. Калі блогі на хвалі нігілізму і пратэсту ў дачыненні да культурнага мэйнстрыму атрымалі дастатковую прыцягальнасць і іх нельга было не заўважаць, то ўвесь пратэсны патэнцыял быў скіраваны ў бок відовішчных шоу, а відэаблогеры завяршылі гэты працэс. Калі ад першаснага імпульсу тактычных медыя ў сучасных фэшн-блогераў не засталося нават і ценю крытычнага асэнсавання сацыяльнага жыцця.
Другое – гэта выклік для прыватнасці ў тым выглядзе, у якім мы яе разумелі раней. Прыватнае жыццё не ўжываецца разам з існаваннем віртуальнай публічнай прасторы. Абавязкова знойдзецца нехта «таленавіты», хто запосціць у сацыяльныя сеткі фотасправаздачу з прыватных імпрэз, якія мусілі быць абароненымі ад выпадковых сведак. Развіццё тэхналогій пабудовы алгарытмічнай ідэнтычнасці пераўтварае карыстальнікаў у набор метададзеных, якія сведчаць пра практыкі спажывання медыя нават больш, чым бы яны хацелі распавесці пра сябе іншым. Прывід шклянога чалавека, празрыстага для вачэй карпарацый, – усе бліжэй.
Трэцяе – праблема ўласнасці: хто/што каму належыць падчас выкарыстання новых медыя? Паводле ўмоў рэгістрацыі асабістых акаўнтаў у большасці сацыяльных сетак карыстальнікі адмаўляюцца ад абсалютнай уласнасці на ствараны імі змест. Фактычна карыстальнікі добраахвотна становяцца «лічбавымі сялянамі» 5 5 Fairfield, J. The «internet of things’ is sending us back to the Middle Ages // The Conversation – 6.09.2017 – https://theconversation.com/the-internet-of-things-is-sending-us-back-to-the-middle-ages-81435.
ў варунках новага феадалізму. Як у часы Сярэднявечча ўся зямля належала феадалам, а сяляне атрымоўвалі дазвол ёй карыстацца, так і сёння ўсё, што адбываецца і ствараецца ў новых медыя, належыць іх уласнікам, а карыстальнікі атрымоўваюць дазвол на права карыстацца ўласнымі акаўнтамі, але не валодаюць маёмаснымі правамі на іх. І таму актуальнае пытанне, ці ёсць нешта, што здольныя кантраляваць карыстальнікі, альбо яны толькі часова выкарыстоўваюць прадстаўленыя ім магчымасці? Іншымі словамі, новыя медыя перафарматоўваюць нашы ўяўленні пра сацыяльныя адносіны паміж удзельнікамі камунікацыі. Што прыводзіць да пытання: ці з'яўляюцца прасьюмерамі новыя прыгонныя лічбавыя сяляне? Новае прачытанне старой праблемы прапаноўвае Крысціян Фукс у сваім тэксце «Social Media: A Critical Introduction» 6 6 Fuchs, Christian. Social media: A critical introduction. Sage, 2017.
, калі адзначае, што для новых медыя яшчэ неабходна перайсці ад логікі канкурэнцыі да супрацоўніцтва, каб медыя сталі сацыяльнымі не толькі па назве, але і па сутнасці.
Чацвёртае – выклік постпраўды і альтэрнатыўных фактаў: вынікі крызісу канцэпцыі медыя як чацвёртай улады і амбіцый «аб'ектыўнай» журналістыкі. Новыя медыя паглынаюць сферу забаў (інфатэйтменту), не звяртаючы ўвагу на інфармаванне. Павялічыць ахоп аўдыторыі магчыма з дапамогай: відовішчнасці, прывабнасці, спецэфектаў. Калі «цытаты вялікіх людзей» і мемы падмяняюць сабой веды і навуковы светапогляд.
Пятае – рабатызацыі інфармацыйных працэсаў, інтэрнэт рэчаў (ІоТ) як генератар навін. У вашай лядоўні скончылася малако. Гэта навіна? І для каго гэта навіна? Лядоўня ператвараецца ў медыя. Робат-пыласос знайшоў завушніцу, якую вы згубілі тыдзень таму, і паведаміў вам пра гэта. Ваша аўто запісалася на СТА, каб замяніць аліву па рэгламенце абслугоўвання, і вы пагадзіліся дадаць гэтую падзею ў свой каляндар. Тое, што раней з'яўлялася кантэкстам нашага існавання, незаўважна для нас пераўтвараецца ў сэнс дзейнасці. Рабатызваныя сістэмы ці штучны інтэлект вакол нас уплываюць на нашу штодзённую практыку.
Празрыстасць і зразумеласць выкарыстання тэхналогій новых медыя захоўваюць у сабе яшчэ шмат няпростых даследчых задач, без вырашэння якіх грамадства не можа зразумець кірунак развіцця тэхналогій. Прадстаўленыя ніжэй тэсты неабходна разглядаць як спробу зразумець выклікі тэхналогій новых медыя ў кантэксце сучаснасці. І якім чынам гэтыя найноўшыя тэхналогіі дапамагаюць канструяваць і будаваць уласную культурную ідэнтычнасць.
Менавіта ідэнтычнасць як даследчыцкая праблема і можа быць той рамкай, якая дапаможа лепш зразумець сацыяльныя наступствы ад выкарыстання тэхналогій. Варта параўнаць падыходы, задэклараваныя ў гэтых эсэ, каб зразумець магчымыя вымярэнні для далейшых даследаванняў. Фактычна гэта можна разглядаць як аналіз наратыву прадстаўнікоў Z-пакалення пра інтэрнэт і новыя медыя.
Меметыка і мазаічная ідэнтычнасць з'яўляюцца спробай сабраць мазаіку ідэнтычнасці карыстальнікаў з асобных кавалачкаў (выказванняў, пастоў, мемаў). Гэты падыход магчыма ўпісаць у рамкі разумення працэсу сацыяльнага станаўлення, калі сацыяльны капітал напрацоўваецца крок за крокам, а не перадаецца ў спадчыну. Працэс станаўлення разглядаецца як засваенне норм і патрабаванняў, ці, іншымі словамі, з'яўляецца механізмам інкультурацыі.
Читать дальше