Ваенна-будаўнічая і пажарная павіннасці мяшчан і воласці фігурыруюць ва ўсіх інвентарах Копысі да 1773 г.
Ранняя гісторыя сучаснага Шклова, які раскінуўся на берагах Дняпра пры ўпадзенні р. Серабранкі (Язоны, Шклоўкі, Шклавянкі), звязана з гарадзішчам Гарадок ля в. Стары Шклоў. Усе даследнікі адзінадушна лічаць, што праўдзівай з'яўляецца народная легенда, якая сцвярджае, што горад узнік у гэтым месцы і знаходзіўся там да тых часоў, пакуль нейкія абставіны не прымусілі перанесці яго на 4 км бліжэй да Дняпра, на сучаснае месца. Некаторыя аўтары лічаць, што гэты акт здзейсніўся хутка пасля пажару 1668 г., які знішчыў горад. Аднак аналіз усяго комплексу гісторыка-археалагічных матэрыялаў малюе іншую гісторыю і іншы лёс гэтага падняпроўскага беларускага горада.
Шклоў пачаў сваё існаванне на высокім і крутым беразе рэчкі Шклоўкі, там, дзе зараз захавалася гарадзішча Гарадок. Загароджаная з напольнага заходняга боку высокім, да 7 м, земляным валам пляцоўка гарадзішча формы чатырохвугольніка (60 х 64 х 30 х 57) мае невялікі ўхіл з захаду на ўсход. Яна ўзвышаецца над водамі рэчкі, якая працякае ля падэшвы гары, на 15–17 м. З поўначы, усходу і поўдня дастаткова крутыя і высокія схілы пазбаўлялі жыхароў ад лішняй і працаёмкай фартыфікацыйнай работы. Шлях жа на гарадзішча ішоў па самаму краю пляцоўкі, кантраляваўся з верху абарончага вала. Параметры вала (шырыня ў аснаванні да 20 м, на вяршыні — 4,5–5 м) дазвалялі тут размяшчаць як абарончыя сцены, так і вежы. Пазней, у XVІ ст., відаць, тут стаяла артылерыя.
Археолагі даўно звярнулі ўвагу на гэта гарадзішча і сінхроннае яму селішча, дзе былі знойдзены як матэрыялы ХІІ-ХІІІ стст., так і больш позняга часу. Можна з упэўненасцю гаварыць толькі пра канец XVІ ст. як апошні этап існавання Старога Шклова. Першае ўпамінанне пра яго сустракаецца ў 1535 г., калі войскі маскоўскага ваяводы Шуйскага, спаліўшы ўсё вакол Шклова, спалілі і яго. Да 1542 г. Шклоў належаў роду Гаштольдаў (Гастаўтаў), які хутка згас, а затым перайшоў да роду Хадкевічаў. Адзін з іх — Іеранім насіў тытул графа і называў свае валоданні вакол Шклова графствам. З сярэдзіны XVІ ст., з моманту перахода горада да Хадкевічаў, яго лёс раздваіўся. Магнаты Хадкевічы, уладальнікі вельмі вялікіх зямельных латыфундый, людзі адукаваныя, якія добра разбіраліся ў тагачасным палітычным і гаспадарчым жыцці, не маглі не бачыць усіх выгод ад Дняпра, што працякаў праз іх валоданні. Гэтая важнейшая гандлёвая артэрыя, відаць, навяла іх на думку стварыць непасрэдна на беразе магутнай ракі новае паселішча, якое атрымала ў спадчыну добра вядомую ў акрузе і за яе ваколіцамі назву «Шклоў». Абодва паселішчы некаторы час існавалі сінхронна. Каб іх адрозніць, ужываліся назвы «место Шкловское» для новага горада і «Старый Шклов» для ранейшага радаслоўнага і гістарычнага гнязда. Дзесьці ў 70-ых гг. XVІ ст. амаль адначасова з Магілевам Шклоў атрымаў магдэбургскае права.
Хоць Шклоў і знаходзіўся ў баку ад старой ваеннай дарогі Дуброўна-Ворша-Менск-Вільня, аднак войны наведвалі і яго. У 1562 і 1580 гг., у час Інфлянцкай вайны, яго двойчы спалілі маскоўскія войскі. Калі пасля 1562 г. Стары Шклоў як горад яшчэ згадваецца, то пасля 1580 г. ён знікае са старонак дакументаў. Спачатку жыццё «на два Шкловы», відаць, задавальняла іх уладальнікаў. Пад апекай Старога Шклова новае «место Шкловское» паступова расло і развівалася, ператварыўшыся ў адзін з буйнейшых гарадоў Беларусі. Знішчэнне іх у час Інфлянцкай вайны ў 1580 г. зняло дылему пра два Шкловы. Хутчэй за ўсё было вырашана Стары Шклоў не аднаўляць, а засярэдзіць усю ўвагу на новым горадзе. З гэтага часу гісторыя ўжо пісалася толькі для сучаснага Шклова, удала размешчанага на ажыўленай сухапутнай і воднай гандлёвай дарозе. Знаходзячыся ў цэнтры густанаселенага рэгіёна, дзе пераважала грашовая рэнта і была слабай фальварачная гаспадарка, Шклоў да таго ж стаў рэдкім прыватнаўладальніцкім горадам, дзе адсутнічала мытная камора. Гэта прываблівала замежных і мясцовых гандляроў і давала вялікія прыбыткі ўладальніку горада і яго магістрату.
Тэрытарыяльнаму, эканамічнаму росту і ваеннай магутнасці горада таксама садзейнічала моцная ўлада гарадскога самакіравання. У першай палове XVІІ ст. эканоміка Шклова квітнела. Ён займаў сёмае месца па памерах і колькасці жыхароў пасля Вільні, Магілева, Берасця, Слуцка, Менска і Полацка.
Горад развіваўся пад абаронаю магутных умацаванняў, умела былі выкарыстаны штучныя і прыродныя водныя рубяжы. З усходу горад надзейна прыкрываў Дняпро, які і цяпер дасягае шырыні больш за 150 м. З поўдня і захаду, дзе працякала р. Шклоўка, дзякуючы дамбе з плацінаю ўзнікла вялікае возера. Яно прыкрывала Шклоў і яго новы замак, што стаяў на мысе ля зліцця рэк. Згодна інвентару 1643 г., яго абарончы роў запаўняўся вадой р. Шклоўкі, названай у дакуменце «ракою Язонаю». Праз раку быў перакінуты мост на «ізбіцах», які надводзіў да брамы з «узводам» — пад ёмным мостам «на чопах жалезных з рэфамі жалезнымі». Увесь пабудаваны з дрэва замак з аднаго боку ад ракі прыкрываў паркан, з другога боку — вастракол. Горад абкружаў магутны земляны вал, на якім стаяў «паркан из дерева, построенный избицами, с баштами и брамами». Гэтыя сведчанні дапаўняюцца дадзенымі з падарожных запісак князя Багуслава Радзівіла, які наведаў у 1647 г. Шклоў і адзначыў у Шклоўскім замку наяўнасць дзвюх вежаў. Да гэтага неабходна дадаць і замкавую браму інвентару 1643 г., усе чатыры брамы горада Копыскую, Магілеўскую, з Галоўчына, Астроўскую.
Читать дальше