У бібліятэцы вельмі часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы, а таксама вучыўся ў бацькі, як трэба ўмець чытаць кнігу, ведаць яе, даследаваць гісторыю свайго краю.
У 1897 годзе сям’я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч стаў працаваць свяшчэннікам. Тут ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А ягоны сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Падтрымліваў цесныя сувязі наш зямляк і з рэдакцыямі беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”, дасылаў свае розныя допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. Найперш гэта былі інфармацыі на тэмы культуры і адукацыі. Вось што пісаў Халімон з-пад пушчы ў “Нашай ніве” 1 лютага 1908 года: “У вёсцы Кленікі Бельскага павета 12 студзеня быў тут сельскі сход аб бібліятэцы-чытальні імя Паўленкава. Сход шоў так, што стыд і сорам за яго ўсім мужыкам тутэйшым! І хто мог бы паверыць, што грамада сталых людзей паслухае аднаго п’янага мужыка? А гэта і зрабілася на сходзі, дзе слухалі аднаго п’янага мужыка, што даводзіў: “На што нам бібліятэка? Усе роўна кнігі не мае. Лепш куплю за 5 злотых псалтыр, дык будзе ў мяне назаўсягды!”. Бібліятэка-чытальня ледзьве толькі пачала шырыць вакруг свой ясны сьвет, сеяці зерне дабра, праўды і навукі. І вось ужо людзі пачынаюць таптаць гэтую вялікую работу. Выходзіць, што гутарка п’янюгі нашым мужыкам з Клебаноў і Загадзя даражэй за дзетак, каторыя бяруць з бібліятэкі кніжкі. Зразумейце, людцы, што бібліятэка будзе для вас карысна, калі яе будзеце падтрымліваць. Цяпер усяго 500 кніжак, а трэба да іх парабіць акладкі, каб не растрэсліся і не парваліся. Вось жа і сам нябожчык Паўленкаў пакінуў пасля смерці ўсё дабро і кніжкі свае, каб даваць помач народным бібліятэкам, але з тым варункам, каб і самы мужыкі давалі крыху грошай на ўтрыманне бібліятэк. Паўленкаў дае кніг больш як на 100 рублёў, калі дадуць на бібліятэку 50 рублёў самы мужыкі”.
У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Тут ён рэдагаваў “Кніжны і бібліятэчны лісток” пецярбургскай газеты “Новая Русь”, дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу.
Будучы студэнтам Яўген Хлябцэвіч выступаў на Першым Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе з дакладам “Развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі”. А калі закончыў універсітэт, працаваў інструктарам Беларускага пададдзела аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве.
У 1919 годзе наш зямляк атрымаў новую пасаду — ён стаў узначальваць бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўленне Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у Народны камісарыят асветы.
З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве і пражыў ён свае апошнія гады: яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Час прыспешвае выдаць асобнымі кнігамі працы Яўгена Хлябцэвіча па бібліятэказнаўству, а таксама пакінутыя ім успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, якіх ён ведаў і з якімі сябраваў. І яшчэ. Адна з бібліятэк на Слонімшчыне і Бельшчыне павінна насіць імя нашага слыннага земляка.
2004
У лістападзе 1997 года ў Сакольскім асяродку культуры Беларускім гістарычным таварыствам была наладжана выдатная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларусы Сакольшчыны». На ёй навукоўцы і гісторыкі выступілі з цікавымі дакладамі, прысвечанымі знакамітым людзям Сакольшчыны. На той канферэнцыі я не прысутнічаў, але ведаю, што Алег Латышонак на ёй выступаў з дакладам пра беларускага палітычнага дзеяча Янку Чарапука, якому некалі Іван Луцкевіч даў мянушку “Змагар”. Не ведаю я таксама ці друкаваў дзе свой даклад Алег Латышонак, але сёння хачу яшчэ раз згадаць пра палітыка з Сакольшчыны, пра якога варта нашым гісторыкам пісаць часцей, бо ён заслугоўвае нашай шчырай памяці і пашаны.
Янка Чарапук нарадзіўся ў 1896 годзе ў мястэчку Новы Двор на Сакольшчыне. Спачатку вучыўся ў мясцовым гарадскім вучылішчы, а пасля скончыў гімназію ў Гародні і ў 1914 годзе паступіў у Пецярбургскі універсітэт на юрыдычны факультэт.
Читать дальше