Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух;
Ужо сьцяг бел-чырвона-белы
Пакрыў сабой народны рух.
На бой! за шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі…
На бой! — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й бачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім.
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваёй!
Сцэна зацямняецца.
Гісторык.Пасля абвяшчэння акта аб незалежнасці Беларусі прадстаўнікі земстваў і гарадоў (сябры пераважна рускіх і яўрэйскіх партыяў) выйшлі з Рады БНР — не маглі адмовіцца ад свайго ідэалу адзінай і непадзельнай Расіі. Немцы разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят у дзень абвяшчэння незалежнасці, але нікога не арыштавалі. У пошуку кампрамісу Рада кааптавала ў свой склад дзеячоў Беларускага народнага прадстаўніцтва, якое ўзначальваў Раман Скірмунт. Гэта супакоіла немцаў (Скірмунт не раз сустракаўся з генералам Фалькенхайнам), але прывяло да крызісу, свары і расколу ў Народным Сакратарыяце, дзе перавагу атрымалі паплечнікі Скірмунта, які іх узначаліў як старшыня Народнага Сакратарыята. Найперш яны супраціўляліся перадачы зямлі сялянам і настойвалі на далейшым збліжэнні з акупантамі. Сацыялістычная афарбоўка Рады і Народнага Сакратарыята паблякла…
Сцэна асвятляецца.
За сталом на фоне бел-чырвона-белага сцяга з «Пагоняй» уладкаваўся Раман Скірмунт. На крэслах размясціліся Варонка, Лёсік, Серада і яшчэ тры-чатыры незнаёмцы. Уваходзяць Бадунова, Гарун, Смоліч, Грыб і Захарка. Скірмунт выходзіць з-за стала. Смоліч ад вітання ўхіляецца, папраўляючы сваю чупрыну, а рука Скірмунта павісае ў паветры.
Скірмунт( уладкоўваючыся за стол ). Рад бачыць шаноўнае спадарства ў зборы, бо, на жаль, даўно не бачыліся…
Смоліч( даволі дзёрзка ). Нас прывяло сюды не столькі запрашэнне пана Скірмунта, колькі абставіны ў краіне, а дакладней у дзяржаве…
Скірмунт.Для выхаванага чалавека заўвага не самая ветлівая, але ж чаго не бывае ў палітыцы…
Гарун.Відаць, мы інакш разумеем палітыку і тыя самыя абставіны ў дзяржаве…
Скірмунт( прымірэнча ). Абставіны сапраўды няпростыя. I ёсць патрэба параіцца ( глядзіць на Смоліча ) найперш з Грамадой, выпрацаваць нейкія агульныя крытэрыі паводзін і барацьбы за тую ж дзяржаву і дзяржаўнасць. Скажу не тоячыся, спробы нашы выйсці на ленінскі ўрад праз нямецкае ваеннае камандаванне, каб дамовіцца пра аб’яднанне з тэрыторыяй БНР яе ўсходніх зямель, пакуль не ўдалося. Выхад на камісара замежных спраў Расеі Чачэрына для перамоваў аб прызнанні БНР таксама не адбыўся. Затое ўдалося стварыць прадстаўніцтва БНР на Украіне, у Літве, дыпламатычныя лісты пайшлі ў Варшаву, Берн, Берлін. У Кіеве адкрылі гандлёвую палату.
Бадунова.Гэта тую, што ўжо паспела аскандаліцца?..
Скірмунт.Не буду ад вас хаваць, што мы сталі шукаць паразумення з камандуючым X германскай арміі генералам Фалькенхайнам.
Грыб.Навошта ж хаваць тое, што і так ва ўсіх навідавоку?..
Скірмунт( не зважаючы на рэплікі ). Гаворка перш за ўсё ішла пра арганізацыю тэрытарыяльнага апарата ўлады, правілаў выбараў у вёсках, валасцях, пасёлках, гарадах, губернях дзяржаўных органаў БНР і перадачы ў іх рукі акупацыйнай улады. Мы дамагліся пэўнай самастойнасці ў пытаннях гандлю, прамысловасці, аховы грамадскага парадку. Нямецкае камандаванне таксама імкнецца атрымаць у асобе Рады «пасярэдніка паміж нямецкім кіраўніцтвам і беларускім народам» — гэта словы Фалькенхайна.
Захарка.Нам здаецца, што гэтай мэты акупанты ўжо дасягнулі…
Смоліч.З вашага паслушэнства. А далей што?
Скірмунт( рэзка ўстае з-за стала ). Немцы ідуць нам насустрач! Дазволілі напісанне і выданне беларускіх падручнікаў. Працуюць курсы настаўнікаў і школьная інспекцыя, пашыраецца сетка пачатковых і сярэдніх школ. Адкрыты беларускі педагагічны інстытут! Працуе беларускі тэатр, таварыства драмы і камедыі, шэраг устаноў культуры. На беларускай мове выходзяць шэсць газет і тры часопісы, працуе 11 выдавецтваў. Адно з іх выдала і вашу кнігу вершаў, шаноўны Алесь Гарун.
Гарун.Усё пералічанае, пан Скірмунт, мела месца пры нас і да вас у гэтым крэсле.
Читать дальше