За сваю гісторыю Крэўскі замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. У 1382 г. тут, у падзямеллі Княжацкай вежы, быў задушаны па загаду Ягайлы яго дзядзька князь Кейстут, асноўны прэтэндэнт на велікакняжацкі прастол, галоўны праціўнік Ягайлы. У 1385 г. у Крэўскім замку былі прыняты ўмовы аб'яднання Літвы і Польшчы пад уладай Ягайлы (вядомае ў гісторыі як Крэўская вунія). У 1443 г. замак быў узяты войскамі князя Свідрыгайлы, які ваяваў за велікакняжацкі прастол з князем Жыгімонтам. У 1503–1506 гг. замак абкладалі і значна разбурылі войскі перакопскіх татараў. Пазней тут, у Княжацкай вежы, жыў беглы князь Андрэй Курбскі. Аднак ужо ў XVІ ст. вядомы дыпламат Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што Крэва — горад «з пакінутым замкам».
Замак паступова страціў сваё значэнне як абарончы пункт. У XVІІІ ст. значна была разбурана вялікая вежа, дах і перакрыцці праламіліся, абвалілася частка ўсходнян сцяны.
У сярэдзіне ХІХ ст. Крэўскі замак замаляваў мастак Н. Орда. Асабліва пацярпеў замак у час першай сусветнай вайны. Больш за 3 гады Крэва было фактычна на лініі фронту. Замак апынуўся на нямецкім баку абароны. Тут былі пароблены бетонныя сховішчы (у малой вежы і ля паўднёвай сцяны), назіральныя пункты, у час абстрэлу якіх сцены замка і вялікая вежа дужа пацярпелі. Шмат дзе цагляная абліцоўка сцен адслаілася, а месцамі нават паабвальвалася. Паўночная сцяна замка нахілілася да 10 градусаў. У 1929 г. яе ўмацавалі контрфорсам шырынёй у 2 м і закансервавалі. Абліцоўку галоўнай вежы звязалі жалезнымі зацяжкамі, а шчыліны залілі вапнай. Тады ж падмуравалі рэшткі паўночна-ўсходняй сцяны, умацаваныя эскарпам. Правялі шэраг іншых кансервацыйных работ, якія палепшылі стан замка. Дарэчы, некаторыя сучасныя даследнікі Крэўскага замка памылкова лічаць прымураваны ў 1915 г. да паўдневай сцяны нямецкі бункер за яшчэ адну старажытную замкавую вежу. Так гэты бункер трактуецца ў шэрагу апублікаваных прац, падаецца на некаторых сучасных планах замка і нават у рэканструкцыях. Цяпер устаноўлена, што гэтая прыбудова складзена з камянёў, павыбіваных з замкавых муроў снарадамі, прытым на цэментавым, а не на вапнавым растворы. Да таго ж тут выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі, якія да ХІV ст. не маюць ніякага дачынення. Пасля Другой сусветнай вайны стан замкавых муроў значна пагоршыўся. Помнік патрабуе неадкладнай растаўрацыі і кансервацыі.
Паселішча Геранёны згадваецца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з першай паловы XV ст. У 1433 г. Жыгімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі, падараваў Геранёны разам з Дзявенішкамі, Меднікамі і Тыкоцінам Яну Гаштольду.
У 1493 г. вялікі князь Аляксандар пацвердзіў прывілеі на права валодаць Геранёнамі Войцаху Гаштольду, тагачаснаму канцлеру Вялікага Княства Літоўскага і віленскаму ваяводу. Мяркуецца, што на рубяжы XV — пачатку XVІ ст. і быў пабудаваны мураваны замак.
Гаштольды валодалі замкам да 1542 г. Потым ён перайшоў да вялікага князя Жыгімонта Старога, а ад яго — да Жыгімонта Аўгуста. У XVІІ ст. Геранёны — ва ўладанні Пацаў.
Падчас вайны 1654–1667 гг. замак быў разбураны, але, відаць, неўзабаве яго зноў аднавілі. Вядома, напрыклад, што ў 1670 г. князь Міхаіл Пац аддаў Геранёны разам з Ліпнішкамі ў дзяржаўнае ўтрыманне, а грашовыя прыбыткі ішлі на развіццё велікакняжацкай артылерыі.
У пачатку ХІХ ст. замак пуставаў, а потым, у сярэдзіне стагоддзя, яго пачалі разбураць.
Замак стаяў на штучнай земляной выспе. Сцены ўтваралі квадрат 27 х 27 м, на кожным рагу якога стаялі мураваныя вежы, узведзеныя на вапнавым растворы, у традыцыйнай для Беларусі тэхніцы «паласатай» кладкі. Шырока выкарыстаны палявы камень. Цэглай у асноўным абліцоўвалі вежы, і, напэўна, завяршалі сцены.
Сцены замка на асобных участках захаваліся да 4 м вышыні.
Падмурак — з вялікіх камянёў, пакладзеных на вапне. Шчыліны старанна запоўнены кавалкамі цэглы і растворам. Вышыня падмурка не больш за 1 м.
Вежы Геранёнскага замка мелі цыліндрычную форму і дыяметр 8 м. Сцены двухметровай таўшчыні складзены з каменю, звонку — цагляная абліцоўка. Кладка гатычная: чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка.
Падмуркі вежаў і сцен маюць аднолькавую глыбіню — каля 1 м, лінія каменнай і цаглянай кладак супадае. Аднолькавая не толькі тэхніка кладкі, але і памеры цэглы. Гэта, думаецца, важкі доказ на карысць таго, што замкавыя сцены і вежы ўзводзілі ў адзін час.
Рэшткі паўночна-заходняй вежы замка сведчаць аб тым, што вежа мела скляпеністае перакрыццё паміж двума ніжнімі паверхамі. Захаваўся аконны праём ніжняга паверха вышынёй у 1 м і шырынёй 0,6 м з гатычнай аркай.
Читать дальше