Iзяслаў. Не збіраецца помсціць?
Рагнеда. Хто ж яго ведае? Але перад багамі...
Ізяслаў. Але ж дачка...
Рагнеда. Так, сын... Але перад багамі...
Ізяслаў. Я не дарэмна кажу — трэба сапраўды гэтых лясных ідалаў і тут разбурыць. Як бацька ў Кіеве зрабіў!
Рагнеда. Не, сын, ты ўжо не чапай іх.
Ізяслаў( глядзіць амаль варожа на маці ). Як знаеш!.. Бывай!.. Але новыя багі ўсё-ткі прыйдуць на змену старым! ( Выходзіць .)
Усё той жа светлы пакой. Праз многа гадоў. Княгіня ўвечары стаіць каля расчыненага акна. Няйначай, што на дварэ якраз зноў пара позняга лета. У пакоі з ёю — нянька.
Рагнеда. Забылі пра нас, нянька. Нават сын забыў. Пахавалі нас тут, як у магіле.
Нянька. Такая планіда наша, княгіня. Рагнеда. Так, планіда, будзь яна праклятая!
Чуецца, як пачынае выць недзе старая ваўчыца .
Толькі яна верная пакуль застаецца.
Нянька. Дык звер жа...
Рагнеда. Гэта я не дала яе некалі забіць Ізяславу... А вось Анею...
Княгіня слухае. I да яе прыходзіць апошні ўспамін, як цяжкі прывід: Уладзіміравы варагі ў лета 6488-е ўрываюцца ў Полацкі замак, забіваюць на вачах у Рагнеды бацьку, маці, братоў...
Канец драмы
1989
Прарок для Айчыны. Аляксандр Петрашкевіч
Гістарычная драма
Скарына Францыск .
Максім Грэк .
Жыгімонт І Стары ― кароль Польшчы і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага.
Бона Сфорца ― каралева.
Гаштольд ― канцлер.
Ян ― епіскап віленскі.
Альбрэхт ― герцаг прускі.
Вартаўнік .
Чалавек у чорным .
Маргарыта ― жонка Скарыны.
Раман ― пляменнік Скарыны.
Іван ― брат Скарыны.
Бабіч Якуб ― найстаршы бурмістр Вільні.
Астрожскі Канстанцін ― гетман Вялікага княства Літоўскага.
Гусоўскі Мікола ― паэт.
Лонгій Мацей ― павераны Скарыны.
Скаргардыян Валянцін ― бурмістр Познані.
Войт .
Лаўнікі і радцы .
I
Познань. У цеснай вязніцы на драўлянай лаве, прыкаванай да сцяны, сядзіць Скарына . Замест вопраткі па небараку лахманы. Ён паднімае галаву, прыслухоўваецца. Здалёк чуецца сумная-сумная песня.
Як было ў мамкі да тры донькі,
Да пайшлі ж яны ў бор па ягадкі.
Адна донька ўтапілася,
Другую доньку звяры з'елі.
Другую доньку звяры з'елі,
Трэцюю доньку татары ўкралі.
Скарына сціскае галаву рукамі. Лязгаюць запоры. Адкрываюцца дзверы. Уваходзіць Вартаўнік. Ён прыносіць ваду і хлеб і моўчкі падае вязню. Той бярэ прынесенае, з удзячнасцю схіляе галаву. Есць няспешна, з павагаю да вады і хлеба. Вартаўнік назірае за ім .
Вартаўнік. Чы пан зна цэнэ хлеба?
Скарына. Так, пан ведае цану хлебу...
Вартаўнік( пасля паўзы ). Валацуга?..
Скарына. Валацуга... ды яшчэ які...
Вартаўнік. Далёканька ж цябе занесла, нябога.
Скарына. Мяне яшчэ не так заносіла...
Вартаўнік. Выходзіць, пабачыў свету?
Скарына. Пабачыў, хоць і не так многа, як бы хацелася...
Вартаўнік. І дзе ж цябе яшчэ нялёгкая насіла?
Скарына. Калі мне было гадоў 14, занесла ў Кракаў да палякаў, а як споўнілася 17, падаўся я ў Капенгаген да датчан, пасля 22-х апынуўся сярод італьянцаў у Падуі, адтуль накіраваўся ў Прагу да чэхаў, у 27 вярнуўся дамоў, потым занесла мяне Вітэнберг да немцаў, у Кёнігсберг да прусакоў, а зараз, як бачыце, у Познань зноў да палякаў. Між іншым, Маскву таксама не абмінуў...
Вартаўнік( з зайздрасцю і недаверам ). Палётаў, голуб!..
Скарына. Палётаў бы яшчэ, ды крылы звязаны...
Вартаўнік( нечакана ). І ўсюды краў?..
Скарына( здзіўлена ). Чаму краў?..
Вартаўнік. Каб папрасіць, трэба ж ведаць па-нямецку, і па-дацку, і па-чэшску! А італьянцы?!.
Скарына. Я яшчэ магу прасіць па-руску, па-грэчаску, па-яўрэйску і на... латыні...
Вартаўнік( з недаверам ). Трапляліся мне прахвосты, а такіх, як ты, яшчэ не было!
Скарына. І не будзе!.. А мо ў наступным стагоддзі і народзяцца...
Вартаўнік. Але ж ты нарадзіўся?..
Скарына. Я апярэдзіў час... Гадоў гэтак на сто-паўтараста.
Вартаўнік. Прахвост няшчасны!..
Скарына( без крыўды і нават з усмешкай ).Памыляешся, шаноўны. Перад табой чэсны і... даволі шчаслівы чалавек...
Читать дальше