Знакаміты спецыяліст па славянскаму язычніцтву, рускі акадэмік Б. Рыбакоў піша: «У славянскім фальклоры заяц занімае асаблівае месца. Заяц табуяваны; яго нельга ўжываць у якасці ежы; калі заяц перабяжыць дарогу, неабходна вярнуцца. Зайца нельга згадваць, плывучы па вадзе, бо вадзянік усчыніць буру і г.д. У Іпацьеўскім летапісе ёсць паведамленне пра літоўскага заячага бога Дыверыкзе… Заяц разумеўся славянамі ды літоўцамі як прадстаўнік нядобрага пачатку, што і тлумачыць яго ролю ў казках — заяц ахоўвае Кашчэя, яго смерць» [94, 334].
Такога кшталту стаўленне да зайцоў мы тлумачым уплывам на славянскую міфалогію семіцкай міфалогіі, у якой заяц, як і свіння, — нячыстая жывёла. Вядома, што радзімічы — продкі пэўнай часткі беларусаў — у ІХ — Х ст. выплочвалі даніну Хазарскаму каганату, дзе дзяржаўнай рэлігіяй быў іудаізм і адкуль магла прыйсці на нашу зямлю ідэя негатыўнасці зайца.
У сваю чаргу, яўрэі адмовілі зайцу ў станоўчай сутнасці, магчыма, у процівагу сакральным каштоўнасцям пераважнай большасці насельніцтва Хазарскага каганата — цюркаў, паколькі вядома, што ў цюркскіх народаў заяц — такое ж увасабленне жывёльнага царства зямлі, як лягушка — падзем’я, а сава — неба, інакш кажучы, гэта глыбокі этнічны сімвал.
З другога боку, у нашых славянскіх казках, уласна кажучы, нідзе не акцэнтуецца ўвага на адмоўных якасцях зайца. Больш за тое, заяц у некаторых варыянтах чарадзейных казак пра Кашчэеву смерць нават дапамагае герою: напачатку мядзведзь як самы магутны у жывёльным свеце нашых лясоў выварочвае дуб; з куфэрка, размешчанага на дубе, выскоквае заключаны там заяц, але яго даганяе некалі выратаваны Іванам іншы заяц (хутчэй за ўсё, яго татэмны продак) і разрывае кашчэевага зайца. З таго вылятае качка, а яе ўжо, у сваю чаргу, даганяе арол. З разарванай качкі яечка падае ў мора, а дастае яго шчупак. Тут ўсё ясна, акрамя аднаго: у апазіцыі розныя стыхіі прадстаўляюць розныя істоты, і толькі зайца даганяе заяц жа, даючы падставу гаварыць пра амбівалентнасць нашага героя. Ці можа быць, не было ва ўяўленнях старажытных славян жывёлы больш хуткай на нагу, чым заяц? Сапраўды, у сярэднявечнай Еўропе заяц робіцца алегорыяй хуткасці і вернай службы. «На многіх гатычных пахавальнях ён паўстае менавіта ў такім кантэксце» [53, 205]. Хоць можа быць і іншае тлумачэнне. Уявім, што ўвесь казачны эпізод з кашчэевай смерцю сімвалізуе нейкія касмічныя працэсы (магчыма, катастрафічныя) і аб’екты. Заяц з глыбокай старажытнасці ўвасабляе Месяц. Два зайцы — два месяцы на небе, але адзін раздзяляецца на часткі (узрываецца —?) і гіне.
Чаму ж усё-такі ў народзе грэбліва ставяцца да зайца (як і да рыбы сама) і ў некаторых рэгіёнах не ядуць яго? На гэты конт нідзе ў навуковай літаратуры тлумачэнняў няма, ды і ўвогуле пра зайца гаворыцца надзвычай мала. Адну з магчымых версій мы прывялі: уплыў яўрэйскага народа, з якім беларусы доўга жывуць побач. Другая версія — таксама наша ўласнае тлумачэнне: казкі пра жывёл склаліся намнога раней, чым чарадзейныя казкі, і вось тады заяц, як і многія іншыя звяры, быў татэмам. Магчыма, шматлікія казкі пра мядзведзя, ваўка, лісу, зайца перадаюць не сапраўдныя якасці гэтых жывёл як біялагічных істот (воўк, напрыклад, зусім не дурны, як у шмат якіх казках, а надзвычай разумны звер), а характарыстыкі тых плямён, родаў, сем’яў, якіх яны татэмістычна персаніфікуюць. Возьмем вядомую ўсходнеславянскую казку «Заяц, певень і ліса». Тут у зайца была лубяная хацінка, а ў лісы ледзяная. Вясною хацінка лісы растаяла, і яна заняла зайцаву, яго ж самога выгнала, і ніхто з магутных звяроў не змог яму дапамагчы — толькі певень [75, І, 26–27]. Тут, як нам здаецца, гаворка ідзе пра барацьбу розных плямёнаў, прычым ліса ўвасабляе фіна-ўгорскі этнас, заяц — той неалітычны народ, які жыў на еўрапейскай тэрыторыі да прыходу індаеўрапейцаў, певень жа — тыповы арыец. Сказанае здаецца жартам і, сапраўды, напалову жарт, але, з другога боку, інакш не растлумачыш казачную спецыфіку, псіхалогію міфалагічных персанажаў. І ў беларускіх казках, насуперак тэзісу Б. Рыбакова, заяц выклікае шкадаванне, а зусім не адмоўную рэакцыю. Гэта таму, што ён увасабляе этнас, паглынуты іншым, больш пасіянарным, этнасам. Але табу на харчаванне татэмнай жывёлай засталося.
А вось у Польшчы захавалася, відаць, надзвычай старажытнае паданне пра Мацёрых Зайцоў у сакольскіх лясах, якія не паддаваліся нікому і самі палохалі паляўнічых, валодаючы магіяй, уменнем ператварацца ў розныя іншыя істоты [85, 298–300]. Падобнага кшталту легенда магла скласціся менавіта ў час актыўнага заваявання індаеўрапейцамі Еўропы, дзе яны сустрэлі моцнае супрацьдзеянне з боку мясцовых плямёнаў.
Читать дальше