На месцы старых драўляных будынкаў у 1756–1763 гг. паўстаў новы мураваны манастырскі комплекс з двухпавярховым жылым корпусам для манахаў і прыгажуняй-царквой у імя святых апосталаў Пятра і Паўла, да якой у 1766–1776 гг. прыбудавалі яшчэ цёплую капліцу. Комплекс дапаўнялі школа, гаспадарчыя пабудовы, сад, абнесеныя мураванай сцяной з брамай, выкананай у адзінай мастацкай манеры з царквой.
Пасля скасавання вуніі ў 1839 г. комплекс базыльянскага манастыра застаўся безгаспадарчым, а затым перайшоў праваслаўнаму мужчынскаму манастыру, які існаваў тут з 1847 па 1874 г., пазней у ім размясціўся жаночы праваслаўны манастыр. У 1919 г. царква перайшла да католікаў, а ў манастырскім будынку змяшчаўся польскі Корпус аховы сумежжа.
У 1930-ыя гг. адбылася рэстаўрацыя комплексу былога базыльянскага манастыра, а таксама праведзены яго абмеры і фотафіксацыя. Актыўны ўдзел у гэтым прымалі Ф. Рушчыц, Я. Булгак, Ю. Клос, А. Ромер і іншыя. Па ўз'яднанні Заходняй Беларусі і БССР з канца 1939 па чэрвень 1941 г. у кляштарных мурах размяшчаўся сталінскі лагер, а пасля Другой сусветнай вайны — турма строгага рэжыму, якая знаходзіцца тут і ў наш час. Царква, часткова пашкоджаная ў вайну, у 1960-ыя гг. канчаткова згінула пад няўмольным катком атэістычнага варварства.
Два стагоддзі над люстрам возера Глыбокае ўзвышаўся рукатворны шэдэўр, што ўвасабляў духоўны свет нашых продкаў, іх разуменне прыгожага. Да таго ж ён нёс складаную семантыка-сімвалічную ідэю, якая аб'ядноўвала філасофска-рэлігійныя супярэчнасці з мастацкім светапоглядам таго часу.
Фатальная раз'яднанасць беларусаў па канфесійнаму прынцыпу толькі ў XVII–XVIII стст. з вялікімі цяжкасцямі была пераадолена стварэннем аб'яднанай грэка-каталіцкай царквы, што, безумоўна, аказала ўплыў на фармаванне беларускай культуры. У манументальным культавым дойлідстве гэты працэс адбіўся найбольш яскрава. Менавіта вуніяцкая архітэктура стала асновай для ўвасаблення мастацкіх прынцыпаў віленскага барока. Найбольш дасканалыя яго ўзоры ў Беларусі — Сафійскі сабор у Полацку, цэрквы ў Беразвеччы, Воршы, Барунах і інш. — вуніяцкія храмы. Іх архітэктоніка іманентна выпрацоўвалася на працягу XVII ст. на аснове ўсходніх і заходніх архітэктурных уплываў, традыцый беларускага абарончага дойлідства, літургічных патрабаванняў і сімволікі як каталіцкай, так і праваслаўнай галін хрысціянскага культу.
Петрапаўлаўская царква ў Беразвеччы, як і большасць помнікаў віленскага барока, уяўляла сабою трохнефавую базіліку з трансептам і дзвюхвежавым галоўным фасадам. Пры агульнай традыцыйнасці структуры архітэктурны вобраз збудавання смелы і наватарскі. Шырокі цэнтральны неф з паўкруглым алтарным завяршэннем пасярэдзіне перасякаецца роўным з ім па вышыні трансептам з таксама закругленымі тарцамі. Як вядома, план у выглядзе крыжа ў верхнім сячэнні базілікі (дома Бога), утвораны перасячэннем цэнтральнага нефа і трансепта, сімвалізуе распяцце. Таму ў беларускім культавым дойлідстве, на сутыкненні рознай канфесійнай сімволікі, вельмі істотнае значэнне мела форма гэтага крыжа — выцягнуты лацінскі ці роўнаканцовы грэчаскі. У беразвецкай царкве план у верхнім сячэнні (без алтарнай часткі) адпавядаў форме роўнаканцовага грэчаскага крыжа, чым аддавалася даніна вуніяцкаму паходжанню храма. У выніку гэтага, дзякуючы выцягнутай алтарнай частцы, стваралася нават уражанне, што ў вонкавай будове мас трансепт нетрадыцыйна ссунуты ў бок галоўнага фасада.
Перакрыжаваныя двухсхільныя дахі над цэнтральным нефам і трансептам на закругленых тарцах завяршаліся выпуклымі франтонамі з пластычным трохпялёсткавым абрысам, якія нагадвалі дыядэму. Фігурны барочны франтон на тарцы цэнтральнага нефа, процілеглым галоўнаму фасаду, упершыню ўжыты ва вуніяцкім Сафійскім саборы ў Полацку (1738–1750), але там ён быў плоскі і аддзяляў больш нізкую алтарную апсіду. У беразвецкай царкве тэма франтона распрацавана больш поўна і шматпланава. Тры франтоны-«дыядэмы» вянчаюць кожны сваю частку і, як карона, будынак у цэлым, адпаведна важнаму прынцыпу стылю барока — падпарадкаванню частак цэламу. Матыў гэты падтрымлівалі і фігурныя франтоны на тарцах манастырскіх будынкаў.
Архітэктура галоўнага фасада беразвецкай царквы заслугоўвае асобнага разгляду. Як адзначаў адзін з польскіх даследнікаў, гэты фасад «пульсуючым нярвовым рытмам выпукла-ўвагнутых акцэнтаў пераважае па мастацкай выразнасці традыцыйныя плоскія і шаблонныя схемы, якіх шмат было ў Цэнтральнай Эўропе аж да канца XVIII ст.». Сапраўды, роўных з ім па прыгажосці храмавых фасадаў знайсці цяжка.
Читать дальше