі зматваліся так скора, і там было так многа вялікіх шпуляў, якія наматваліся, што ня было ні мінуты вольнага часу.
Ён працаваў як машына. Калі маленькая шпулька зматвалася, ён леваю рукою спыняў вялікую шпулю і спрытна лавіў канец ніткі, а праваю рукою хапаў вольны канец ніткі з другой маленькай шпулькі. Як маланка мільгацелі яго пальцы, калі ён зьвязваў ніткі вузлом і пускаў вялікую шпулю. Вузлы вязаць — была самая трудная работа.
Некаторыя хлопчыкі хітравалі, і ў іх машыны часта доўга стаялі, бо яны не зьмянялі зматаных шпулек новымі. Каб сачыць за такімі хлопчыкамі, меўся наглядчык. Ён злавіў аднаго разу суседа Джоні і накруціў яму вушы.
— Паглядзі на Джоні, чаму ты ня робіш так, як ён? — запытаўся ўзлаваны наглядчык.
Джоні гэтая хвальба зусім не закранула. Ён ведаў, што быў шчырым работнікам. Яму так часта казалі гэта. І з шчырага работніка ён ператварыўся ў шчырую машьту. Калі работа выходзіла з яго рук кепскаю, гэта здаралася па тэй-жа прычыне, што і ў машыны, — быў сапсуты матэрыял. Для яго гэтак-жа нельга было памыліцца, як для цьвікавай машыны, калі яна дагледжана, нельга выкінуць няправільна зроблены цьвік.
Читать дальше