У 1586 годзе памёр Сьцяпан Батура. Кожная з дзьвюх узаемна сабе варожых польскіх партыяў: Замойскага і Збароўскіх — імкнулася правесьці на каралеўскі пасад свайго кандыдата. Замойскі пратэгаваў сына швэдзкага караля Яна III і Кацярыны Ягелёнкі — Жыгімонта Вазу; Збароўскія выстаўлялі контркандыдатуру брата цэзара Рудольфа II, маладога і амбітнага Максымільяна. Гэтай апошняй кандыдатуры спрыяла Літва і перадусім Радзівілы. Сапега, паводле некаторых гісторыкаў, трымаўся кандыдатуры Жыгімонта Вазы і сваім уплывам спрычыніўся да выбару апошняга на каралеўскі пасад. Аднак, з гэтым трудна згадзіцца дзеля наступных прычынаў. Перш за ўсё Сапега ў часе выбару Жыгімонта Вазы яшчэ ня меў вялікшых уплываў і тым больш сярод грамадзянства Вялікага Князьства, каторае трымалася кандыдатуры Максымільяна. Па-другое, калі-б і згадзіцца з тым, што Сапега спрычыніўся да выбару Жыгімонта III, дык незразумелымі былі-б варожыя адносіны да яго новага Гаспадара, якія асабліва востра выступалі ў першыя гады панаваньня Вазы. Па-трэцяе — трудна дапусьціць, каб Сапега, апіраючыся на Радзівілаў, адважыўся адкрыта выступіць супраць сваіх апякуноў. Хутчэй трэба дапусьціць, што, калі Сапега і не стаяў за кандыдатуру Максымільяна, дык у кожным прыпадку ніякая з дзьвюх кандыдатураў яго асабліва не прыцягала.
У першыя гады свайго панаваньня новы гаспадар паказваў варожыя адносіны да Вялікага Князьства і вялікую непрыязьнь да Сапегі, палажэньне каторага пры двары было вельмі цяжкое. Гэта выразна бачыцца з пісем Сапегі да віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла, у якіх ён скардзіцца, што з яго зрабілі не падканцлера, а «пісарчука», і што кароль раней, чымся даць адказы на яго дэзыдэраты, доўга нараджаўся з палякамі. Гэтак у пісьме з 31-га студзеня 1588 году Сапега піша: «Вельмі перамогай над Максымільянам узмацніліся паны палякі і асабліва народу літоўскаму зрабіліся гардымі, кажучы: каб гэта навіна прышла перад заканчэньнем нашых справаў літоўскіх, не дазволілі-б нам ані нашых постулятаў, ані супакою, ані паловы Інфлянцкае зямлі. Пан Асецкі, пасол ад войска, іменем гэтмана і ўсіх жаўнераў даказваў, што мы да зямлі Інфлянцкае нічога ня маем, і досыць ушчыпліва народ літоўскі ўспамінаў, чаго мы ня хочучы слухаць, бо нам у спрэчкі з імі аб гэтым удавацца не гадзілася, пайшлі прэч, няхочучы даслухаць гэтага іхняга пасольства. Вакансіі літоўскія ўсе разданы перш, чымся мне аб іх з каралём прышлося гутарыць, ды і радзіцца мяне не хацеў». А ў пісьме з 17 лютага 1588 г. Сапега піша: «Кароль казаў, што больш паляком павінен, чымся Літве, бо яму палякі больш жычлівасьці паказалі, як Літва. I ня толькі гэтак кажа, але і робіць. Ужо там больш палякі ў нас дастаюць, чымся сама Літва; ліцьвіну зараз адмовяць, а паляку зараз дадуць[ 61 ]. Дзеля гэтага азнаймляю Вашай Міласьці, што, як толькі штось адчыніцца ў Літве, дык усё паляком хоча даваць»[ 62 ].
Сапега просіць Радзівіла пісаць аб усіх дэзыдэратах, каб мог: «апіраючыся на іх, з рэзультатам пратэставаць перад каралём, бо самому цяжка бароцца з Панам і панамі палякамі, каторыя лісьлівасьцю сваей Жыгімонту хочуць спадабацца. Апіраюся, як кот на лёдзе, але калі ня буду магчы, хіба што з якойсь пратэстацыяй гэтак сама ад'еду дамоў». А ў пісьме з 7 чэрвеня 1588 г. Сапега яшчэ выразьней піша аб адносінах да яго асабіста і ўсяго літоўскага народу новага гаспадара. Трэба зацеміць, што пісьмо гэтае было выклікана і двумя іншымі фактамі, маючымі гістарычную цікавасьць. Пайменна, Сапега жалее, што Радзівіл, прыймаючы ўчасьце ў вывязеньні цела Сьцяпана Батуры з Горадні. дзе ён памёр, адвёў жалобны кондукт толькі за мост, тады, калі, паводле Сапегі, трэба было адвесьці да граніцаў Вялікага Князьства. Апрача гэтага, Сапега апісвае абурэньне караля і асабліва каралевы з тэй прычыны, што Радзівіл затрымаў усе кляйноты Сьцяпана Батуры і ня выдаў іх новаму каралю. Пераходзячы-ж да адносінаў між ім і Жыгімонтам III, піша: «Ня толькі я, але і ўвесь народ наш ёсьць у вельмі лёгкім паважаньні ў караля; жыву тут толькі дзеля формы; аўдыенцыі ніяк не магу дабіцца і не хачу больш падноскаў абіваць».
У пісьме з 15 ліпня 1588 г. Сапега, адказываючы на пытаньне Радзівіла, што «кароль здаецца ўжо лепш адносіцца да нашага народу», заўважае скептычна, што ён «гэтага не абсэрваваў, а наадварот з рэспонсу пану Мінскаму відаць, што кароль жалее таго, што каліколечы зрабіў ліцьвіну. Не хачу быць рrо formа пры двары і ўраду свайго наражаць на зьнявагі, бо ўрадуе камора, а ўраднікі ёсьць непатрэбнымі».
Читать дальше