1 ...6 7 8 10 11 12 ...19 Невядома дакладна, з якіх прычын Казімір Ягайлавіч пазбягаў склікання агульнадзяржаўных соймаў. У часы Яна Ольбрахта ў гэтым плане наступілі карэнныя змены. Манарх спачатку ўдзельнічаў у сойміках, потым склікаў генеральныя соймікі і ў рэшце рэшт абвяшчаў збор вальнага сойма, у пасяджэннях якога бралі ўдзел прадстаўнікі генеральных соймікаў і каралеўская Рада. Яны збіраліся асобна. Такім чынам сфарміраваліся дзве палаты парламента. Адна з іх займела назву пасольскай ізбы, дзе засядалі прадстаўнікі шляхецкай супольнасці. У склад другой увайшла каралеўская Рада, якая ў хуткім часе стала называцца сенатам. У пасольскай ізбе бракавала прадстаўнікоў мяшчанства і духавенства. Выключэннем з’яўляўся Кракаў, але, як казалася вышэй, гэты горад не здабыў сабе такой пазіцыі, якую мелі вялікія гарады на Захадзе.
Пры такім унутраным раскладзе шмат залежала ад асобы караля. Важнымі чыннікамі былі яго актыўнасць, паслядоўнасць і вытрыманасць пры дасягненні пастаўленых мэтаў. Ян Ольбрахт быў уладаром энергічным і прадпрымальным. У яго палітычныя планы ўваходзіла паскарэнне працэсу фарміравання вальнага сойма. Заканадаўчая ўлада, праўда, фармальна належала соймікам, а сойм з’яўляўся толькі месцам, дзе ўзгадняліся іх ухвалы. Аднак у часы Яна Ольбрахта досыць відочна праявілася тэндэнцыя перавагі сойма над соймікамі. Гэта падкрэсліваў уступ да ўхвалаў Пётракаўскага сойма 1496 г. У ім гаварылася, што соймавыя паслы прадстаўляюць усё Польскае каралеўства і маюць паўнамоцтвы выступаць ад усіх шляхцічаў, непрысутных на сойме. Такая пастаноўка справы стварала магчымасць прадстаўнікам шляхты прымаць рашэнні ў дачыненні да іншых сацыяльных слаёў. Адначасова паслы былі дапушчаныя ў сферу ўладных паўнамоцтваў манарха, які з гэтых пор рабіўся рэпрезентантам дзяржавы. Можа здавацца, што гэта паслабляла становішча караля за кошт узвышэння арыстакратыі і шляхты. Аднак на практыцы стваралася магчымасць узмацнення каралеўскай улады, у прыватнасці ў адносінах да сената, дзе засядала магнатэрыя. Кароль разам з пасольскай ізбой прымаў рашэнні, звяртаючыся да меркаванняў сваіх радцаў, але не быў вымушаны ім падпарадкоўвацца. Уладару належала перадусім выканаўчая ўлада. У яго задачы ўваходзіла выкананне тых ухвалаў і пастаноў, якія прыняў сойм. А сойм цяпер вырашаў справы, якія датычылі скарбу, адміністрацыі, судовай сферы. Гэта азначала, што фактычна абшар каралеўскай улады значна пашырыўся. Відавочным было абмежаваннеўплываў урадніцкай іерархіі ў выглядзе каралеўскай Рады. Менавіта яна раней кантралявала і запавольвалаажыццяўленне каралеўскіх пачынанняў.
Іншыя ўхвалы Пётракаўскага сойма 1496 г. аказаліся не менш знамянальнымі для кансалідацыі шляхецкага саслоўя, чым згаданы ўступ да іх. Напачатку былі пацверджаны ранейшыя прывілеі шляхты. Надзвычай важнымі для агулу шляхты сталі рашэнні, прынятыя ў дачыненні да сялян. Перадусім хвалявала пытанне ўцёкаў сялян за мяжу. Было пастаноўлена, што з кожнай вёскі толькі адзін селянін зможа раз у год пакінуць месца жыхарства. На сойме таксама вырашылі, што толькі адзін з сялянскіх сыноў мог прысвяціць сябе рамяству ці навуцы. Гэтыя ўхвалы выразна мелі на мэце павелічэнне колькасці рук, здольных да працы ў сельскай гаспадарцы і, як наступства, садзейнічаць росту вытворчасці ў шляхецкіх фальварках. Шляхта была вызвалена ад выплаты мыта на Вісле. У значных маштабах былі абмежаваны правы мяшчан. Сойм рэкамендаваў, каб кошты на тавары на гарадскіх рынках вызначалі ваяводы. Вясковых жыхароў вызвалілі з-пад юрысдыкцыі гарадскіх судоў. Але найважнейшым новаўвядзеннем стала забарона мяшчанам набываць земскія землеўладанні. Шляхта ў такой жа ступені імкнулася абмежаваць правы духавенства. Аднак яна не была зацікаўлена ў яго аслабленні, важным было ўсталяванне кантролю над уплывамі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Шляхта імкнулася стварыць умовы, каб у святарскі стан не былі дапушчаны прадстаўнікі іншых саслоўяў і, у прыватнасці, не даць ім магчымасці дасягнуць самых высокіх пасад у духоўнай іерархіі. Было ўхвалена правіла, паводле якога ў найважнейшых капітулах – Кракаве, Влацлаўку, Познані і Гнезна – маглі кіраваць толькі асобы шляхецкага паходжання. Існавала зусім малая колькасць месцаў, якія маглітрымаць асобы з доктарскай ступенню.
Дзяржаўныя рэформы, распачатыя ў Пётракаве, ажыццявіліся не адразу. Перашкодай стала кароткае па часе, але вельмі паказальнае па сваіх наступствах бескаралеўе пасля смерці Яна Ольбрахта ў 1501 г. Кіраўніцтва дзяржавай удалося перахапіць сенату. Гэта азначала перавагу ў краіне ўплываў феадальнай арыстакратыі. У гэты час быў выданы Мельніцкі прывілей, які санкцыянаваў такі стан рэчаў (аб гэтым больш падрабязна гл. далей). Сенацкае праўленне, аднак, доўга не пратрывала, і падчас барацьбы паміж старой і маладой, падтрыманай сярэдняй шляхтай арыстакратыяй (апошняй кіраваў канцлер Ян Ласкі) дайшло да надзвычай важных рашэнняў. Яны былі прыняты на сойме, які быў скліканы Аляксандрам Ягайлавічам у Пётракаве ў 1504 г. У якасці самага першага рашэння варта згадаць г. зв. incompatibilia . Гаворка ішла пра забарону злучэння ў адных руках некаторых найвышэйшых пасад, а менавіта – земскага суддзі, канцлера, найбольш значных біскупаў, а таксама ваяводы і кашталяна. Іншая важная ўхвала абмяжоўвала раздачу каралеўскіх уладанняў і абвяшчала экзекуцыю (вяртанне) зямель, раней самавольна прысвоеных. Пастанаўлялася, што з гэтых пор рашэнні, якія датычаць продажу, закладу альбо падаравання каралеўскіх уладанняў, могуць быць прыняты толькі на вальным сойме. На практыцы ўхвала аб забароне злучэння ўрадаў ніколі паслядоўна невыконвалася. Яна, аднак, з’яўлялася вельмі грознай зброяй у руках шляхты ў барацьбе з магнатэрыяй. Дакладна большае значэнне мела пастанова аб экзекуцыі землеўладанняў. Шматлікія каралеўскія землі ў выглядзе часовых альбо пажыццёвых трыманняў (“дзяржаў”) на працягу XV – пачаткуXVIст. прысвоілі сабе розныя магнацкія роды. На Пётракаўскім сойме былі таксама ўхвалены высокія стаўкі падаткаў і рэкамендавана збіраць назапашаныя запазычанасці, на тры гады назад перасоўваючы ўсе звальненні ад мытаў і падаткаў.
Читать дальше