Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя полацкай Сафіі гэтага часу адпавядала архітэктуры шырока вядомых абарончых цэркваў беларускай готыкі ў Сынковічах, Мураванцы, і асабліва пяцівежавай царквы ў Супраслі, закладзенай у 1503 г. На аснове падабенства гэтых помнікаў і з улікам іншых гістарычных звестак М. Ткачоў датуе перабудову старажытнага Сафійскага сабора ў абарончы 1494–1501 гг., што і робіць яго «першым цытадэльным храмам з чатырма нарожнымі вежамі». Архітэктурныя паралелі паміж супрасльскай царквой і полацкай Сафіяй можна прадоўжыць на аснове аналізу іх тэктанічнай структуры. Ім абедзвюм была ўласціва двухвосевая сіметрыя вянчаючых мас і трохапсіднасць, характэрныя праваслаўным храмам старажытнарускага перыяду. Верхняя частка супрасльскай царквы паміж поясам машыкуляў (навясныя байніцы, размешчаныя ў верхняй частцы сцяны), які завяршаў асноўны простакутны аб'ём, і васьмігранным светлавым барабанам купала знайшла вырашэнне ў выглядзе ўзаемна перпендыкулярных двухсхільных дахаў, якія ўтваралі ў плане папарна роўнаканцовы крыж. Такія ж формы накрыцця існавалі, верагодна, і ў «крыжападобнай» і «пяцігаловай» полацкай Сафіі да 1607 г. Усё гэта сведчыць аб творчым сінтэзе традыцый старажытнарускага і замкавага дойлідства Беларусі.
Аднак у трактоўцы іканаграфічнага матэрыялу па полацкай Сафіі XVI–XVIII стст. мы не можам цалкам пагадзіцца з М. Ткачовым, які лічыў, што будынак фланкіравалі круглыя ад аснавання баявыя вежы. Прадстаўленыя на малюнку С. Пахалавіцкага суадносіны мас збудавання сведчаць хутчэй аб тым, што вежы завяршалі вуглавыя квадратныя ў плане кампартыменты старажытнага сабора. Гэтую думку пацвярджае той факт, што пры археалагічных раскопках не выяўлена падмуркаў і іншых слядоў баявых вежаў.
У канцы XVI ст. Сафійскі сабор у Полацку перайшоў да вуніятаў. У 1607 г. будынак пацярпеў ад пажару і быў адбудаваны да 1618 г. У гэты час у беларускім культавым дойлідстве ішоў працэс станаўлення архітэктурна-мастацкага стылю барока, выразныя сродкі якога спачатку імкнулася выкарыстаць каталіцкая царква з мэтай узмацнення свайго ідэалагічнага ўздзеяння. Затым тыя ж сродкі запазычылі і праваслаўная і вуніяцкая цэрквы, пашырылі іх у будаўніцтве сваіх храмаў, прыстасавалі да густу шырокіх мас, у выніку чаго на працягу паўтара стагоддзяў сфармавалася самабытная нацыянальная разнавіднасць беларускага барока.
Магчыма, па гэтых прычынах пры перабудове Сафійскага сабора ў пачатку XVII ст. па загаду вуніяцкага архібіскупа Я. Кунцэвіча былі зняты вярхі вуглавых баявых вежаў «як непатрэбныя і царкве ніякай красы не прыдаваўшыя».
Якім стаў адноўлены сабор пасля пажару 1643 г., сказаць амаль немагчыма. На канец XVII ст. не захавалася ніякіх апісанняў ці выяў сабора. На плане Полацка 1707 г. Сафія зноў прадстаўлена пяцівежавым абарончым храмам з чатырма двух'яруснымі круглымі вежамі па вуглах і пятай у цэнтры высокага клінчатага даха.
Будынак стаў яшчэ больш падобны на гатычныя інкастэляваныя храмы, але прапорцыі яго мала адпавядалі першапачатковаму Сафійскаму сабору Аналагічнымі малюнкамі на плане горада пазначаны і некаторыя іншыя храмы Полацка. Верагодна, расейскія ваенныя картографы, што выканалі гэты план, выкарыстоўвалі ўмоўныя тапаграфічныя знакі, а не рэальныя выявы будынкаў. Падчас Паўночнай вайны з 1705 па 1710 г. горад займалі расейскія войскі і па загаду Пятра І Сафійскі сабор ператварыўся ў склад боепрыпасаў. 1 траўня 1710 г. у сутарэннях сабора нечакана ўзарваўся порах, і храм быў амаль поўнасцю разбураны выбухам Але гісторыя помніка працягвалася…
Ішло ўжо XVIII стагоддзе. Каранным чынам змяніліся сацыяльна-гістарычныя абставіны. Характар манументальнай архітэктуры станавіўся ўсё больш свецкім і свабодным. Становішча вуніяцкай царквы, яшчэ вельмі нестабільнае ў XVII ст., у першай палове XVIII ст. ужо дастаткова ўмацавалася. Той факт, што найбольш старажытная хрысціянская святыня краю больш за два дзесяцігоддзі ляжала ў руінах, не мог не хваляваць вышэйшае вуніяцкае духавенства. Таму ў 1738 г. па ініцыятыве архібіскупа полацкага Фларыяна Грабніцкага пачалася адбудова вуніяцкага Сафійскага сабора з улікам рэшткаў старажытнага праваслаўнага храма, але на аснове зусім новай эстэтычнай і ідэалагічнай канцэпцыі.
Аб'ёмна-прасторавая структура будынка набыла формы трохнефавай аднаапсіднай дзвюхвежавай базілікі, характэрныя для архітэктуры беларускага барока XVII–XVIII стст. Як вуніяцкі сабор быў пераарыентаваны алтаром на поўнач, пры гэтым даўжыня старажытнай Сафіі вызначыла шырыню новай. Сіметрычна тром усходнім алтарным апсідам праваслаўнага храма ўзведзена заходняя група апсід і ўсе яны трактаваны як рамёны невысокага трансепта. Сярэднія апсіды (вышынёй каля 9 м) атрымалі гранёнае купальнае (з ліхтарыкамі) заверша. Пластычныя формы старажытных і новых бакавых апсід узбагачалі дынаміку агульнай кампазіцыі, якая ўзрастала ад алтара да ўвахода.
Читать дальше