Тарасу ліха што здаецца, —
Ну, як бы ў рандзе ён сядзіць:
Хто піпку курыць, хто сьмяецца,
А іншы песьню бурудзіць.
Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць
Шаўцы багіням хадакі,
Багіні ж у начоўках мыюць
Багам кашулі і парткі.
Сатурн там, лыкі размачыўшы,
Падвіркай лапці падплятаў;
Па сьвеце добра пахадзіўшы,
Лапцей ён многа патаптаў.
Няптун на лаўцы чыніць сеці
І восьці садзіць на шасты,
Пры ім жа, мусіць, яго дзеці
Дзіравы ладзяць нераты.
Вось б'юцца Марс ды зь Геркулесам,
А Геркулес, як той мядзьведзь, —
Каб цешыць старага Зевеса,
Хахол ён Марсу добра мнець.
Зевес жа наўзніч лёг на печы,
Сярмягу ў голавы паклаў...
Ён грэў на печы стары плечы
І нешта ў барадзе шукаў.
Во перад люстрам задам меліць
І маслам мажа валасы
Ды нечым белым твар свой беліць
Вянера, знаць, дзеля красы.
Амур жа зь дзеўкамі жартуе,
Ну, проста сьмех ажно бярэ!
То ён зьнянацку пацалуе,
То хустку з галавы зьдзярэ;
То на гармоніку зайграе,
То німфам песьню запяе,
То адным вокам заміргае,
Як быццам бы каго заве.
Вось затраслася ўся гара:
Зевес на печы зварухнуўся
Зяўнуў і дужа пацягнуўся
Ды кажа: «Есьці ўжо пара!»
Тады праворна дзеўка Геба
Гарэлкі ў чаркі наліла
І, як жарон, букатку хлеба,
Прынёсшы, — бразь! — сярод стала!
Яна ў найміткі ў неба ўзята,
Каб есьць варыць і плацці мыць.
Нябось, ня дарам яе плата —
Ці ж лёгка столькіх накарміць?!
Во, з усяго сабралісь неба!
Як тараканы каля хлеба,
Багі паселі ўкруг стала,
І стравы смачны зь печы Геба
Насіць да столу пачала.
Наперш дала яна капусту,
Тады са скваркамі кулеш,
На малацэ крупеню густу
Дае ўволю, толькі еж.
І з пастаялкай жур сьцюдзёны,
А з кашы сала аж цякло,
Ды і гусяціны смажонай
Уволю ўсім багом было.
Як унясла ж на стол каўбасы,
Бліны аўсяны ў рашаце,
Аж сьлінкі пацяклі ў Тараса
І забурчала ў жываце.
Багі гарэлку піць пачалі,
З насадкі ў чаркі так і льюць!
Падпіўшы, песьні запявалі
Ну, як у рандзе, ўсе пяюць.
Бах сьп'яну пеў такі прыпеўкі,
Што аж ня можна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зеўс тым часам насьцябаўся,
Што носам чуць зямлю ня рыў, —
Ён вочы плюшчыў і ківаўся
Ды быццам нешта гаварыў.
Хоць не маё то, праўда, дзела,
Ня сьлед мне, можа, і казаць,
Любіў ён цешыць грэшна цела
Ды часам лоўка падгуляць.
Але багі такі ўсталі,
Як ўсё паелі, папілі.
Во... разам у дуду зайгралі,
Скакаць багіні пачалі.
Узяўшы хустачку, Вянера
Пайшла «Мяцеліцу» скакаць.
Прыгожа, стройна цераз меру,
Пяром ня можна апісаць.
Чырвона, тоўста, круглаліца
І вочы, як на калясе,
Як жар, гарыць яе спадніца,
Істужкі ўплецены ў касе.
Хапіўшы келішак гарэлкі,
Амур яшчэ павесялеў —
Іграць пачаў ён на жалейцы
І дзеўкам стройна песьні пеў.
Няптун з прыгожанькай наядай
Пайшоў упрысядку «казака»;
Нябось, і ў старога гада
Кроў грае, як і ў дзецюка,
А во й сам Юпітар зь Вестай, —
Пусьціўся, стары хрэн, у пляс,
Як бы жаніх перад нявестай,
Заткнуў ён рукі за паяс.
А во й Марс у новых ботах;
Ён, мусіць, ботаў не жалеў,
Бо зь німфамі скакаў да поту,
Гуляў у жмуркі і шалеў.
І кожны бог так разгуляўся,
Што аж ня можна ўдзяржаць.
А хто гарэлкі насьцябаўся,
Таго пад лаўку клалі спаць.
Калі зайграў дудар «скакуху»,
Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,
І ад парога, што ёсьць духу,
Скакаць на хату паляцеў.
Як стаў прытаптываць атопкам,
Аж рот разявілі багі:
То ён прысьвісьне, то прытопне,
То шпарка пойдзе ў кругі.
Глядзеў Юпітар і дзівіўся,
І пад дуду ў далоні біў,
У канцы к Тарасу прыбліжыўся
І так яго перапыніў:
«А ты адкулечка, прыяцель?
Зачым прыйшоў ты на Парнас?
Ты хто такі? Ты не пісацель?»
«Не, мой панок! — сказаў Тарас, —
Я палясоўшчык з Пуцявішча,
Чуць золак сёньня са двара,
Прыйшоў сюды я апаўдні шчэ,
Ды ўжо й дадому мне пара.
Ці не была б, паночак, ласка
Адсюль дамоў мяне завесьці?
Хадзіўшы па гары Парнаскай
Мне дужа захацелась есьці...»
Кіўнуў Зевес — і мігам Геба
Крупені ў міску наліла
І добрую краюху хлеба,
Сказаўшы: «Еж», — мне падала.
Крупені смачнай пахлябаўшы,
Усіх падзякаваў багоў;
Кашэль за плечы прывязаўшы,
Сабраўся ўжо ісьці дамоў.
Але зэфіры падхапілі,
Хто за руку, хто за паяс,
І, як бы птушкі, паташчылі
Яны мяне цераз Парнас.
Няслі на крыльлях, быццам вецер,
І проста прыняслі ў наш лес.
Гляжу я: мусіць, ужо вечар,
Бо маладзік на неба ўзлез...»
З тых пор Тарас ужо не ходзіць
Так дужа рана па лясах,
А дзеля гэтага не шкодзіць
Бярвеньне красьці па начах.
Дык вось што бачыў наш Тарас,
К багам узлезшы на Парнас.
Ён гэта мне апавядаў,
А я ў паперку запісаў.
Читать дальше