Сёмая вежа знойдзена ў 1970 г. Сцены вежы зроблены з добра абчасаных камянёў, прамежкі паміж якімі старанна замураваны кавалкамі цэглы і вапнавым растворам. Вызначыць сапраўдныя памеры сёмай вежы з прычыны шчыльнай забудовы тэрыторыі цяпер немагчыма.
Меская вежа звязана праслам мураванай сцяны з Калодзежнай. Даўжыня сцяны крыху больш за 50 м, таўшчыня 3 м. Муроўка цаглянай сцяны гатычная (чаргаванне аднаго лажка і аднаго тычка). Другое прасла — да малой уваходнай вежы на замку — дэталёва не вывучана. Шурфоўкай толькі вызначаны яго агульны напрамак. Выказваліся думкі, што фарны касцёл, размешчаны ля падэшвы Замкавай гары, на рубяжы XVІ-XVІІ стст. уваходзіў у агульную сістэму ўмацаванняў замка.
У XVІ ст. Наваградскі замак меў 7 веж і быў адным з магутнейшых у Беларусі.
Узбраенне гарнізона замка ў 1551 г. складалася з гакаўніц, гармат сярэдняга калібру. Дакументы канца XVІ ст. паведамляюць, што тут меліся фальканет вялікі двухфунтовік, фальканет сярэдні з ядрамі ў 1 фунт і серпянтына, якая страляла паўфунтовымі ядрамі. Каменныя ядры розных памераў знойдзены аўтарам пры раскопках у вежы Шчытоўцы. У 20-ыя гады 27 ядраў знайшлі польскія археолагі.
Пад час вайны 1654–1667 гг. маскоўскія войскі двойчы бралі Наваградак. У 1655 г., у пачатку верасня, яго занялі казакі І.Залатарэнкі. Пры гэтым замак і горад вельмі пацярпелі пад час асады. Часткова ўзноўлены ў 1660 г. замак зноў быў заняты войскамі князя А.І.Хаванскага — на гэты раз без бою: наёмны гарнізон, які не атрымаў своечасова плату за службу, адчыніў браму ворагу. Вежы замка Меская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама праслы сцен былі разбураны да падмуркаў. Канчаткова ўдар па замкавых мурах нанеслі шведы ў час Паўночнай вайны.
З прычыны моцных разбурэнняў і спусташэння Наваградка сойм Рэчы Паспалітай у 1661 г. вызваліў горад ад падаткаў на 4 гады.
У царскай Расеі не клапаціліся аб ахове старажытных помнікаў ваеннага дойлідства. Аб гэтым сведчыць цікавы факт, які датычыцца Наваградскага замка. У 1802 г. гарадзенскі губернатар Бенігсан даў дазвол наваградскаму гараднічаму Скалону разабраць рэшткі замкавых веж з умовай, што каменнем з іх вымасцяць вуліцы горада. Відаць, работа ішла марудна, бо ў 1828 г. у данясенні Літоўска-Гарадзенскаму губернскаму праўленню паведамлялася, што ў Наваградскім старажытным замку яшчэ ёсць «две башни довольно… крепкие, немного вверху поврежденные, состоящие в ведомстве Новогрудской экономии».
У канцы ХІХ ст. на тэрыторыю замчышча праз пралом у мурах пачалі звозіць з усяго Наваградка смецце, якое пакрыла больш як двухметровым пластам руіны старажытных пабудоў.
У 1906 г. рухнула Касцельная вежа. Дзякуючы намаганням мясцовага аматара старажытнасцей Т. Корзана рэшткі вежы былі падпёрты двума эскарпамі. У гады першай сусветнай вайны абвалілася паўднёвая сцяна Шчытоўкі.
Толькі ў 1921 г. Наваградскі замак быў нарэшце ўзят пад ахову, а ў наступныя 1922–1930 гг. праведзена частковая кансервацыя ўцалелых рэшткаў веж. Прычым сцены Касцельнай вежы былі фактычна складзены нанава.
Наваградскі замак, як і іншыя замкі, цяпер зноў патрабуе кансервацыі.
Замак-кастэль у Крэве (Смаргонскі р-н Гарадзенскай вобл.) ляжыць у даліне паміж высокіх пагоркаў, што расцягнуліся ланцугом абапал рачулкі Крэвянкі. Тут, на нізкім поплаве, у сутоках ракі Крэвянкі і ручая Шляхцянкі і быў у 20-ыя гады ХІV ст. пабудаваны мураваны замак.
Крэва было сталіцаю ўдзельнага княства, якое ў 1338 г. Гедзімін аддаў свайму сыну Альгерду. Крэўскі замак у плане нагадвае няправільную трапецыю, звернутую большым аснаваннем у напольны бок. З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы замак бараніўся водамі рачулак, падпёртых плацінаю. Тут былі ўсяго дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Аднак Крэўскаму замку ўласцівы некаторыя асаблівасці. Ён меў адну вялікую — Княжацкую — вежу («вежа Кейстута») памерамі 18,65 х 17 м, якая выступала ў паўночна-заходнім куце за перыметр замкавых муроў, фланкіруючы заходнюю і паўночную з брамай сцены. Тут было не менш трох паверхаў і склеп-турма. У вежы жылі князь, яго чэлядзь і начальнік замкавай варты. Княжацкія пакоі размяшчаліся на другім паверсе, дзе вокны значна больш і шырэй, чым на астатніх паверхах. Трэці паверх выконваў абарончыя функцыі. Над ім, відаць, меўся яшчэ адзін ярус бою. Аб гэтым сведчаць існаваўшыя яшчэ ў ХІХ ст. рэшткі каменнай лесвіцы ў тоўшчы вежавай сцяны, якая вяла наверх. Гэта маглі быць або яшчэ адзін паверх, або баявыя пляцоўкі, размешчаныя на самым версе вежы. Вежа пры таўшчыні сцен 3 м унізе і 2,5–2,6 м на ўзроўні трэцяга паверха мела вышыню больш 25 м, таму што сёння ўцалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.
Читать дальше