Як гэта ўвогуле характэрна для мастацкай канцэпцыі барока, асаблівая ўвага нададзена архітэктурнай распрацоўцы галоўнага паўднёвага фасада. Яна заснавана на проціпастаўленні статыкі ніжніх ярусаў імклівай дынаміцы завяршэння. Фасад мае не плоскасную, а прасторавую структуру з дзвюма магутнымі пяціяруснымі вежамі па баках і заглыбленымі прасценкамі паміж вязкамі слаістых пілястраў. Тры верхнія ярусы вежаў рэзка скарачаюцца ўгору па памерах, што стварае моцную аптычную перспектыву і ілюзорнае ўражанне амаль касмічнай узнёсласці архітэктурных мас. Тым жа мэтам служыць ярусная будова франтона, які падзяляецца на ніжнюю частку (атык) і фігурнае завяршэнне. У полацкай Сафіі падобныя на карону атыкавыя франтоны ўпершыню былі ўзведзены на абодвух тарцах двухсхільнага даха цэнтральнага нефа, што надало яшчэ большую выразнасць і маляўнічасць сілуэту пабудовы.
У прапарцыянальным ладзе будынка перавага аддадзена вертыкалям. Важкасць матэрыялу пераадольваецца адухоўленай ідэяй. Дэкаратыўнай пластыцы фасада характэрна барочная групоўка ордэрных элементаў з пульсуючым рытмам вертыкалей і гарызанталей. Архітэктурным чляненням уласціва неакрэсленасць, яны шмат разоў дубліруюцца, разрываюцца, утвараючы тонкую гульню святла і ценю. Яе ўзмацняюць фігурныя філёнгавыя нішы і манахромны ляпны дэкор. Лініі карнізаў плаўна выгінаюцца, нібыта марскія хвалі. Фігурныя абрысы франтонаў, скразныя праёмы званіц на верхніх ярусах вежаў, аздобленых пінаклямі (дэкаратыўныя вежачкі) і люкарнамі (невялікія аконныя праёмы), ствараюць на фоне неба ажурны карункавы малюнак. Знікае адчуванне канструкцыйнай асновы збудавання, яно здаецца вылепленым з мяккага паслухмянага матэрыялу.
Усе гэтыя архітэктурна-мастацкія сродкі ў сукупнасці характарызуюць мастацкую сістэму позняга беларускага (віленскага) барока. Яно вызначаецца самабытнымі рысамі, якія робяць яго адметным ад іншых нацыянальных разнавіднасцей гэтага агульнаэўрапейскага стылю. Вуніяцкі Сафійскі сабор у Полацку храналагічна з'явіўся першым збудаваннем, у якім цалкам і паслядоўна былі ўвасоблены эстэтычныя характарыстыкі архітэктуры віленскага барока. Такім чынам, полацкая Сафія ў трэці раз стала пачынальніцай новага значнага этапа ў гісторыі беларускага дойлідства.
Імя аўтара праекта новага збудавання дакладна невядома. Аднак, верагодна, што Сафія XVIII ст. — твор вядомага майстра віленскага барока І.X. Глаўбіца. Падставай для гэтага меркавання служаць і стылістычныя адзнакі помніка, і яго надзвычай высокі мастацкі ўзровень, і той факт, што ў 1744 г. Глаўбіц па заказу таго ж Ф. Грабніцкага выканаў праект палаца мітрапаліта каля Полацка. Будаўнічымі работамі пры ўзвядзенні сабора кіраваў муляр з Варшавы Б. Касінскі.
Самабытныя рысы віленскага барока знайшлі паслядоўнае ўвасабленне і ў інтэр'еры сабора — у арганізацыі яго ўнутранай прасторы і дэкаратыўным аздабленні. Складаная прафіліроўка слупоў і адпаведны ім ордэрны дэкор ставараюць неакрэсленую цякучую прастору. Але найбольш своеасаблівай адметнасцю інтэр'ера з'яўляецца мураваная алтарная перагародка, архітэктурнае вырашэнне якой адлюстроўвае кампрамісную сутнасць вуніяцкай царквы. Па свайму функцыянальнаму прызначэнню гэтая перагародка, як і іканастас праваслаўнага храма, аддзяляе алтарнае памяшканне ад малітоўнай залы, а па сваёй кампазіцыі і дэкору нагадвае алтары каталіцкіх касцёлаў. Яна мае шматпланавую прасторава развітую структуру, трох'ярусную будову, барочную групоўку ордэрных элементаў. Калоны, анты, пілястры ціснуць і паўтараюць адзін аднаго, шматразова разрываюць складанапрафіляваныя антаблементы, выклікаючы пачуццё няўпэўненасці, усхваляванасці, экстатычнасці быцця. Перагародка аздоблена ляпнымі пазалочанымі гірляндамі, картушамі, капітэлямі і завершана барэльефнай кампазіцыяй «Тройца новазапаветная».
Пасля скасавання вуніі, нягледзячы на чароўную прыгажосць, храм чакаў бы незайздросны лёс, калі б не яго выключная гісторыя і надзвычайная мастацкая далікатнасць, праяўленая дойлідамі XVIII ст. пры пабудове новага сабора. У 1860-ых гг. мастак Д. Струкаў, накіраваны сінодам для вывучэння і фіксацыі праваслаўных старажытнасцей «Северо-Западного края», адным з першых адзначыў наяўнасць у сутарэннях вуніяцкага сабора рэшткаў першапачатковай пабудовы. У канцы XIX ст. існуючы будынак да такой ступені прыйшоў у заняпад, што праз абрушэнні тынкоўкі сталі відны фрагменты старажытнай муроўкі з плінфы і камення. Гэта ўзмацніла цікавасць да помніка з боку археолагаў і гісторыкаў архітэктуры (А. Паўлінаў, П. Пакрышкін, К. Шароцкі). У 1909–1913 гг. былі выяўлены зандажамі амаль усе ацалелыя старажытныя часткі і праведзены капітальны рамонт сабора.
Читать дальше