Жахлiвая гэта была справа, ды i дзiўная, таму i няпроста было разабрацца ў ёй па справядлiвасцi. Нялёгка было вынесцi канчатковае рашэнне, бо цяжка, ды i амаль немагчыма было паверыць, што Iварсаны i iхнi прыёмны сын нiбыта забiлi чалавека з-за пярсцёнка, якiм бы каштоўным ён нi быў.
Узяць хаця б Эрыка Iварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялiкiмi ўгоддзямi i мноствам хат. Калi i вадзiўся за iм якi грэх, дык толькi той, што быў горды i празмерна клапацiўся пра свой гонар. Але таму i цяжка было зразумець, што якi-небудзь скарб у свеце мог прымусiць яго пайсцi на ганебны ўчынак.
Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Iвара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымлiваючы ад яго чаго толькi пажадае. Ён быў такi дабрадушны i раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсцi ў галаву ўчынiць забойства i разбой?
Што тычыцца Паўля Элiясана, то было вядома, што Iварсаны яго любiлi i ён павiнен жанiцца на Марыт Эрыксдотэр, адзiнай бацькавай наследнiцы. Зрэшты, ён жа быў з тых, каго можна было западозрыць хутчэй за ўсё: бо ён па нараджэннi iншаземец, а пра iншаземцаў вядома, што крадзеж яны не лiчаць за грэх. Iвар Iварсан прывёў Паўля з сабой, калi вярнуўся дамоў з палону. Хлопчык быў сiрата з трох год i, калi б не Iвар, памёр бы з голаду ў роднай краiне. Праўда, выхавалi яго Iварсаны сумленным i справядлiвым, ды i вёў ён сябе заўсёды як належала. Вырас ён разам з Марыт Эрыксдотэр, яны пакахалi адно аднаго, i неяк не верылася, што чалавек, якога чакаюць шчасце i багацце, раптам возьме ды i паставiць усё гэта на карту, украўшы пярсцёнак.
Але, з iншага боку, не варта было забываць i генерала, пра якога людзi змалку чулi столькi розных легенд i гiсторый, якога ведалi, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, якi быў высокi ростам, магутны i варты даверу. А цяпер ён памёр, i ў яго ўкралi самае дарагое з ягонай маёмасцi.
Генерал ведаў, што калi Iнгiльберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, iнакш Iнгiльберт спакойна накiраваўся б сваёй дарогай i не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралi пярсцёнак, iнакш бы iм нiяк не сустрэўся на дарозе ротмiстр, iх не ўзялi б пад варту i не трымалi б пад арыштам.
Так, складана было разабрацца па справядлiвасцi ў такой справе, але на генерала спадзявалiся нават больш, чым на самога караля Карла. I амаль на ўсiх судовых разборах, якiя вялiся ў бедных хацiнах, быў вынесены абвiнаваўчы прысуд.
Вялiкае здзiўленне, вядома, выклiкала тое, што павятовы суд, якi засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учынiўшы абвiнавачваемым найстрогае дазнанне, але так i не выкрыўшы iх i не схiлiўшы да прызнання вiны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якiх абвiнавацiлi ў забойстве i разбоi.
Аднак на волю iх не выпусцiлi, бо прыгавор павятовага суда павiнен быў зацвердзiць каронны суд, а каронны суд палiчыў сялян з Ольсбю вiнаватымi i прыгаварыў iх да павешання.
Але i гэты прыгавор не быў выкананы, паколькi яго павiнен быў спярша зацвердзiць сам кароль.
Пасля таго як быў вынесены i аб'яўлены каралеўскi прыгавор, прыхаджане, вярнуўшыся з царквы, адклалi свой абед; iм не цярпелася расказаць тым, хто заставаўся дома, якiм быў гэты прыгавор.
А ён абвяшчаў: зусiм вiдавочна, што хтосьцi з абвiнавачваемых - забойца i злодзей, але паколькi нiводзiн з iх не прызнаў сябе вiнаватым, то няхай iх рассудзiць Божы суд.
На блiжэйшым цiнгу iм неабходна ў прысутнасцi суддзi, засядацеляў i ўсiх прыхаджан згуляць адзiн з адным у косцi. Таго, хто выкiне менш за ўсё ачкоў, варта прызнаць вiнаватым i пакараць за ўчыненае злачынства смерцю праз павешанне, а двух астатнiх адразу вызвалiць, каб яны вярнулiся да свайго звычайнага жыцця.
Мудры быў той прыгавор, справядлiвы. Усе жыхары далiн Вермланда былi iм задаволены. Хiба не выдатна з боку старога караля, што ў гэтай цёмнай справе ён не ўявiў, быццам бача ясней, чым iншыя, а звярнуўся да Ўсявышняга? Цяпер ужо нарэшце можна паверыць у тое, што праўду немагчыма схаваць.
Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьцi надта асаблiвае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; iстцом у гэтай цяжбе быў нябожчык нябожчык, якi патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых iншых абставiнах можна было яшчэ вагацца, цi патрэбна звяртацца да гульнi ў косцi, але толькi не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаiў яго дабро. Вось i ў каралеўскiм прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць.
Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык* хацеў прадставiць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнiя ваенныя гады i яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусiм не выключана, што якраз гэта i мелася на ўвазе. А так цi не так, сказаць цяжка!
Читать дальше