А. Квітніцкая слушна лічыла саборную царкву быценскага манастыра характэрным прыкладам архітэктуры вуніяцкіх храмаў, што ўяўляе «своеасаблівы сплаў архітэктурных форм каталіцкага храма і драўлянага праваслаўнага дойлідства, якое мае агульныя карані з расейскай архітэктурай, з яе цэнтрычнымі драўлянымі храмамі». На нашу думку, архітэктоніка гэтага помніка, сапраўды, выцякае генетычна з чатырохзрубных крыжовых праваслаўных сабораў XVII ст., але не расейскіх, а беларускіх, з рэгіёна Падняпроўя і Падзвіння, якія ў сваю чаргу аказалі ўплыў на фармаванне архітэктурных форм расейскага, так званага нарышкінскага барока. Будова архітэктурных мас, кампазіцыйныя і канструкцыйныя прыёмы сабора быценскага манастыра асабліва блізкія да драўлянай вуніяцкай Ільінскай царквы ў Віцебску, пабудаванай у 1746 г., якая таксама мела ў плане лацінскі крыж, незалежнасць канструкцый унутраных перакрыццяў ад вонкавай кампазіцыі пакрыцця.
Вядомы краязнаўца і гісторык культуры Станіслаў Лёранц, які даследаваў помнік у 1930-ыя гг., лічыў, што бакавыя нефы і дзвюхвежавы фасад далучыліся да сабора ўжо ў другой палове XVIII ст., але гэта ўсё ж толькі гіпотэза.
З інвентара 1839 г. вядома, што саборная царква з трох бакоў была агароджана «мурам з цэглы без тынку да нахіленых апасань», а чацвёрты бок замыкаў кляштар. У апісанні кляштара паведамляецца, што ён «у тры лініі мураваны, звонку непабелены, на два паверхі ўзнесены, пад лініямі маюцца склепы, каждая з тых ліній мае аднолькавую шырыню і амаль аднолькавую даўжыню. Дах новы, гонтавы. Пячных комінаў на кляштары 17». З гэтага апісання вынікае, што кляштарны будынак двухпавярховы (са склепам), П-падобны ў плане, меў скляпеністыя перакрыцці і падвойныя вокны. Разам з келлямі ў ім размяшчаліся трапезная з кухняй, бібліятэка ў заходнім крыле. Акрамя гэтых трох памяшканняў з цаглянай падлогай, усе астатнія мелі драўляную падлогу. Ужо на той час бібліятэка пуставала. Кляштарны калідор злучаўся з сакрысціяй з правага боку прэсбітэрыя сабора, над якой знаходзілася скарбніца. З другога боку кляштар прылягаў да зімовай царквы. Па загаду А. Тызенгаўза ўзводзіцца званіца і брама (каля 1775 г.) у стылі віленскага барока. Ад велічнага некалі архітэктурнага ансамбля на наш час ацалела толькі малая Спаса-Праабражэнская царква, якая занесена ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі».
Віленскае барока ці ракако? Сапраўды, як больш дакладна вызначыць вышэйшую стадыю ў развіцці мастацка-стылёвых характарыстык манументальнага нацыянальнага дойлідства ў сярэдзіне XVIII ст.? Гэтае мастацтвазнаўчае пытанне ўзнікла нядаўна, але яно мае пад сабой пэўнае гістарычнае і ідэалагічнае аснаванне.
Першыя крокі ў вывучэнні гісторыі архітэктуры Беларусі ў канцы XIX ст. грунтаваліся на выразным падзеле цікавасці даследнікаў да культавых помнікаў адпаведна іх канфесійнай прыналежнасці: з аднаго боку — каталіцкія і былыя вуніяцкія храмы, з другога — праваслаўныя. Першыя вызначаліся як сугуба «польскія», другія ж — як «истинно русские», незважаючы на іх агульныя сацыяльна-гістарычныя карані, на непарыўнае знітаванне ў іх розных мастацкіх уплываў, што надавала беларускім помнікам свой твар і непаўторную своеасаблівасць. Усведамленне гэтага прыйшло толькі ў 1930-ыя гг. ў колах беларуска-польскай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, цэнтрам якой заставалася Вільня, былая сталіца Вялікага Княства Літоўскага і яго галоўны культурны асяродак. Выключнае па сваіх мастацкіх вартасцях культавае будаўніцтва Вільні XVIII ст. і даволі абшырнага рэгіёна яго ўплыву атрымала ў мастацтвазнаўстве 30-ых гг. назву «віленскае барока». Польскія даследнікі таксама не адмаўлялі самабытнасць гэтай з'явы, лічылі яе вышэйшым дасягненнем нашага нацыянальнага мастацтва з адметнай трактоўкай агульнай эстэтычнай канцэпцыі барока, архітэктурна-мастацкага стылю, панаваўшага ў XVII–XVIII стст. амаль ва ўсім хрысціянскім свеце.
Адным з лепшых узораў віленскага барока бясспрэчна лічылася вуніяцкая царква ў вёсцы Беразвечча, што знаходзілася на паўночным беразе возера Глыбокае (цяпер г. Глыбокае Віцебскай вобл.). Тут па фундацыі 1638 г. Іосіфа Корсака, старосты мсціслаўскага, таго самага, што заснаваў таксама ў Глыбокім касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых, у 1643 г. быў пабудаваны драўляны манастыр базыльянаў. Пры ім існавала невялікая навучальная ўстанова, дзе выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы.
Читать дальше