Гэта - маленькая частачка хронікі
ў допісах прэсы.
Наша рэальнасць. На стыку стагоддзяў
і тысячагоддзяў
Іншай не здолелі мы забяспечыцца -
цешымся гэтай.
Іншая спее ў яшчэ не набухлых
пупышках свабоды.
ПАМЯТКА ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ ДЗЕТАК
Памятку гэту, гекзаметра складам
антычна-раскошным,
Вам я на роздум і ўжытак пішу,
даражэнькія дзеткі.
Ведайце: шмат развялося людцоў на
зямлі беларускай,
Што нашу мову драпежаць і нас за
яе ненавідзяць.
"Ну, а чаму?"- запытаеце? Дзве
назаву я прычыны:
Першая - гэта іх чорная і
неадольная зайздрасць,
Што незвычайна прыгожаю моваю
Бог надзяліў нас -
Наймілагучнай, найчыстай у
моўным букеце славянства.
Спевам анёльскім чароўным гучыць
яна ў вусенках вашых,
Як запяеце вы, дзетачкі, родную
песню... Дык вось жа -
Іх і даймае нялюдская зайздрасць,
не могуць змірыцца:
Як гэта нам дасталася такая
цудоўная мова ?!
Ну, а другая прычына, што многіх
кідае ў шаленства,
Гэта - іх злосць ад бяссілля,
ад немачы розуму й духу:
Надта ж багатая і дасканалая
ў гуках і ў сэнсах
Наша вячыстая мова!
Каб ёю як след авалодаць -
Розум патрэбен не куцы,
і талент, і чуйнае вуха.
Слабым глуздамі няздарам яна
недаступная, - гэтак,
Як не па сіле складаны і тонкі
інструмант музыку,
Што балдавешкаю бухае-б 'е
ў барабан велічэзны...
Вось і запомніце, дзеткі,
і ведайце-знайце прычыны
Злосці-нянавісці гэтых няшчасных...
I дзякуйце Богу,
З ласкі якога мы ўласную маем
Краіну і Мову.
Ну і рабіце высновы. Якія ?
Падумайце самі.
Ведаў: будзеце зноў і хлусіць,
I віляць перад праведным словам,
А я зноў буду Бога прасіць,
Каб яно на здароўе пайшло вам.
Разумею ваш клопат, браткі, -
Разумею і крыўды не маю:
Гэта лёс, гэта вырак такі -
Мой, і ваш, і няшчаснага краю.
Добра ў зацішку, на сонейку
Пасядзець. Ой, як добра!
На істот жывых спакойненька
Паглядзець. Надта добра!
На казюлечку-мурашачку
У траве. Ой, як добра!
Вунь як рада малюпашачка,
Што жыве! Як ёй добра!
Паглядзець на гулі шлюбныя
Матылькоў. Надта добра!
Сэнс жыцця - у гэтым, любыя.
З век вякоў. Ой, як добра!
БАЛАДА ПРА ВАНЬКУ I МАНЬКУ
Ванька і Манька,
Каб не псаваць
Адносін з багатай суседкай,
Рашылі ёй хату сваю аддаць
I жыць у яе пад паветкай.
Ну й ідыёты!
Як жыцьмуць яны там?
Вядомая рэч:
Зімою заенчаць абое:
"А дзе ж наша хатка?
А дзе ж наша печ?
А што ж мы зрабілі з табою?
Ну й ідыёты!"
Пасля акалеюць.
I прыме іх дол.
I крыж ім паставяць з паметкай:
"Ванька і Манька.
Мелі свой дом,
А ўмёрлі ў людзей пад паветкай.
Ну й ідыёты!"
Беларус!
Ты і дужы, і зграбны,
І кемны, і ў працы не зломак.
Дык чаму ж
Ты жывеш, як бяздарны,
Нікчэмны лайдак-пустадомак?
Дзе твой дух?
Дзе твой гонар? Твой голас?
Твой чын беларускі?
Ці ты гакнеш...
Ну хоць кулаком па стале -
Каб на дробныя друзкі!?
Госпадзе Божа,
Навошта,
Навошта ты ўзяў мяне ў сведкі -
Бачыць, як з роднае Маці
Знушчаюцца вылюдкі-дзеткі?
Як выглумляюцца,
Як ёй у вочы плююць,
Супастаты-блюзнерцы,
Як намагаюцца,
Найбалючэй каб
Ударыць няшчаснай у сэрца...
Госпадзе Божа,
За што мне,
За што мне такая пакутная кара -
Каб адыходзіў я
З гэтага свету
Пад гогат агідных пачвараў?
Хай бы я лепей
Не чуў і не бачыў,
Не знаў і не ведаў такога!
Хай бы Ты лепей
Забраў да сябе мяне, Божа,
З калыскі - малога.
Восем іх у мяне - аж восем! -
Розных парод і масцей сабачых:
Чорны, жоўты, руды і перапалосы,
I нават якіх я ў натуры не бачыў -
Якісь кармазынавы і фіялетавы,
I светлаблакітны, як неба ў сонцы...
Хто яны ў хаце? Сябры паэтавы,
Заступнікі верныя і абаронцы.
Вунь які ў кожнага від харобры -
Ні ў аднаго не падтулены хвосцік.
I крый Бог, калі нехта нядобры
У масцы добрага прыйдзе ў госці!
Читать дальше