З часоў прыгону
Скончыўся дзень працы,
Сонейка зайшло,
Вечарок асеньні
Сходзіць на сяло.
Станавяцца ў хатах
Дзяды па кутох,
Час агонь паліці,
Ночкі цень залёг.
Пук лучынак ёмкі,
Дзяўчынка, нясі,
Пры сьвятле іх будзем
Гутарку вясьці.
Раскажу вам тутка
Здарэньне адно, –
За часоў прыгону
Здарылась яно.
Слухаць толькі ўважна,
Не перабіваць.
Сьціхлі. Ладна! Толькі
З чаго б тут пачаць?
Гэй, думка ўдалая,
Ты мяне нясі
Па роднай старонцы –
Па Белай Русі!
Нясі ў час мінулы,
Як горасна тут
Год таму з паўсотні
Жыў наш бедны люд.
Сьмерць ішла ня ў часе,
Дый не к аднаму,
Жаліцца ў няшчасьці
Не было каму.
На бяду і гора,
На сьлёзы і жаль
Паншчына спраўляла
Свой прадсьмертны баль.
Хоць мінуў даўно ўжо
Час той – ліхадзей,
Але не мінула
Памяць у людзей.
Сярод гор пясчаных
Ды панскіх лясоў
Расьселася вёска
Зь якіх хат са сто.
Жыве ў гэтай вёсцы
Душ якіх зь пяцьсот, –
Працуе на пана
Ўвесь гэты народ.
Пан што хоча робіць.
Грозен яго кнут,
Лье пот, кроў і сьлёзы
Зацяганы люд.
За віну малую
Розгамі сякуць,
За праступак большы
Ў рэкруты здадуць.
Бацька робіць «дзела»,
Ў салдатах сынок,
Бярэ за каханак
Пан жонак, дачок.
Вось у гэтай вёсцы,
У сям'і аднэй,
Вырасла дзяўчына,
А ўсіх прыгажэй!
Звалася Аленай
Дзяўчынка-душа,
Ну... і пакахала
Шчыра Тамаша.
I Тамаш Алену,
Ой, не ад таго;
Сказаць пра іх любасьць
Можна шмат чаго.
Любіліся шчыра
Пара галубкоў,
Дый ня мелі шчасьця
Для сваіх галоў.
Бор над іх бы доляй
Плакаў і шумеў...
Аленку-красуню
Пан на воку меў.
Раз, пекна прыбраўшысь,
Быццам на кірмаш,
Пайшлі ў двор да пана
Алена й Тамаш.
Прыйшлі. Пан к ім выйшаў,
А яны да ног:
«Пазволь пажаніцца
Нам, ясны панок!»
«Жаніцеся! – што ж там... –
Кажа пан з двара. —
Калі ж будзе шлюб ваш?» –
«Панок, на Пятра».
Як прыйшлі, йдуць нашы
Дамоў жаніхі.
Весела варкочуць...
Пан добры такі.
I няўцям ім, бедным,
Што за імі ўсьлед
Ліха злое пхнецца
I натворыць бед.
Грыміць палац белы –
Ў пана йдзе банкет,
Гуляе магнаціва
Гулка, на чым сьвет.
Сталы паўнютэнькі
Яды дарагой,
Дарагія віны
Ліюцца ракой.
Бяз сораму жарты
У п'яных пайшлі,
Аж іх жонкі, дочкі
Са стыду ўцяклі.
I гэтага толькі
Хацеў зброд п'яны.
– Дзевак сюды! Дзевак! –
Крыкнулі паны.
Гаспадар гасьцінны
Ўгадзіць рад гасьцям. –
Тут Алену ўспомніў,
К якой лас быў сам.
А Тамаш з Аленай –
Муж і жонка ўжо –
I ад шлюбу едуць
Роднаю мяжой.
Дамоў едуць хутка,
Ён штось шэпча ей,
Яна вочкі спусьціць,
Стане ружавей.
Але не пашэньціць,
Мабыць, маладым:
Кепскія варожбы
Пападаюць ім.
Перабег дарогу
Заяц разы два,
Груган закружыўся,
Гукнула сава.
З трывогай друг к дружцы
Маладыя льнуць...
Каб хаця ім, бедным,
Злых прыгод мінуць!
Вечар. Ціха ў вёсцы,
Раптам грук такі!
Гоман. Коней ржаньне,
Бразгаюць званкі.
Ўехала дружына –
Той цьвяроз, той п'ян, –
Сходзяць маладыя
На белы дыван.
Выслана да хаты
Сьцежка палатном,
Ідуць маладыя
За ручку ўдваём.
Бацька з маткай века
Ад дзяжы дзяржыць,
А на ім – гарэлка
I хлеб-соль ляжыць.
Музыка марш грае,
Аж трасецца пол.
Пад векам дружына
Йдзе ў хату за стол.
Малады на куце
Ўсеўся з маладой,
Побач – асістэнты
Падрад чарадой.
П'юць, ядуць, гамоняць,
Смутку ані-ні,
Скрыпачка заводзіць,
Кліча да гульні.
Мілая пацеха
Ў вочах маладых
Сьвеціцца, як сонца,
Аж б'е жар ад іх.
Раптам – дзіва! зь дзесяць
Панскіх гайдукоў
Улятае ў хату,
Як дзікіх зьвяроў
Читать дальше