I вось увесь гэты разнастайны, галасьлiвы натоўп напоўнiў замкавы касьцёл, суцiшваючыся, здымаючы каптуры i капелюшы, каб пабожна ўдзельнiчаць у iмшы, спадзеючыся атрымаць нейкую пэўнасьць, калi ня ў гэтым жыцьцi, дык хаця б пасьля сьмерцi. Пачалася iмша. Хор манахаў з кляштару аўгустынiянаў засьпяваў "Альлелюя", i ўрачыстая мэлёдыя ўзьнялася пад гатычнае скляпеньне касьцёла. Пасьля на амбону ўзыйшоў сярэдняга веку манах у пацёртым, латаным манаскiм адзеньнi. Лёгкi шум прабег па натоўпу. "Марцiн Лютар, прафэсар", - зашаптаў студэнт месьцiчу, у якога здымаў пакой на паддашшы. Марцiн Лютар стаў на амбоне, выцягнуў некалькi аркушоў паперы, сьпiсаных дробнымi лiтарамi, i гучным голасам прамовiў: "Наш Госпад i Настаўнiк Iсус Хрыстос гаворыць: "Пакайцеся!" Ён прагне, каб усё жыцьцё веручых было пакаяньнем". У касьцёле запанавала цiшыня. Брат Марцiн гаварыў пра тое, што мучыла многiх, што сабралiся ў гэты вечар. "Калi ўсё жыцьцё павiнна быць пакаяньнем, чаго вартыя iндульгенцыi? Калi можна за грошы набыць прабачэньне грахоў, у чым тады сэнс пакаяньня?" - працягваў манах. З гневам, з абурэньнем Лютар гаварыў пра iндульгенцыi, пра безсэнсоўныя спробы адкупiцца ад кары, пра тых, якiя падманваюць людзей дзеля асабiстай выгоды, прадаючы неiснуючыя квiткi ў Валадарства Нябеснае. Сваю пропаведзь брат Марцiн скончыў, зачытаўшы 95 тэзiсаў супраць iндульгенцыяў, пасьля зыйшоў з амбоны, выйшаў з касьцёлу i прыбiў аркушы з тэзiсамi да брамы. "Калi нехта можа абвергнуць тое, што тут напiсана, я запрашаю да дыскусii цi тут, у Вiтэнбэргу, цi ў любым горадзе Сьвятой Рымскай iмпэрыi нямецкай нацыi", - абвесьцiў ён i вярнуўся на сваё мейсца. У касьцёле раптам стала шумна: гэта студэнты пачалi абмяркоўваць тэзiсы Лютара, падтрымлiваючы цi абвяргаючы прафэсара, але большасьць людзей разгублена маўчала. Хор зноў засьпяваў, служба пайшла далей, але сэрцы сотняў людзей былi ўсхваляваныя словамi, якiя яны пачулi.
Дзевяноста пяць тэзiсаў ускалыхнулi горад. Некалькi дзён увесь Вiтэнбэрг толькi i гаварыў пра пропаведзь брата Марцiна. Ужо назаўтра студэнты пераклалi тэзiсы Лютара, напiсаныя на лацiне, на нямецкую мову, а Ганс Люфт, якi меў друкарню паблiзу ўнiвэрсытэту, надрукаваў гэты пераклад. Шматлiкiя паломнiкi, што прыйшлi на сьвята Ўсiх Сьвятых у горад, панесьлi па ўсёй краiне тэзiсы вiтэнбэргскага прафэсара. У палацах i ў карчмах пачалiся зацятыя спрэчкi пра iндульгенцыi, пра збаўленьне, пра пакаяньне, пра Бiблiю, пра тое, якой павiнна быць царква. Пропаведзь Марцiна Лютара стала той запалкай, якая падпалiла Нямеччыну. Уся краiна загаварыла пра Рэфармацыю.
Рэфармацыя - гэта лацiнскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкi "рэ-" да слова "фармацыя". "Фармацыя" азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка "рэ-" - што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такiм чынам, Рэфармацыя - гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Рэфармацыя - гэта вяртаньне да першакрынiцы - Бiблii, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека. I Марцiн Лютар быў тым, хто на поўны голас заявiў пра гэта.
Кiм жа быў гэты прафэсар зь Вiтэнбэргу, словы якога ўскалыхнулi Эўропу? Марцiн Лютар быў манахам ордэну аўгустынiянаў i прымаў дзейны ўдзел у жыцьцi каталiцкае царквы як сьвятар i прафэсар тэалёгii. Здавалася, ён мог бы быць задаволены сваiм жыцьцём, стаўшы ў 29 год прафэсарам, а пазьней - вiкарыем (наглядчыкам) усiх саксонскiх кляштараў аўгустынiянаў. Але брат Марцiн увесь час пытаўся ў сябе: "Як дасягнуць мiру з Богам? Як знайсьцi ласку ў Бога?" I гэтыя пытаньнi не давалi яму спакою.
Для Лютара, як i для iншых вернiкаў таго часу, Бог быў грозным, немiласэрным Судзьдзёю, Якi сочыць за чалавекам i карае кожны ягоны праступак. Гэтага Бога трэба было задобрыць сваiмi ўчынкамi. У Лютара было вельмi чульлiвае сумленьне. Некаторыя кажуць, што "надта" чульлiвае. Ён рабiў усё, каб здабыць мiласьць Бога, але ад гэтага яго жыцьцё станавiлася яшчэ горшым. Будучы манахам, сьвятаром, прафэсарам, ён праводзiў сваё жыцьцё ў пастах i малiтвах да сьвятых, насiў кашулi з конскага воласу, пастаянна спавядаўся ў сваiх грахах, хадзiў у паломнiцтвы, купляў iндульгенцыi, выконваў усе патрабаваньнi каталiцкай царквы. Але гэта падавалася яму недастатковым, i нават калi ён сам лiчыў, што робiць усё магчымае, каб жыць праведна, супакою не было. Нiводзiн сьвятар ня мог сказаць яму ўпэўнена, што ён прабачаны, i Лютар сам ведаў, што ня мае мiру з Богам. У гэты час ён наведаў Рым, сталiцу хрысьцiянства, малiўся, пасьцiўся, выконваў усе абрады, дакранаўся ўсiх рэлiквiяў, але ўнутры было пуста. Гледзячы на духоўнае i маральнае сапсуцьцё рымскага духавенства, брат Марцiн губляў надзею.
Читать дальше