Бальшавікі глядзелі далей, чым кіраўніцтва заходніх краін, і тым больш, чым палітыкі новапаўсталых дзяржаўных утварэнняў. Галоўнай, канчатковай мэтай, якую бачыў Ленін, была сусветная рэвалюцыя, у тым ліку ў Германіі. Таму ён быў гатовы аддаваць (і тым больш абяцаць!) любыя матэрыяльныя багацці (грошы, каштоўнасці, землі), спадзеючыся, што скора ўсё вернецца пад іх уладу. Прывядзём словы лідара савецкай Расіі:
«Уступленными областями все равно владеть не будут, так как русская революция перекатится в ближайшее время не только в Германию, но и в другие воюющие государства».
Класічным стаў выраз пра адсутнасць сяброў у дзяржавы пры наяўнасці яе інтарэсаў. Але бальшавікі нават інтарэсы дзяржавы ставілі ніжэй вартасцей і мэтаў сваёй ідэалагічнай праграмы.
Яны добра разумелі, што толькі ўласнымі намаганнямі будзе цяжка распаўсюдзіць рэвалюцыю на Захадзе, таму спадзяваліся не толькі і нават не столькі на свае сілы. Ускладалася надзея на зацягванне вайны (менавіта гэты матыў абумовіў імкненне вывесці Расію з барацьбы супраць Германіі, каб апошняя свае сілы, якія былі на зыходзе, кінула на больш моцныя Англію і Францыю, да якіх далучыліся ў 1917 г. ЗША). Гэта б знясіліла Захад. Бальшавіцкая Расія, атрымаўшы перадышку, мелася аднавіць свой патэнцыял. Зацягнутая імперыялістычная вайна, па меркаванні бальшавіцкіх ідэолагаў (пра гэта адкрыта казаў Ленін), павінна была таксама распаліць сацыяльныя пачуцці (замест нацыянальных) у ваюючых народаў да такой ступені, каб зброя ў руках салдат была развернута на 180 градусаў – са знешняга ворага на ўнутранага, г. зн. на буржуазію і паноў у сваёй дзяржаве.
Бальшавіцкія планы, аднак, не рэалізоўваліся гладка. Хоць Чырвонай Арміі і ўдалося ўтрымаць уладу на большай частцы былой Расійскай імперыі, але з дзеяннямі па-за яе межамі атрымаўся пралік. Германія выйшла з Першай сусветнай вайны несвоечасова – з гледзішча стратэгіі бальшавікоў. Ленін жадаў бачыць гэты працэс вясной, самае позняе – у ліпені 1918 г.:
«Если бы германская революция вспыхнула и победила в ближайшие три-четыре месяца, тогда, может быть, тактика немедленной революционной войны не погубила бы нашей социалистической революции».
У Германіі ўспыхнула рэвалюцыя ў лістападзе 1918 г., і яна сапраўды прыспешыла капітуляцыю Чацвяртнога саюза. Здавалася, рэвалюцыйныя падзеі, згодна з планамі бальшавікоў, перакінуліся і на іншыя еўрапейскія краіны (акрамя Германіі, сацыялісты ўзялі ўладу на некаторы час у Венгрыі і Славакіі). Але Чырвоная Армія на той момант не магла аказаць дзейснай дапамогі, бо завязла ў барацьбе супраць унутраных контррэвалюцыйных і нацыянальна-вызваленчых сіл аж да 1921 г. Калі ўнутры Расіі бальшавікі атрымалі канчатковую перамогу, у Еўропе патэнцыяльныя асяродкі распальвання рэвалюцыі былі ліквідаваныя. Свет уступіў у фазу адносна стабільнага існавання. Народы былі стомленыя вайною, яе бедствамі і, натуральна, не хацелі працягу канфліктаў і эскалацыі палітычнай напружанасці.
У выніку на міжнароднай геапалітычнай арэне сфарміраваліся тры асяродкі:
• Англія, Францыя, ЗША. Гэтыя дзяржавы захавалі сваю магутнасць і ўплывы, а ЗША значна павялічыла сваё значэнне ў сусветнай палітыцы. Новая светабудова іх задавальняла, акрамя аднаго, даволі прынцыповага факта і фактара – Савецкай Расіі (з 1922 г. – СССР). Гэта быў ідэалагічны вораг і эканамічна нязручная краіна. Калі Захад і даваў ёй права на існаванне, дык толькі часовае (але яшчэ не меў пэўных стратэгій на будучыню, яны пачалі выкрышталізоўвацца недзе на пераломе 1920–1930-х гг. і мелі на мэце скіраванне германскіх апетытаў на ўсход, г. зн. на Савецкі Саюз).
• Германія і краіны, якія прайгралі ў Першай сусветнай вайне і сталі ў пэўным сэнсе ізгоямі. У іх адразу зарадзіліся ідэі рэваншызму. Сюды ж можна дадаць краіны, якія тым часам павялічвалі сваю магутнасць і сталі прэтэндаваць на большае значэнне ў геапалітычным кантэксце (Японія, Італія). Палітыкі гэтага шэрагу краін не былі задаволены існай раскладкай сіл у свеце. Але галоўны рэваншыст – Германія – пакуль быў моцна абмежаваны па ўмовах капітуляцыі.
• СССР. Краіна Саветаў вымушана была сцвярджаць сваё права на існаванне, прарываць палітычную і эканамічную блакаду. З-за камуністычнай дактрыны, якая пужала свет, СССР стаў яшчэ адным ізгоем і быў вымушаны пагадзіцца з існаваннем капіталістычнага акружэння. Але – як думаў спярша Ленін, а пасля і І. Сталін – пагадзіцца толькі часова. Стратэгія была нязменнай: у выніку новай сусветнай вайны, пасварыўшы вядучыя капіталістычныя краіны, аслабіць іх і распаўсюдзіць як мага шырэй сацыялістычны лад.
Читать дальше