Познія беларуска-літоўскія летапісы паведамляюць, што пасля таго, як сын князя Міндоўга Ердзвіл заняў Друцак, горад з ХІІІ ст. увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1396 г. у разгар барацьбы за велікакняжацкі пасад між Свідрыгайлам і Вітаўтам дручане спачатку падтрымлівалі першага. Вітаўт «облег» Друцкі замак і прымусіў «княжат друцких с боярами своими» прынесці яму прысягу.
У 1506 г. крымскі хан Махмет-Гірэй, напаўшы на землі Цэнтральнай Беларусі, пусціў загоны пад Вільню, а таксама да Віцебска, Полацка і Друцка і «в Друцку много зла сотворил». Наваколле апошняга, напэўна, было спалена. Пазней, у 1508 г., калі пачаўся мяцеж М. Глінскага і да горада падышлі маскоўскія ваяводы, «князи друцкия здалися и з горадом и крест целовали, что им служити великому князю московскому», упусцілі ў горад маскоўскія войскі ваяводы В. Шамячыча. Аднак у 1509 г. «водлуг перемирья» Друцак зноў быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага, хаця адзін з князёў — Андрэй Друцкі — прыняў маскоўскае падданства. З тых часоў Друцак па частках належаў шматлікім прадстаўнікам князёў Друцкіх-Горскіх-Любецкіх, Талачынскіх. У 1514 г. горад быў разрабаваны маскоўскімі войскамі. Гэта паўтарылася ў 1524 і 1535 гг.
У сувязі з частым упамінаннем у крыніцах XVІ ст. тэрміна «друцкія палі» Л. Аляксееў выказаў меркаванне, што гэта «трэба разумець так, што крэпасць ужо не існавала» і што пачынаючы з XVІ ст. Друцак вядомы, відаць, толькі як геаграфічная назва. Выказана таксама думка, што «горад, відаць, загінуў у час аблогі ад пажару ў канцы XV — пачатку XVІ стагоддзя і больш не ўзнаўляўся». Аднак аналіз гістарычных крыніц паказвае, што такое меркаванне з'яўляецца дачасным, а тэрмін «друцкія палі» мае тлумачэнне. Сам жа Л. Аляксееў пераканаўча даказаў, між іншым, што Друцак узнік у гушчы старажытных паселішчаў, якія стаялі на волаку. Праз яго траплялі ў басейн Дняпра з Заходняй Дзвіны. Акрамя таго, горад зручна размяшчаўся на перасячэнні важных гандлёвых шляхоў на ўсход (Смаленск, Масква), на поўнач (Полацак, Віцебск, Пскоў, Ноўгарад), на захад (Менск, Вільня, Кралявец, Варшава), на поўдзень (Чарнігаў, Кіеў). Раўнінная паверхня вакол Друцка, улічваючы гушчыню тут курганных могільнікаў, яшчэ ў старажытнасці пазбавілася лясоў, што прывяло да непазбежнага разворвання ўсёй навакольнай тэрыторыі. У канцы XV — пачатку XVІ ст. Друцак апынуўся не так на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, як на скрыжаванні дарог, якімі сюды прыходзілі частыя і разбуральныя войны.
Да Друцка рознымі шляхамі дабіралася войска Вялікага Княства Літоўскага, каб бараніць усходнія гарады дзяржавы. І наадварот, войскі Маскоўскай дзяржавы, дабраўшыся да Друцка, маглі рухацца на Беларусь у трох напрамках, кантралюючы адначасова і шляхі адыходу. Ваколіцы Друцка — «друцкія палі» былі зручнымі для канцэнтрацыі і прывядзення ў належны стан вялікай колькасці войскаў, якія размяшчаліся ля стратэгічна важнага скрыжавання. Яно дазваляла зрабіць патрэбны тактычны манеўр, адкрывала дарогу для аператыўнай прасторы. Усё гэта бачылі і выкарыстоўвалі маскоўскія і літоўскія ваяводы. Летапісцы фіксуюць маскоўскія палкі «на друцкіх палях» у 1514 г. колькасцю «осьмдесять тысяч» напярэдадні вядомай Аршанскай бітвы. Яны зафіксаваны ў 1524 г. у дакументах, якія паведамлялі, што «неприятель московитин собирался идти под Витебск, и под Кричев, и Оршу, або под Могилев, або под Дубровну, а тым замки обогнавши, ити бы имели к Друцким полям, делаючи шкоду панству нашому, чого же им Боже не помози».
«Стягнутися на полях Друцких» павінны былі ў разгар Інфлянцкай вайны ў 1564 г. пасланыя Іванам ІV 80 тыс. войску ваяводы П. Сярэбранага з 50 «тысячмя комонников» ваяводы П. Шуйскага. Праз два гады, у 1566 г., на Святую Троіцу тут збіралася войска Вялікага Княства Літоўскага для таго, каб прадоўжыць вайну з «Масквою». Жыць на такім бойкім і багатым на ваеннае ліхалецце месцы было цяжка. Напэўна, не выпадкова назваў гэту мясцовасць С. Герберштэйн, які праязджаў тут у 1517 і 1525 гг., раёнам «найвялікшых пустынь». Аднак жыццё ў гэтых «пустынях» усё ж цеплілася вакол Друцкага замка. Як і сам Друцак, замак працягваў існаваць. У 1544 г. дакументы зафіксавалі часткі «держанья» князя В. Ю. Талачынскага: «… в замку Одруцку, которые части мне пришли от братьи моей, тых частей моих 1/3 часть в замку Верхнем и в Нижнем городище и на месте (г. зн. у горадзе. — М.Т.) у дворищах мещанских, и в огородах, и в землях пашных тых же дворищ мещанских». Звесткі пра Горны і Дольны замкі ёсць за 1545 і 1549 гг. У 1558 г. П. Б. Храптовіч прадаў Рэчыцкаму дзяржаўцу і старосту Любашанскаму, маршалку гаспадарскаму Анікею Гарнастаю «за 200 коп грошей литовских монеты и личбы Дудаковичи и Горы и часть держанья в замку Друцком». Складзенае, відаць, у канцы XVІ ст. «Списанье замку Друцкого» называе яшчэ некалькі князёў і паноў, якія мелі тут свае часткі «держанья» — Багдан Езярэцкі, староста Ашмянскі, князі Любецкія з панам Харлінскім, князі Сакалінскія і паны Падбярэзскія. Дакумент таксама называе павіннасці навакольных сёл Дудаковіч, Сакольні, Талачына, Круглага, Канаплян, Коханава, Сянно, Расчына, Васілевіч, якія выканалі сваю частку «городовой работы» і шукалі ў ваенны час выратавання ў Друцкім замку, дзе ў іх меліся свае гародні. Ясна, што друцкія ўмацаванні будавалі залежныя сяляне, але канкрэтна колькі, чаго і з якіх сёл «Списанье» не называе. Згодна інвентару, яны ўзводзілі Верхні («Горни») замак Друцка, дзе тады стаялі дзве вежы, у тым ліку і вежу-браму, 80 гародняў і між імі два дамы.
Читать дальше