І зноў жа ў наш час складаны гістарычны лёс многіх помнікаў культавага дойлідства ставіць міжканфесійныя пытанні. Цудам выратаваныя ад знішчэння будынкі не могуць падзяліць паміж сабою праваслаўныя і католікі. Яшчэ не ўзнялі свае правы вуніяты і пратэстанты. А ў якасці арбітраў часта выступаюць былыя знішчальнікі — атэісты. Якое ж з гэтага выйсце? Яно ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў незалежна ад іх веравызнання. Толькі генетычна засвоеная культура на падставе вопыту гісторыі выратуе мастацкую спадчыну нашага народа ад канчатковага знішчэння.
Ёсць у беларускім дойлідстве ўнікальны помнік, які за шматвяковую гісторыю свайго існавання тройчы адкрываў шляхі развіцця архітэктурна-мастацкай культуры Беларусі. Гэта Сафійскі сабор у Полацку, першая на нашай зямлі хрысціяская святыня. Неаднойчы спапялёны, зруйнаваны храм, як чароўная птушка Фенікс, кожны раз адраджаўся, узнікаў з небыцця адноўлены, велічны і светлы.
Як вядома, у сапраўдным творы архітэктуры павінны арганічна спалучацца тры асноўныя крытэрыі — карыснасць, трываласць і прыгажосць. На самых ранніх этапах будаўнічай дзейнасці чалавека ўтылітарнае прызначэнне і трываласць збудаванняў значна пераважалі над іх эстэтычнымі характарыстыкамі. Таму ў поўнай ступені нельга лічыць іх творамі архітэктуры. Якасна новы этап развіцця дойлідства ўзнікае з пачаткам грамадскага будаўніцтва, якое ў функцыянальным прызначэнні, найбольш прагрэсіўных канструкцыях і мастацкім вобразе ўвасабляе ідэалагічную праграму сучаснага яму грамадства.
Для нашага краю гэты этап пачаўся больш за 1000 гадоў таму разам з прыняццем хрысціянства і ўзвядзеннем на Старажытнай Русі першых манументальных культавых збудаванняў па візантыйскаму ўзору. На той час царква з'яўлялася амаль што адзіным захавальнікам традыцый антычнай культуры, пісьменнасці і мастацкіх рамёстваў. У культавых будынках апрача рэлігійных рытуалаў праводзіліся і грамадзянскія, напрыклад, прысяга, захоўваліся каштоўнасці, збіраліся бібліятэкі, перапісваліся кнігі, вяліся летапісы. У архітэктуры сабораў і цэркваў, акрамя сімвалічнага сакральнага зместу, былі закладзены ідэі патрыятызму і магутнасці дзяржавы. Асабліва яскрава гэтыя рысы ўвасобіліся ў трох Сафійскіх саборах, узведзеных у XI ст. у Кіеве, Ноўгарадзе і Полацку, асвячоных у гонар «святыя Софии Премудрости Божия». Вядома, што ў галоўным храме Полацкай зямлі прымалі паслоў, абвяшчалі пра вайну і мір, тут знаходзіліся дзяржаўная казна і архіў. Але самым значным фактам з цягам часу стала тое, што Сафійскім саборам у Полацку распачалася гісторыя беларускага манументальнага мураванага дойлідства.
Першае летапіснае ўпамінанне пра Сафійскі сабор прыводзіцца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» у сувязі з падзеямі XII ст. Час пабудовы храма не адзначаны дакладна ў пісьмовых крыніцах. На падставе розных гістарычных звестак даследнікі адносяць узвядзенне сабора падчас княжання ў Полацку Ўсяслава Брачыславіча да сярэдзіны XI ст. (па розных крыніцах да 1066 г. ці больш шырока — паміж 1050–1055 гг.). Пра славутага Ўсяслава Чарадзея аўтар «Слова пра паход Ігаравы» піша так: «Тому в Полотьске позвониша заутренюю рано у святыя Софеи в колоколы, а он в Кыеве звон слыша».
Старажытны Сафійскі сабор у Полацку дайшоў да нашага часу толькі ў рэштках: зберагліся стужкавыя фундаменты, ніжнія часткі сцен і слупоў, тры ўсходнія алтарныя апсіды. Археалагічныя раскопкі і летапісныя помнікі далі магчымасць даследнікам са значнай ступенню верагоднасці рэканструяваць яго першапачатковую аб'ёмна-прасторавую структуру. Гэты вялікі пяцінефавы трохапсідны крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, меў у шырыню (з поўначы на поўдзень) 26,4 м, столькі ж і ў даўжыню без апсід, а з апсідамі — каля 31,5 м. Памеры падкупальнага квадрата адпаведна складалі 5,5 x 5,7 м (паводле П. Рапапорта).
Асаблівасцю аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі полацкага Сафійскага сабора, у параўнанні з кіеўскім, ноўгарадскім і большасцю старажытнарускіх храмаў дамангольскага перыяду, з'яўляецца наяўнасць дадатковай пары слупоў на ўсход ад падкупальнага квадрата. У выніку гэтага паўночны і паўднёвы фасады полацкай Сафіі былі расчлянёныя не на чатыры, як у кіеўскім і ноўгарадскім храмах, а на пяць частак і набылі пэўную сіметрыю, падкрэсленую бакавымі ўваходамі. Разам з традыцыйнай для хрысціянскіх храмаў прадольнай сіметрыяй па восі ўсход — захад папярочная сіметрыя збудавання надавала яго вонкавай структуры цэнтрычнасць. У гэтым, па нашаму меркаванню, выявілася ідэя стварэння ў плане на ўзроўні падкупальнага квадрата роўнаканцовага грэчаскага крыжа, што пазней паслядоўна праводзілася ў праваслаўным будаўніцтве Беларусі, тады як у каталіцкіх храмах асіметрычнае размяшчэнне трансепта надавала верхняму сячэнню будынка форму лацінскага крыжа і, адпаведна, іншую клерыкальную семантыку.
Читать дальше