4. Прывядзіце ўласныя прыклады праяўленняў татэмізму ў культуры.
Анімізм як тып светапогляду дагістарычнай эпохі
Анімізм — вера ў існаванне духаў, адухаўленне сілаў прыроды, жывёл, раслінаў, прыпісванне ім розуму. Анімізм фарміраваўся паралельна з татэмізмам, арганічна вырастаў з яго, хоць некаторыя даследчыкі лічаць анімізм больш позняй з’явай.
Першабытныя людзі адухаўлялі літаральна ўсё: не толькі магутныя касмічныя сілы, прыродныя стыхіі, але і адметнасці рэльефу, дробныя прыродныя аб’екты — раўчукі, валуны, дрэвы. Усё мела душу, магло адчуваць і дзейнічаць — нават знешне нежывыя, нерухомыя аб’екты. Рэшткі такіх уяўленняў трывала захаваліся ў фальклоры, напрыклад, вера ў тое, што на Купалле дрэвы размаўляюць і перамяшчаюцца. Але сёння і навука пацвярджае старажытныя меркаванні. Напрыклад, з дапамогай прыбораў даказалі, што расліны маюць своеасаблівую нервовую сістэму, актыўна рэагуюць (нябачна для людзей) на знешнія раздражняльнікі. Жывымі з’яўляюцца крысталы. Вада — жывая і надзвычай інфармацыйна ўмяшчальная істота (у беларускіх замовах яна называецца ўласнымі імёнамі КАЦЯРЫНЫ і УЛЛЯНЫ). Больш за тое, сама планета Зямля, як пішуць сёння, — жывая істота, безумоўна, вельмі своеасаблівая. Яна помсціць за непачцівыя да яе адносіны, якія характэрны для людзей так званага «цывілізаванага грамадства». А вось нашы продкі ставіліся да ўсіх праяў прыроднага жыцця з павагай, бераглі і ахоўвалі іх.
Кожны аб’ект прыроды мае душу — гэтым ён падобны да чалавека. У анімістычных уяўленнях рэалізуецца прынцып усеагульнай гармоніі, людзі адчуваюць сваю роднасць, скажам, з дрэвамі. Дрэвы, дарэчы, былі таксама татэмамі, напрыклад, у індзейцаў Амерыкі, у аўстралійскіх абарыгенаў. Уяўленні пра дрэва-продак захавалася ў міфах. Напрыклад, прыгажун АДОНІС, каханы багіні ВЕНЕРЫ, нарадзіўся ад ЗЕЎСА і дрэва МІРЫ. Было і наадварот: расліна — ад чалавека, бо ў яе пераходзіць яго душа (міфы пра самазакаханага НАРЦЫСА або німфу ДАФНУ, што адвергла каханне АПАЛОНА і ператварылася ў дрэва лаўр). Такія вераванні спрыялі пашырэнню сярод людзей імёнаў, якія паходзяць ад назваў дрэў, кветак (Міра, Ружана, Лілея, Маргарыта).
Сувязь паміж чалавекам і дрэвам ярка адбілася ў народнай культуры. У беларусаў быў звычай: калі бацькі аддавалі дачку замуж далёка ад дому, маці каля хаты саджала каліну і па яе росту, квітненню меркавала, як жывецца дачцы ў далёкай старонцы. Тэлефонаў жа тады не было, а дрэва нейкім таямнічым чынам перадавала інфармацыю. У народных казках і ў побыце нашых продкаў павялыя дрэвы, кветкі сведчылі, што герой ці гераіня памёрлі або ім пагражае небяспека. Шырока вядомы ў рускай культуры такі факт: у сенатара і рэктара Акадэміі мастацтваў Аляксея Аленінабыло некалькі сыноў і дачка Ганна (да яе сватаўся Аляксандр Пушкін). Калі яны нараджаліся, у іх гонар у падмаскоўным маёнтку саджалі дрэўцы. Дзеці ведалі, што гэта іх як бы браты, даглядалі іх, сачылі за ростам. Калі адзін з сыноў сенатара загінуў у вайне, дубок, яму прысвечаны, тут жа засох. Яшчэ не прыйшла вестка, а родныя ўжо ведалі пра трагічную падзею. У многіх народаў свету і па сёння жывы звычай саджаць дрэвы, калі нараджаецца дзіця: яблыню, грушу, каліну, кедр, сасну.
Анімізм аказаў велізарны ўплыў на метафарычнасць мовы, на фарміраванне паэтыкі фальклору, а затым і літаратуры . Большасць тропаў — параўнанняў, эпітэтаў, метафар — вынікаюць з адухаўлення прыроды. У аснове так званага паэтычнага паралелізму ў фальклоры — парнасць уяўленняў, звязаных па частках, па катэгорыях дзеяння, прыкметах і якасцях. Напрыклад:
Не белая лябёдачка
Ваду памуціла,
Няшчасную дзяўчыначку
Доля замуж заключыла.
Або ў рускай песні:
Ах, кабы на цветы не морозы,
И зимой бы цветы расцветали.
Ах, кабы на меня не кручина,
Ни о чем бы я не тужила.
Надзвычай вытанчаныя параўнанні ў кітайскай паэзіі:
Мы прощались с тобой,
И снег был похож на цветы,
Ты сегодня вернулся,
А цветы так похожи на снег.
Найбольш распаўсюджаны ў фальклоры двухсастаўны паралелізм. Але часты і аднастастаўны як вытворны ад двухсастаўнага. Як ён утвараецца? Некаторыя сімвалы сталі настолькі прывычнымі, што тая частка, дзе распавядаецца пра чалавека, можа адсутнічаць: чытачы і слухачы і так зразумеюць, пра што гаворка. Прыкладам можа быць вядомая руская народная песня (у яе, праўда, ёсць аўтар — Іван Сурыкаў) пра рабіну, што хоча да дуба перабрацца: ясна, што маюцца на ўвазе адзінокія людзі. Каліна ў беларускім фальклоры — сімвал цнатлівасці, чысціні, прыгажосці. Сокал, голуб, галубка, лебедзі ў вясельнай паэзіі — жаніх, нявеста. У кітайскай паэзіі сімвал расстання — адлятаючыя гусі.
Читать дальше