Праз якое паўгадзіны былі на жаданай станцыі. Паравоз стаяў як укопаны ля браняпоезда. Бачыў Міколка, што гэта наш браняпоезд. Шырокі чырвоны сцяг калыхаўся над закутым у браню паравозам.
— Хутчэй да начальніка поезда! — кінуў Міколка падаспеўшым чырвонаармейцам. Вось ён і ў начальніка, у маладога камандзіра. Той слухае яго ўважліва.
— Адразу ж давайце нам дапамогу… Неадкладна, вось зараз жа…
— Добра! — заўважыў начальнік і загадаў падрыхтаваць да адпраўкі поезд ды, акрамя таго, быць напагатове запасному эшалону. — А цяпер можна спакойна расказаць мне аб усім. І колькі немцаў… І ці ёсць гарматы ў іх… Ці цэлая пуць.
Аб усім расказаў Міколка. І аб немцах, і аб рабочай дэлегацыі, і аб сваім партызанстве…
— Ну дык ты, выходзіць, не звычайны хлапчына, а слаўны герой!
Некалі было Міколку пра сваё геройства расказваць, ды і не любіў ён пахваляцца гэтымі справамі. Камандзіра прыспешваў.
— А ў нас ужо ўсё гатова! Садзіся вось да нас у вагон, паедзем… — сказаў яму камандзір.
— Не… Мне ўжо дазвольце на ваш паравоз… Я з машыністам паеду!
— Ну што ж, бяжы на паравоз, калі ахвота!
Пабег Міколка да паравоза, але дзе ты ўзбярэшся на яго, закутага ў браню. Пастукаў Міколка, загадаў:
— Адчыняйце! Загадана камандзірам ехаць з вамі!
Паволі адсунуліся сталёвыя дзверцы. Зірнуў Міколка, і слёзы ўмомант твар укрылі: не ад страху, не ад перапалоху, ад вялікае радасці былі Міколкавы слёзы. Перад Міколкам стаяў яго бацька. Ён быў за машыніста на браняпоездзе. Падскочыў Міколка, павіс у бацькі на шыі, прынік шчакой да калючай шчаціны яго барады.
Бацька націснуў адной рукой на паравозны рычаг, другой лашчыў сына, гладзіў яго, цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку.
— Як жа гэта так, партызан мой малы? Як жа гэта так здарылася, што вас немцы ў крыўду бяруць! Ну, расказвай! — гаварыў бацька і пільным вокам углядаўся наперад, куды імчаў цяпер браняпоезд. Глуха гудзелі і перазвоньвалі металам гарматныя вежы, бранявыя бакі вагонаў ашчацініліся кулямётамі. Цяжка пастуквалі рэйкі пад паравозам. Паравоз бег, набіраючы імклівы разгон.
І калі сказаў Міколка, што зруйнавана немцамі дэпо, што білі немцы з кулямётаў па рабочым пасёлку, што забралі ў турму рабочую дэлегацыю і зверскі білі брата Паўла, — пасуравеў бацька, да болю сціснуў рычаг паравозны. Маўчаў з хвіліну. А браняпоезд імчаў. Неўзаметку ляцелі насустрач чыгуначныя вёрсты. Гудзелі гарматныя вежы, паварочваліся паволі, рыхтаваліся да сустрэчы.
— Ну што ж! Не падай духам, Міколка! — сказаў павесялеўшы бацька. — Хто-хто, а мы пераможам… Не можам іначай! Такі, сыне, закон у нас: не пераможам мы, сатруць нас з твару зямлі, змяшаюць з пылам, з крывёю… З нашай уласнай крывёю… Таму і павінны мы перамагчы!
Імчаў браняпоезд.
* * *
А рабочыя выбіваліся з апошніх сіл. Многа страт панеслі партызаны ў няроўным баі. Ужо выбілі са станцыі партызан і рабочых, ля самых штабеляў абараняліся яны ды займалі невялікую ўскраіну горада. Маўчалі партызанскія кулямёты. Шкадавалі апошніх патронаў. Каб выкурыць рабочых з ускраіны, немцы падпалілі некалькі дамоў, і вялікі пажар узняўся над горадам.
Рабочыя не здавалі апошніх сваіх пазіцый, ладзілі барыкады з дроў, забіраліся на дахі дамоў, каб зручней адбіваць налёты немцаў. Але відаць было, што перамогуць немцы, што гадзіну-другую пратрымаюцца яшчэ рабочыя і прымушаны будуць ці здавацца на нямецкую літасць, ці загінуць пад моцным кулямётным агнём. І быў ужо момант, калі дужа задумаўся дзед Астап над тым, як бы зручней вывесці людзей з небяспекі, жыццё адратаваць ім. Задумаўся на хвіліну і страпянуўся раптам. Гучнае і радаснае «ўра» страсянула паветра. Загрымелі замоўкшыя было партызанскія кулямёты, сціх на хвіліну нямецкі агонь.
Зірнуў дзед у бок ад станцыі і аж крыкнуў ад вялікае радасці. Вярстах у пяці-шасці ад станцыі імчаў браняпоезд. Ясна відаць быў чырвоны сцяг над ім. Сцяг то разгараўся чырвоным полымем, то нік у клубах чорнага паравознага дыму.
— Трымайся, хлопцы, нашы імчаць!
Акрыялі радасцю рабочыя і партызаны.
Заварушыліся немцы. Павярнулі некалькі гармат на браняпоезд. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Крактануў у адказ браняпоезд, ды як крактануў — ураз сціхлі гарматы немцаў. Пара іхніх гармат была збіта цяжкім снарадам з браняпоезда. А браняпоезд яшчэ і яшчэ — цяжка вухкала па лясах, па-над горадам. Браняпоезд біў з цяжкіх гармат.
Немцы кінуліся да пуцей, каб рэйкі ўзарваць, акапацца ля чыгункі. Але рабочыя і партызаны не пускалі іх да рэек, метка знімалі кожнага, хто памыкаўся ўскочыць на пуць.
Читать дальше