У 1952 годзе на канадыйскім баку вадаспада Ніягара адбылася першая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Яна была прысвечана Янку Купалу. На гэтай сустрэчы Янка Чарапук-Змагар, як прадстаўнік Ураду БНР, выступіў з прадмоваю. І такіх выступленняў і прадмоў было тысячы.
Яшчэ ў 1881 годзе ў Амерыцы была заснавана арганізацыя “Рыцары Калумба”, якая з гадамі стала міжнароднай. Янка Чарапук-Змагар уваходзіў у гэту арганізацыю і меў яе найвышэйшую 4-ю рыцарскую ступень, ступень Патрыятызму.
16 лістапада 1957 года нашага земляка не стала. Беларускі каталіцкі часопіс “Znic” (1957, № 43. С. 5) пісаў: “На святой Імшы і на праводзінах Янкі Чарапука-Змагара была амаль уся беларуская інтэлігенцыя з Чыкага… А на жалобнай вячэры чула памянуў яго генерал Дзямідаў ды іншыя”.
2006
Пра беларускую паэтку Ларысу Геніюш у нас напісана даволі шмат. А вось пра Янку Геніюша, яе мужа, чамусьці нашы даследчыкі літаратуры і гісторыі згадвалі мала. А ў 2002 годзе яму споўнілася сто гадоў з дня нараджэння. Але аб гэтым юбілеі беларускага доктара, бібліяфіла, палітыка, мужа паэткі Ларысы Геніюш ніхто не ўспомніў ні ў Беларусі, ні на яго Радзіме — Беласточчыне.
Па характару Іван Пятровіч быў розны — то спакойны, то занадта рэзкі і гарачы ў выказваннях, то чулліва-лагодны, то вясёлы. Але найперш да канца сваіх дзён ён быў і застаўся шчырым беларусам, патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Дый іншым Янка Геніюш быць не мог. Тым больш, што побач з ім, нягледзячы на ўсе пакуты, цяжкія і шматгадовыя ростані, была слынная паэтка Беларусі Ларыса Геніюш. Яны разам дзялілі свае гора і радасці, здзекі і хваляванні, трывогу і неспакой. На надмагільным помнічку ў Зэльве, які пры жыцці ставіла яму сама Ларыса Антонаўна (цяпер ім дваім творчая інтэлігенцыя Беларусі паставіла новы помнік на Зэльвенскіх могілках), былі выбіты такія радкі:
Па сонца асветы ўзлятаў, нібы птах,
З палоскі сялянскае, вузкае.
Адзін толькі ведаў у жыцці сваім шлях
Пачэсны, цяжкі, беларускі.
Янка Геніюш нарадзіўся 24 лютага 1902 года ў Крынках на Беласточчыне. Дарэчы, у Крынках пачынаецца і ўвесь род Ларысы Геніюш, якая аб гэтым успамінае ў артыкуле “Крынкі” (“Маладосць”, 1997, № 1): “Казаў мой дзед Павел, што некалі прыйшлі туды ў пушчу два браты Мікалай і Міхал, якія і залажылі Крынкі. Ад Мікалая пайшлі Міклашэвічы, а ад Міхала — Міхайлоўскія — два старыя, адвечныя роды ў Крынках”. I калі Ларыса Антонаўна Міклашэвіч выйшла замуж за Янку Геніюша, то запыталася жартам у яго: “А дзе ж ты нарадзіўся?” — “Гдзе? У Крынках!” — адказаў Янка. I сапраўды... дзе ж яшчэ можна нарадзіцца на Беласточчыне, як не ў славутых Крынках.
3 Крынак шлях ляжаў у Прагу, куды Янка Геніюш прыехаў вучыцца. Ён паступіў у Пражскі універсітэт, а пасля яго заканчэння атрымаў медыцынскую адукацыю, стаў урачом-венеролагам. У тым жа 1935 годзе ў сям’і Геніюшаў нарадзіўся сын Юрка. Пабыўшы два гады дома, Ларыса з сынам пераязджаюць у Прагу да Янкі.
Жыццё ў Празе было вельмі цікавым і разнастайным. Тут жылі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускія спевакі, кампазітары, мастакі, пісьменнікі. 3 імі ўсімі быў знаёмы Янка Геніюш, з многімі шчыра сябраваў. А яшчэ ён быў актыўным сябрам пражскага камітэта Беларускай народнай самапомачы.
Падчас акупацыі Прагі нямецкімі войскамі, са слоў Барыса Сачанкі, Янка Геніюш, “як старшыня сходу, падпісаў тэлеграму Адольфу Гітлеру ад «шчырых» беларусаў” (Барыс Сачанка. Сняцца сны аб Беларусі. Мінск, 1990. С. 24). На самой справе ўсё адбылося інакш. Вось як пра гэта ўспамінае Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі”: “Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту (Беларускай народнай самапомачы — С.Ч.). Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, не мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж (маецца на ўвазе Янка Геніюш — С.Ч.), які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі спяшаўся сюды з працы. Яму не далі яшчэ ні сесці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынёю сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж збялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў... Тэлеграму акрэсліў Ермачэнка як ад «беларусоў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сведама... Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага камітэту самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усміхаўся... I вось гэты архіў апынуўся ў Мінску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зроблена яшчэ адна подласць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашы подпісы былі выведзеныя пад капіроўку”... (Ларыса Геніюш. Споведзь. Мінск, 1993. С. 43).
Читать дальше