Між тым у 1666 г. ваенныя дзеянні паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэчай Паспалітай аднавіліся. Летам царскія войскі зноў занялі Копысь і выйшлі адтуль толькі ў сувязі з падпісаннем Андрусаўскага перамір'я ў студзені 1667 г.
У 1668 г. у Копысі пачаліся вялікія работы па рэканструкцыі ўмацаванняў замка і запруды млына, дзякуючы якой замкавы «капец вада наўкола аблівала». Замак быў умацаваны земляным валам і чатырма больверкамі. Прычым у 1668 г. тры з іх былі ўжо гатовыя, а чацвёрты заканчвалі будаваць. Калі раней у замку было дзве брамы і дзве брамкі-форткі, зараз пакінулі толькі адну ўязную браму, перад якой размяшчаўся пад'ёмны мост і вадзяны млын. Вада стаўка адыгрывала значную ролю ў абароне подступаў да замка. Пасярэдзіне замкавага двара знаходзілася студня з пад'ёмным колам і вядром, акаваным жалезам. Інвентар 1668 г. адзначае, што ўсё «место» Копысь знаходзілася «в паркане и на избицах». Сюды можна было ўехаць праз Аршанскую, Горскую, Шклоўскую і Крупніцкую (раней Гарадзецкую) брамы. Акрамя таго, былі яшчэ тры «форткі» — брамкі, з якіх дзве адчынялі выхад да Дняпра, адна — у поле. Горад паступова пачаў адбудоўвацца. Узніклі «слабоды» на Заваллі, «пад парканам», на прадмесці і за брамай Аршанскай.
У 1670 г. працягваліся работы па перабудове ўмацаванняў замка. Інвентар Копысі, складзены 18 кастрычніка 1684 г., паведамляе пра агульную даўжыню гарадскога паркана, якая раўнялася 3370 літоўскім локцям, г. зн. 2190,3 м. У 1690 г. дакументы фіксуюць ужо толькі дзве брамы. Магілеўскія магістрацкія людзі, прыехаўшыя сюды па справах, «на варту выдали у Копысцю ў двух брамах осьмаков тры».
Жыхары Копысі яшчэ не акрыялі ад вайны сярэдзіны XVІІ ст., а на парозе ўжо стаяла новая вайна — Паўночная. Адступаючы на поўдзень, расейскія войскі ў 1707 г. поўнасцю спалілі горад, гарадскія і замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю гарадскога арсенала, у тым ліку ўсе гарматы. Інвентары 1707 і 1713 гг. даюць уяўленне пра абрабаваны і разбураны горад і яго ваколіцы. Адзначалася, што зямля — гарадскія і сельскія валокі — пустуе і зарастае лесам. Тым не менш усе жыхары «места» і воласці ў 1713 г. былі зноў мабілізаваны на збудаванне «паркана і ізбіц новых, паколькі каля горада цяпер цалкам нічога няма», бо «і паркан, вал, ізбіцы каля места… усё Масквою зруйнавана і апала». Перш за ўсё пачалі аднаўляць Аршанскую і Шклоўскую брамы. Астатнія ў дакументах нават не ўпамінаюцца. Вадзяны роў вакол замка заплыў прынесеным з палёў пяском і яго з цяжкасцю ачышчалі. Цікава, што інвентары таго часу сярод фартыфікацыйных работ, праведзеных расейскімі войскамі ў час Паўночнай вайны, называюць толькі пастаноўку штыкета на земляным вале, бастыёны якога, як вядома, былі ўзведзены намнога раней, у 1688 г. Штыкет ставілі тады, акрамя сялян Копыскай воласці, жыхары многіх іншых навакольных валасцей, якія вывозілі дрэва з бліжэйшых лясоў. Пазней, у 1707 г., вакол Копысі некалькі дзесяткаў палкоў расейскіх войскаў сумесна з сялянамі Аршанскага павета і Магілеўскай эканоміі ўзводзілі бастыённыя ўмацаванні. Гэтым рабілася спроба сарваць у ваколіцах горада пераправу шведскіх войскаў, праз абмялелае Дняпро. Назва «Пятроўскі вал» адносіцца да гэтых умацаванняў.
У 1717 г. на гарадскім вале стаяў частакол — «астрог». Дакумент адзначае, што старыя ўмацаванні — «паркан і ізбіцы» — цалкам адсутнічаюць і іх трэба нанова будаваць. Усё гэта ўдалося ўзнавіць толькі ў 1724 г.
Наступныя 12 інвентароў Копысі за 1726–1773 гг. даюць удакладненні планіроўкі горада і паведамляюць пра элементы ўмацаванняў горада і замка. Яны перыядычна паднаўляліся, перабудоўваліся, у цэлым не змяніўшы сваю структуру да моманту ўключэння горада, як і ўсёй Усходняй Беларусі, у склад Расейскай імперыі. Так, замак захаваў чатыры бастыёны, рэгулярна змяняючы драўляныя сцены — палісад. Замкавая ўязная драўляная брама мела двайныя вароты з магутнымі запорамі. Другі паверх займала зала, вакол якой была зроблена кругавая галерэя верхняга бою. Памяшканне другога паверха выкарыстоўвалі то для захавання ручной агнястрэльнай зброі, то выконвала ролю замкавай бажніцы, дзе спраўлялі «святую імшу», то служыла лямусам. Памяшканне асвятлялася чатырма вокнамі. Вежа была крытая гонтам. Яе завяршаў флюгер — «ветранік» з белай бляхі ў выглядзе арла.
З варотаў горада пастаянна згадваюцца тры брамы — Аршанская, Шклоўская і Крупніцкая. Горскую больш, відаць, не аднаўлялі. Аршанская і Шклоўская брамы былі, згодна апісанням, аднолькавай канструкцыі, двух'ярусныя, драўляныя, з двума варотамі, якія адмыкаліся на два бакі. Яны мелі па дзве каморкі. Адна, якую апальвалі, «іздобка» служыла жытлом для вартаўнікоў. Брамы, крытыя гонтам, мелі наверсе «ветранікі». Уваход з боку поля ў іх ішоў праз пад'ёмныя масты, перакінутыя праз вадзяны абарончы роў. Усе брамы захаваліся да 1773 г. і ўзводзіліся з брусоў. У лініі гарадскіх умацаванняў меліся «форты» — брамкі, якія выводзілі ў поле і да Дняпра.
Читать дальше