Вядомая даследніца беларускай архітэктуры А. Квітніцкая, якая ўпершыню ўвяла гэты помнік у навуковы мастацтвазнаўчы ўжытак, лічыла, што кляштарны комплекс картузаў у Бярозе меў абарончае прызначэнне, а шмат ярусная вежа-званіца, што прылягала да прэсбітэрыя касцёла ўнутры манастырскага двара, з'яўлялася абарончым данжонам і на ёй некалі стаялі гарматы. Аднак у час, калі ствараўся комплекс (а гэта быў перыяд станаўлення стылю барока ў беларускім дойлідстве), адбываўся адваротны працэс — вызваленне архітэктурных збудаванняў ад фартыфікацыйных функцый і надання ім яскравых мастацкіх характарыстык. Размяшчэнне гармат унутры двара ўвогуле не мела ніякага сэнсу. Незвычайны прыём размяшчэння вежы-званіцы не на галоўным фасадзе, а ў замкнёным двары, каля алтара, меў на мэце, хутчэй за ўсе, ізаляцыю манахаў ад навакольнага свету, а ў мастацкім сэнсе — акцэнтацыю кампазіцыйнага цэнтра ансамбля. Пэўная ўвага аддадзена дойлідам прыгажосці і завершанасці плана. Дзякуючы падзелу базілікі касцёла на дзве функцыянальныя часткі, план яе набыў не толькі падоўжную, але як быццам і папярочную вось сіметрыі. Адпаведна васьмерыку вежы-званіцы да галоўнага фасада далучана васьмігранная крухта, якую А. Квітніцкая, згодна сваёй канцэпцыі, лічыла абарончым барбаканам. Калі ў большасці абарочных храмаў Беларусі дынаміка аб'ёмаў нарастала ад алтара да галоўнага фасада, дзе знаходзіла выйсце ў вертыкалях вежаў, тут яна накіравана ў адваротным напрамку і пачынаецца ад нізкага ўваходнага тамбура, накрытага пукатым барочным куналам. Нарастаючыя акорды ствараў пышны фасад касцёла з дынамічным рытмам франтонаў, пругка-ніцымі валютамі, аздобленымі востраверхімі пінаклямі. Далей сілуэтная дынаміка збудавання развівалася фігурнай вежкай на даху касцела і завяршалася магутнай вышыннай дамінантай шмат'яруснай вежы-званіцы, увенчанай складаным барочным купалам-«банькай». Як рэфрэн асноўнага матыву, шматразова паўтораны, гучалі вуглавыя вежы манастырскіх карпусоў і агарожы, што надавала мастацкую цэласнасць ансамблю.
Барочны характар архітэктуры яшчэ больш падкрэслівала багатае аздабленне інтэр'ера касцёла, насычанае пазалочанай лепкай, мазаікай, драўлянай арнаментальнай разьбой і аб'ёмнай, поўнай руху скульптурай. Археалагічныя даследаванні апошняга часу выявілі ў раскопах шмат керамічных вырабаў, сярод якіх пераважае зялёнапаліваная дахоўка для пакрыцця будынкаў і разнастайны бытавы і аптэчны посуд. Знойдзены таксама ўзоры паліхромнай кафлі з геральдыкай Сапегаў, расліннымі матывамі і нават з абстрактным пляміста-лінеарным малюнкам.
Сярод іншых буйных культавых ансамбляў Беларусі картэзіянскі кляштар у Бярозе вызначаўся надзвычайным адзінствам архітэктурнай задумы і дасканаласцю яе ўвасаблення, арыгінальнасцю і самабытнасцю аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, абумоўленай спецыфікай ордэнскага статуту. Нягледзячы на сваю гістарычную і мастацкую ўнікальнасць, і гэты выдатны помнік нацыянальнай культуры стаў ахвярай антынацыянальнай дзяржаўнай палітыкі, клерыкальнай варожасці і элементарнай бездухоўнай прагнасці.
Сярод шматлікіх выдатных творчых дасягненняў дойлідаў мінулага адно заслугоўвае асаблівай увагі і павагі. Гэта дакладнае разуменне горадабудаўнічай сітуацыі пры стварэнні новага архітэктурнага ансамбля, уменне стварыць яго не руйнуючы і не раўняючы «пад грабеньчык» непаўторнае наваколле. Старажытныя крэпасці і манастыры ўражваюць удалым выкарыстаннем мясцовасці, дзе б яны ні будаваліся: на ўзгорку ці ў нізіне, у шчыльнай гарадской забудове ці на адкрытай прасторы.
Адным з найбольш яскравых узораў умелага выйсця з даволі неспрыяльных горадабудаўнічых абставін пры захаванні мастацкай выразнасці і самабытнасці архітэктурнага вобраза з'яўляўся ўжо неіснуючы цяпер комплекс манастыра босых кармелітаў у Горадні. Гэты кляштарны комплекс знаходзіўся на правым беразе Нёмана, у пойменнай зоне, даволі нізка па рэльефу. Ён першы сустракаў падарожнікаў на шляху ад пераправы праз Нёман да цэнтра горада, размешчанага вышэй, на надпойменнай тэрасе. Нізіннае змяшчэнне комплексу, ламаная траса важнай транспартнай магістралі старажытнага горада, што праходзіла побач, вызначылі своеасаблівае архітэктурнае вырашэнне гэтага культавага ансамбля.
Каталіцкі манаскі ордэн босых кармелітаў быў «жабрацкі», што вынікае з яго назвы, але зусім нябедны. У Горадні кармелітаў асадзіў каштэлян віленскі Андрэй Катовіч, які ў 1650 г. разам з жонкаю Варварай ахвяраваў ім пляц насупраць праваслаўнай Крыжаўзвіжанскай царквы (Чэснага крыжа). Выява гэтага помніка захавалася на вядомай гравюры Горадні 1568–1572 гг., дзе сярод нізкай жылой забудовы направа ад моста праз Нёман адлюстравана значнае па памерах, круглае ў плане драўлянае збудаванне, завершанае светлавым барабанам з купалам і галоўкай. Верхні ярус будынка абкружала балюстрада. Незвычайнасць кампазіцыі дае падставы меркаваць, што царква была зрублена «ў стоўп», а не характэрным для славянскіх земляў спосабам — гарызантальнымі вянкамі. Вядома, царква Чэснага крыжа належала рамесніцкаму цэху гарбароў, аднаму з буйнейшых у горадзе, а ў XVII ст. стала вуніяцкай.
Читать дальше