Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы сабраліся для таго, каб выслухаць розныя думкі.
Міралюбаў. Хіба гэта думкі? Гэта ж нейкае цемрашальства!
Вяршыла. Не трэба, Ягор Фёдаравіч. Супакойцеся.
Міралюбаў. Не магу я супакоіцца!
Папсуева (спакойна) . Я не дэмагог, Ягор Фёдаравіч. Я — рэаліст. А вы — карась–ідэаліст! Дон Кіхот!.. Вы не ведаеце ні сучаснага жыцця, ні сучасных людзей… Віктар Паўлавіч… У вас ёсць добра знаёмы дырэктар завода адпаведнага профілю?
Вяршыла. Вядома, ёсць. Сябра маленства і юнацтва. На адной парце дзесяць гадоў сядзелі…
Папсуева. Спытайце ў яго, ці возьмецца ён за выпуск гэтага вашага… керагаза.
Вяршыла (тэлефаністкам) . Злучыце мяне з Какашынскім. 64–17–31. (Здымае трубку і чакае.) Прывітанне, Леў Сяргеевіч!.. Як у цябе з загрузкай абсталявання?
Голас з дынаміка. Нармальна. Уперад не лезем і ззаду не застаемся. А што?
Вяршыла. Ці можна размясціць на тваім заводзе адзін вельмі цікавы і перспектыўны апарат? Не складаны для асваення…
Голас з дынаміка. Вага?
Вяршыла. Вага чаго?
Голас з дынаміка. Твайго апарата!
Вяршыла (прыкрыўшы далонню трубку, шэп там пытаецца) . Колькі важыць ваш апарат?
Мурашка (таксама шэптам) . Трыццаць пяць кілаграмаў!
Вяршыла (па тэлефоне) . Трыццаць пяць кілаграмаў!
Голас з дынаміка. Рэалізацыйная цана?
Вяршыла (шэптам) . Колькі арыенціровачна ён будзе каштаваць?
Мурашка (шэптам) . Не больш як трыста рублёў.
Вяршыла (па тэлефоне) . Не больш як трыста рублёў…
Голас з дынаміка. Жартаўнік ты, Віктар Паўлавіч! У мяне падлік ідзе на тысячы тон і на дзесяткі мільёнаў рублёў. А ты што хочаш мне падсунуць?
Вяршыла. Ты хоць бы спытаў, што за апарат?
Голас з дынаміка. Не мае значэння! Хоць перпетуум — мобіле. 3 мяне здымаюць скуру за тоны і мільёны!
Вяршыла. Апарат незвычайны! Дзівосны! I ўсім патрэбен! Табе таксама.
Голас з дынаміка. Гэта ўжо лірыка, Віктар Паўлавіч. Вось скажы мне асвоіць верталёт ці падводную лодку — за тыдзень асвоім. А трыццаць пяць кілаграмаў не пад сілу. Не пацягну!.. Прабач, у мяне нарада тэхнолагаў. Вітаю!
Паўза.
Папсуева. Ну што, Віктар Паўлавіч?
Вяршыла. Прадпрыемства мы знойдзем. Не ў цяжкай, дык у лёгкай прамысловасці. Пусцім па графе «тавары народнага спажывання».
Папсуева. А хто будзе заказчыкам?
Уваходзіць разгубленая Нюра .
Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч… Ніводнага чалавека! Усе кабінеты пустыя…
Паўза.
Вяршыла. А дзе яны?
Нюра. Не ведаю… Зніклі кудысьці.
Вяршыла. Як гэта зніклі? Усе?
Нюра. Усе…
Вяршыла. I члены калегіі таксама?
Нюра. I члены калегіі…
Вяршыла. Дзіўна… Можа, яны на прафсаюз ным сходзе?
Папсуева (з сарказмам) . Або на канцэрце мастацкай самадзейнасці!..
Вяршыла. Пакіньце вашы жартачкі, Тамара Цімафееўна!.. Да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, а людзей ужо няма!
Папсуева. Я не здзіўлюся, калі праз гадзіну наша міністэрства ўспыхне, як бочка з порахам! Ад кароткага замыкання, шаравой маланкі, вібрацыі ці гравітацыі! I мы ператворымся ў попел разам з гэтай (паказвае на крэсла, апарат і дынамікі) … фігай.
Вяршыла (ледзь стрымлівае сябе) . Будзем заканчваць абмеркаванне. Вы, Тамара Цімафееўна, як я разумею, — супраць?
Папсуева. Як кожны разумны чалавек на маім месцы. Катэгарычна!
Міралюбаў. Значыць, вы, Тамара Цімафееўна, — разумны чалавек? Гома сапіенс? А ўсе мы — малпы! Папугаі! Кракадзілы?! (Пачынае лічыць, каб супакоіцца.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем…
Вяршыла. Спакойна, Ягор Фёдаравіч! Не забывайце, што Тамара Цімафееўна — намеснік па пярэчаннях. I мы яшчэ раз пераканаліся, што яна не дарма есць свой хлеб…
Міралюбаў. За тое, што Тамара Цімафееўна піша «забараняю!» — у яе адны падзякі! За тое, што я пішу «дазваляю!» — у мяне адны вымовы! Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..
Папсуева (са здзекам) . Кожнаму сваё, Ягор Фёдаравіч!
Міралюбаў. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць… дзевяць… Віктар Паўлавіч! Я хацеў бы ведаць! Чаму чалавека не садзяць у турму, не вешаюць, не расстрэльваюць за тое, што ён забараняе? Чаму яго з усіх бакоў абсыпаюць падзякамі за тое, што ён губіць? Думкі! Прапановы! Ідэі! Вынаходніцтвы!
Читать дальше