Ля паўднёвай сцяны замка калісьці стаяў палац, які ўзвялі хутчэй за ўсё ў канцы XVІ ст. Вядома, што ў 1565 г. панскі палац у замку быў яшчэ драўляны.
Пазней, калі яго перарабілі на мураваны, ён быў двухпавярховым, меў па некалькі пакояў на кожным паверсе, вялікую залу. Усе 12 вакон былі звернуты ў бок дзядзінца. Па цэнтру спічастага даха стаяў флюгер у выглядзе бляшанага бусла, а па краях — дзве бляшаныя зоркі.
Адзначым таксама, што ад самога замка абарончы вал аддалены на адлегласць 80 м. Яго значная вышыня (до 10 м) захоўвала будынак замка ад прамога паражэння пры стральбе з гармат у час аблогі.
Шатровы дах замкавых вежаў, дах над баявым ходам сцен і ў палацы пакрывала чарапіца-дахоўка.
Важным элементам абароны замка быў магутны сямісотметровы земляны вал вышынёю 9-10 м. У аснаванні ён дасягаў 15 м шырыні. У плане вал нагадвае выцягнуты прамавугольнік з закругленымі вугламі. Ля падножжа вала ляжаў абарончы роў, які вясною, калі раставаў снег, або ўвосень, у пару дажджоў, запаўняўся вадою.
Геранёнскі замак узводзіўся ў тыя часы, калі ўзрастала значэнне артылерыі. Спадзявацца на магутнасць замкавых муроў было ўжо небяспечна, і ўвесь асноўны цяжар абароны пачаў прыпадаць на знешнія ўмацаванні — равы і валы. Мы бачым як бы крок наперад у развіцці тактыкі абароны замкаў. Найбольшая ўвага тут аддаецца знешняму валу, з унутранага боку якога ўзведзена мураваная сцяна таўшчынёй 1,25 м і вышынёй 4,5 м. Сцяна не давала апаўзаць валу ўсярэдзіну замкавага двара. Апроч таго, у час аблогі пад аховай сцяны смялей хадзілі воіны гарнізона.
На кожным рагу вала падпорная сценка пераходзіла ў сямікантовыя вежы-рандэлі — асноўныя агнявыя пункты вала. Таўшчыня рандэляў — 1,75 м. Ні памерам цэглы і камення, ні тэхнікай узвядзення яны не адрозніваюцца ад падпорнай сцяны. Рандэлі мелі не больш як па два паверхі. Прычым ніжні паверх, вышынёй каля 4,5 м, увесь размяшчаўся ў тоўшчы вала. Тут, відаць, захоўваліся розныя ваенныя прыпасы і рыштунак. Другі паверх пачынаўся на ўзроўні вяршыні вала і нагадваў сямікантовы мураваны бастыён з перыметрам сцен каля 25 м. Перакрыццё паміж паверхамі хутчэй за ўсё рабілася з бэлек.
Трапіць на другі паверх можна было па прыступках мураванай лесвіцы, якая пачыналася ля самага нізу падпорнай сцяны на стыку са сцяной рандэля. Немалую агнявую сілу можна было сканцэнтраваць і на самім вале. Цікавы ўезд у Геранёнскі замак — з усходняга боку, дзе вал асабліва магутны, а абрончы роў мае 4 м глыбіні і 15 м шырыні.
Уязная замкавая брама пераразала ніжні паверх паўднёва-ўсходняга рандэля, сцены якога, у параўнанні з іншымі, патоўшчаны да 2,2 м. Трапіць да брамы можна было па лёгкім драўляным мосце, перакінутым цераз роў. Магчыма, частка моста перад брамай падымалася.
Пад'езд да брамы надзейна ахоўваўся зверху і з суседніх участкаў вала. Акрамя таго, справа ад брамы вал меў бастыёнападобны выступ, стратэгічнае прызначэнне якога несумненнае: ён фланкіраваў агнём і мост, і бліжнія подступы да брамы. Гэта, так сказаць, правобраз тых бастыёнаў і бастыённай сістэмы ўмацаванняў, якія пачнуць шырока прымяняцца ў Беларусі ў другой палове XVІ ст., і асабліва ў XVІІ ст.
Не выпадковае, вядома, і размяшчэнне Геранёнскага мураванага касцёла, узведзенага ў 1529 г. Абнесены мураванай сцяной, ён непасрэдна прымыкаў да абарончага рова перад брамай і, такім чынам, з'яўляўся дадатковай перашкодай на шляху да замка.
З поўным правам можна сказаць, што Геранёнскі замак — яркі ўзор замкавага будаўніцтва ў Беларусі на рубяжы XV-XVІ стст. Хоць тут і ёсць асобныя элементы эўрапейскай фартыфікацыі, усё ж больш ярка і выразна вылучаюцца мясцовыя ваенна-будаўнічыя традыцыі. Аб гэтым сведчаць і будаўнічыя матэрыялы, і прынцып узвядзення валаў, і мураваны замак з чатырма вежамі, размешчаны на штучнай выспе, што было найбольш характэрна для беларускага ваеннага і царкоўна-цытадэльнага дойлідства тых часоў. Замак стаў як бы звязваючым звяном паміж старымі мясцовымі прыёмамі фартыфікацыі і бастыённай сістэмай умацаванняў, якая неўзабаве набыла шырокае распаўсюджанне.
Паселішча Любча (Любч, Любеч), цяпер гарадскі пасёлак Гарадзенскай вобласці, вядома з ХІІІ ст., калі яно было аддадзена наваградскім князем Міндоўгам кіеўскаму баярыну Андрэю Васілевічу Кіяну, які знайшоў прыстанішча ў Наваградку ад татарскага нашэсця. Пры Гедзіміне Любча ўжо была велікакняжацкім валоданнем. У 1499 г. вялікі князь Аляксандар дараваў «двор Любча» падскарбію Хведару Храптовічу. Верагодна, тады паселішча ўжо мела статус «мястэчка». Ва ўсякім выпадку ў шэрагу дакументаў 1517–1528 гг. яно называецца так. Некаторыя даследнікі лічаць, што ў канцы XV ст. Любча была «местом». У 1528 г. яго набыў віленскі ваявода Гаштольд, у 1547 г. — Ян Кішка, які заснаваў тут друкарню. Верагодна, ў 1581 г. было ім распачата будаўніцтва каменнага замка. Менавіта такая дата выразана на сцяжку старажытнага флюгера — «ветраніка», які знайшлі мясцовыя краязнаўцы. Герб Кішкі прысутнічае на ім. Ужо ў 1588 г. быў складзены першы інвентар Любчы і Любчанскага замка. Вядома, што ў 1590 г. Любча атрымала магдэбургскае права, мела свой герб у выглядзе срэбнай падковы з трыма залатымі крыжамі і дзвюма срэбнымі рыбамі — ласосямі ў блакітным полі. Згодна з гістарычнымі крыніцамі XVІІ ст., быў і іншы герб Любчы — выява двух вежаў на сцяне.
Читать дальше