Аднак ёсць падставы сцвярджаць, што першапачаткова Жамойць (на польскі лад — Жмудзь) была прылічана да Літвы ў палітычным, а не ў этнічным сэнсе: як тэрыторыя, што належала князям літоўскага паходжання. У Жамойці меліся такія ж тэрытарыяльныя адзінкі, як у землях самастойных балцкіх народаў (Цекліс, Коршаў і інш.), што дазваляе лічыць яе насельніцтва не малым племенем, а асобным этнасам, некалі заваяваным літоўцамі. Аб гэтым выразна сведчаць і археалагічныя дадзеныя: на тэрыторыі сучаснай Літвы ў XIII стагоддзі існавалі два розныя культурныя арэалы: заходні і ўсходні. Першы, які амаль супадаў з тэрыторыяй Жамойцкай зямлі больш позніх часоў (хіба што быў крыху большы за яе), вызначаецца выключна грунтовымі пахаваннямі без курганных насыпаў. Другі ахопліваў усходнюю палову сучаснай Літвы і прылеглыя часткі Беларусі (да возера Нарач, Налібоцкай пушчы і правабярэжжа Немана у раёне Ліды). Гэта была тэрыторыя культуры так званых усходнелітоўскіх курганоў — бясспрэчна балцкай паводле пахавальнага інвентару, але з выразнымі адрозненнямі ад грунтовых могільнікаў Жамойці.
У Беларусі мяжа распаўсюджання культуры ўсходнелітоўскіх курганоў прыкладна супадае з мяжой арэалу тыпова літоўскай тапанімікі (вёсак з назвамі на -ішкі, -аны, -ёны). Цэнтр яе знаходзіўся якраз там, дзе ўзніклі важнейшыя палітычныя цэнтры Літвы — у раёне Кернава, Вільна, Трокаў. Адным словам, менавіта гэтую тэрыторыю трэба лічыць тэрыторыяй летапіснай Літвы, што падраздзялялася на шэраг княстваў: Упіту, Дзевалтву, Нальшаны і, магчыма, нейкія іншыя. Паказальна, што ў адрозненне ад Жамойці названыя княствы не маюць выразных адрозненняў у агульным арэале ўсходнелітоўскіх курганоў.
Самі літоўскія князі, а разам з імі і крыжацкія храністы ў якасці сіноніма Літвы ўжывалі тэрмін "Аўкштайція" ці "Аўкштота" (рускія летапісы такога тэрміна не ведаюць). Магчыма, ён меў вузкаэтнічны сэнс і быў утвораны штучна па аналогіі з Жамойцю ("Жэмайція" па-літоўску азначае "ніжняя", "Аўкштайція" — "верхняя"). Каб падкрэсліць свае правы на Жамойць, літоўскія князі пазней, у XV стагоддзі, сцвярджалі, што жамойты і аўкштайты — дзве непарыўныя часткі адзінага літоўскага этнасу. Пазней яны і сапраўды зліліся ў адзін этнас, хаця XIV—XV стагоддзі прайшлі пад знакам выразнага жамойцкага сепаратызму. Польскі гісторык Ян Длугаш у XV стагоддзі адзначаў, што "літоўцы, самогіты (лацінізаваная форма назвы жамойтаў.— В. Н.) і яцвінгі, хаця мелі розныя найменні і падзяляліся на шмат родаў, утваралі тым не менш адзінае цэлае", прычым з-за падабенства пэўных моўных рыс выводзіў іх паходжанне ад рымлян і італікаў.
Зразумела, этнічная мяжа паміж Літвой і заходнімі землямі Русі, што праходзіла прыкладна па лініі Браслаў—Паставы—Смаргонь—Ліда (далей Русь межавала з яцвяжскім племенем дайнава), не была падобнай на сучасныя кардоны. З абодвух бакоў яе перасякалі плыні міграцыі: асобныя літоўскія сем'і сяліліся на рускіх землях, а рускія — на літоўскіх. Міграцыя полацкіх крывічоў асабліва актыўна ішла ў басейне нёманскага прытока Бярэзіны (там узнікла сяло з характэрнай назвай Палачаны, ды і іншыя вёскі ўжо ў XV стагоддзі мелі амаль выключна славянскія назвы), а таксама ўздоўж Віліі. Крывіцкае паселішча XII стагоддзя знойдзена нават на тэрыторыі сучаснага Вільнюса недалёка ад датаванага тым жа стагоддзем літоўскага. Мяркуецца, што назва аднаго з віленскіх замкаў — Крывы горад — магла паходзіць ад этноніма крывічоў.
Пазней, пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, славянская каланізацыя берагоў Віліі яшчэ больш узмоцніцца і прывядзе да амаль поўнай беларусізацыі Віленскага краю ў XIX стагоддзі. Але пакуль што, на момант нашага разгляду, рускі кампанент на тэрыторыі старажытнай Літвы не адыгрывае істотнай ролі.
Адначасова са славянскай каланізацыяй Літвы самі літоўцы прасоўваліся на землі панямонскіх княстваў (а магчыма, рускія князі сялілі іх там у якасці ваеннапалонных). Шэраг вёсак з назвай Літва ў вярхоўях Нёмана мае менавіта такое паходжанне.
М. Ермаловіч, мяркуючы, што гэтыя назвы акрэсліваюць асноўную тэрыторыю летапіснай Літвы, ігнаруе адзін з асноўных законаў тапанімікі: назву Літва вёска не магла мець там, дзе ўсе населеныя пункты літоўскія, а толькі ў іншамоўным асяроддзі. Дарэчы, пры такім падыходзе летапісная Літва трапляе ў абшар неўрадлівых пясчаных глебаў, лясоў і балот, у тым ліку вялізнай Налібоцкай пушчы. Ядром этнасу, тым больш такого актыўнага, як старажытная літва, гэтыя землі не маглі быць проста фізічна. Галоўнае ж, што на акрэсленай Ермаловічам тэрыторыі, як паказалі археалагічныя даследаванні, няма не тое што балцкіх, але практычна ніякіх археалагічных помнікаў, якія б датаваліся XIII стагоддзем.
Читать дальше