Том прайшоў прыгуменнямі і завярнуўся на гразкую дарогу, якая вывела яго за кароўі хлявы. Тут ён ужо мог не баяцца, што яго зловяць і пакараюць; ён быў у поўнай бяспецы. Таму ён адразу пайшоў на вясковую базарную плошчу, дзе, па дагаворанасці, ужо сышліся для бойкі два «ваенных» атрады хлопчыкаў.
Адной з гэтых армій камандаваў Том, другой — яго неразлучны прыяцель, Джо Гарпер. Абодва вялікія палкаводцы не маглі біцца асабіста,— гэта павінны былі рабіць простыя салдаты,— яны кіравалі бойкай, седзячы побач на ўзгорку і даючы загады праз сваіх ад'ютантаў. Пасля доўгай і цяжкай бойкі армія Тома перамагла. Затым абодва войскі падлічылі забітых, памяняліся палоннымі, дагаварыліся аб умовах і тэрміне наступнай рашаючай бойкі. Потым яны выстраіліся ў шарэнгі і цараманіяльным маршам пайшлі адгэтуль. Том накіраваўся дадому адзін.
Ідучы каля дома, дзе жыў Джэф Тэчэр, ён убачыў у садзе незнаёмую дзяўчынку — прыгожае стварэнне з блакітнымі вачыма, жоўтымі валасамі, заплеценымі ў дзве даўгія касы, у белай летней сукенцы і вышытых панталончыках.
Ён цішком любаваўся гэтым новым ангелам, пакуль не заўважыў, што і «ангел» таксама ўбачыў яго. Тады ён зрабіў выгляд, нібы зусім не бачыць дзяўчынкі, і пачаў выяўляць сваю спрытнасць, вытвараючы ўсялякія недарэчныя штукі, як гэта ўласціва хлопчыкам, калі яны хочуць спадабацца. Так ён стараўся некалькі часу. Потым у час аднаго галаваломнага гімнастычнага практыкавання ён зірнуў у бок і ўбачыў, што дзяўчынка завярнулася і ідзе к дому.
 |
Том "фігурае". |
Том апусціў нос і падышоў да плота; ён спадзяваўся, што дзяўчынка яшчэ трошкі пабудзе ў садзе. Яна сапраўды крыху затрымалася на ганку, але потым накіравался да дзвярэй. Том цяжка ўздыхнуў, калі яна паставіла ножку на парог, але раптам твар яго асвятліўся радасцю: раней як схавацца за дзвярыма, дзяўчынка азірнулася і кінула праз плот кветку. Хлопчык падбег, спыніўся за два крокі ад кветкі, прыставіў далонь да вачэй і пачаў пільна прыглядацца ўздоўж вуліцы, нібы там з’явілася нешта асабліва цікавае. Потым падняў саломінку, паставіў яе сабе на нос, і, задраўшы галаву, пачаў хістацца з боку ў бок, каб утрымаць саломінку ў роўнавазе. Такім спосабам ён патрошкі ўсё больш і больш набліжаўся да кветкі; нарэшце наступіў на яе босай нагой, ухапіў яе сваімі гібкімі пальцамі, паскакаў на адной назе, уносячы свой скарб, і хутка схаваўся за домам. Але не надоўга — роўна настолькі, колькі патрэбна для таго, каб расшпіліць куртку і схаваць кветку на грудзях, бліжэй да сэрца, а можа і да страўніка, бо Том быў не надта моцны ў анатоміі.
Потым ён вярнуўся назад і да самага вечара вісеў на плоце, вырабляючы ўсялякія штукі. Але дзяўчынка не паказвалася, хоць Том і пацяшаў сябе надзеяй, што яна глядзіць аднекуль з акна і бачыць, як ён стараецца. Нарэшце, ён вымушаны быў пайсці дахаты, з галавой, напоўненай марамі і зданямі.
У часе вячэры ён быў у такім узбуджаным стане, што цётка толькі дзіву давалася — «што сталася з гэтым дзіцём?»
На яго добра насварыліся за тое, што ён пакалашмаціў Сіда, але ён, як відаць, зусім не пакрыўдзіўся. Ён паспрабаваў-быў сцягнуць кавалак цукру з-пад носа ў цёткі і атрымаў за гэта па руках, але зноў-жа не пакрыўдзіўся і толькі сказаў:
— Цёця, чаму вы не б’еце Сіда, калі ён бярэ ў вас цукар?
— Сід не мучыць людзей так, як ты. Каб не я, ты не выпускаў-бы з цукерніцы лап.
Цётка выйшла ў кухню, і Сід, шчаслівы, што яму ўсё дазволена, зараз-жа пацягнуўся да цукерніцы, нібы здзекваючыся з Тома. Гэта было ўжо занадта! Але цукерніца выслізнула з пальцаў Сіда, упала на падлогу і разбілася. Том быў у такой радасці, у такім захапленні, што нават стрымаў сябе і прамаўчаў. Ён рашыў не гаварыць ні слова, нават калі ўвойдзе цётка, і сядзець ціха, пакуль яна не спытаецца, хто гэта зрабіў, і тады толькі сказаць. Ён загадзя радаваўся, што «любімчыку» здорава ўляціць. Старая вярнулася і, пляснуўшы рукамі, спынілася над разбітай цукерніцай, кідаючы маланкі гневу цераз верх акуляраў. Том казаў сам сабе: «Вось яно, пачынаецца»! І ў той-жа міг ён ужо ляжаў расцягнуўшыся на падлозе. Карная рука замахнулася ўжо другі раз, але Том з плачам крыкнуў:
— Стойце! Стойце! Завошта вы б’еце мяне? Гэта-ж Сід разбіў цукерніцу!
Рука цёці Поллі замерла ў паветры. Том чакаў ад цёткі жалю і раскаяння, але яна стрымалася і толькі сказала:
Читать дальше