За Пясочнай вежай ішоў у 80 сажняў (170,5 м) адрэзак сцяны, што падыходзіў да Шклоўскага замка, апісання якога няма. Называецца толькі «звено города от угла до угла» даўжынёю ў 25,5 сажня (54,4 м). Не ясна, сутыкаліся сцены замка са сценамі горада ці іх падзяляў роў, што верагодней за ўсё, але далей зноў працягваліся гарадскія ўмацаванні — 30 сажняў (каля 64 м) сцен і «вывод». Пад ім меўся закрыты наглуха тайнік. Згодна вопісу, дадзены «вывод» уяўляў сабой адрэзак сцяны, магчыма, і бастыён, які размяшчаўся каля Рабкоўскай вежы, працягласцю ў 25 сажняў і 2 аршыны, і відаць, знаходзіўся блізка да вады. Зрублены гэты «вывод» быў «по городовому», г. зн. у дзве сцяны. Ён злучаўся з вуглавой «Угорскай» (Рабкоўскай) вежай «у мельницы по конец пруда».
Як відаць з вопісу 1657 г., Шклоў сапраўды быў буйным горадам, агульная даўжыня ўмацаванняў якога перавышала 2,25 км. Акрамя праязных, глухіх і невялікіх вежаў — «выводов», тут меліся і вывады зусім другога тыпу — «выводы пушечные» — бастыёны, якія звычайна прыкрывалі вялікія вежы ля іх падножжа. Асабліва гэта датычыць вуглавых вежаў — Тайнічнай, Казлоўскай і Ўгорскай (Рабкоўскай).
У час ваенных дзеянняў 1654–1667 гг. Шклоў не раз трапляў у эпіцэнтр вайны. Пасля поспехаў войскаў Рэчы Паспалітай зімой 1654/55 года ён быў адным з нямногіх падняпроўскіх гарадоў Беларусі, якія засталіся ў руках маскоўскіх войскаў, і ператварыўся ў буйную ваенную базу. Сюды перавозілі артылерыю і боепрыпасы з Копысі, пазней поўнасцю спаленай. Між тым у пачатку студзеня 1654 г., у перыяд актыўных дзеянняў войскаў Рэчы Паспалітай, ваяводы паведамілі цару, што «шкловцы, государь, по распросным речам… к литовским людям от себя писали же, что они хотят Шклов город здать». Але справа да гэтага тады не дайшла ў сувязі з поспехамі маскоўскіх войскаў. Летам 1655 г. тут знаходзілася царская стаўка. У кастрычніку 1660 г. войскі Сапегі, Палубенскага і Чарнецкага, не без згоды гараджан, лёгка авалодалі Шкловам, пакінуўшы тут усяго 200 драгунаў на чале з капітанам. Відаць, адной з прычын хуткага захопу Шклова паслужыў вываз адсюль маскоўскімі войскамі амаль усёй артылерыі. 20 чэрвеня 1660 г. тут налічвалася ўсяго «9 пищалей средних, 5 пищалей полковых в станках, пищаль небольшая на вертлуге». З прыходам войск Сапегі артылерыйскі парк павялічыўся.
Князь Ю. Даўгарукі двойчы пісаў лісты да войта, бурмістраў, райцаў, лаўнікаў і мяшчан, «чтоб они, оставя ляцкие прелести…город Шклов нам сдали вскоре безо всякого кровопролития». У выпадку адмовы абяцаў, што за гэта «учинится им какое кровопролитие, и то им будет самим от себя». 11 лістапада 1660 г. да горада падступіла войска П. А. Даўгарукага і М. Рцішчава. У данясенні цару адзін з ваявод пісаў пра свае дзеянні: «…учиня шанцы, велел стрелять из пушек и всякие промыслы чинить опричь приступу, призывая сдаваться». Аднак «шкловские осадные де сидельцы почали слободы жечь и вышли на вылазку по сю сторону реки Днепра многие люди и русские изменники, и с твоими ратными людьми был бой с 2-го часа дня 6 час… и твои ратные люди многих шкловцев на той вылазке побили и переранили и в город прогнали, и в слободах многих дворов выжечь не дали, и в шкловской де слободе почали строиться обозами твои ратные люди и делать шанцы». Пасля сутыкнення на левым беразе Дняпра войскаў маскоўскіх ваявод з узначаленымі Ліпніцкім і Баброўніцкім войскамі Рэчы Паспалітай апошнія адступілі назад у горад. Паколькі ваяводам стала вядома, што шклоўцы, «жилецкие люди, осаду крепят и хотят сидеть в осаде накрепко», яны адступілі да Магілева.
Дзеянні шклоўцаў прывялі да рашэння вялікага князя і сойма Рэчы Паспалітай у 1661 г. даць «…мяшчанам шклоўскім… генеральную амністыю (за здачу горада ў 1654 г. — М.Т.) і на 4 гады вызваліць ад падаткаў за выключэннем падатку салянога, чопавага і мыта старога».
У тым жа годзе быў зноў складзены пасля працяглага перапынку інвентар замкаў у Шклове. З яго вынікае, што за перыяд вайны ў структуры ўмацаванняў змен амаль не адбылося і апісанне іх ў асноўным ідэнтычна інвентару 1643 г.: тут былі кругавы вал з драўлянымі сценамі і вежамі вакол горада і замак з яго ўмацаваннямі. Пасярод замка стаяла высокая драўляная вежа, з якой вёўся абстрэл наваколля.
У 1666 г., выкарыстаўшы напружаныя палітычныя абставіны ў Рэчы Паспалітай, выкліканыя паўстаннем Е. Любамірскага супраць вялікага князя і караля, Расея перапыніла мірныя перамовы і зноў пачала ваенныя дзеянні. Летам 1666 г. маскоўскія войскі пад камандаваннем Я. К. Чаркаскага, І.С. Празароўскага, І.А. Варатынскага занялі Шклоў і Копысь, паспрабавалі ўзяць Магілеў, але былі адбіты. Шклоўскую шляхту па загаду цара саслалі ў Казань. Між тым вайна закончылася Андрусаўскім перамір'ем. Вынік яе для Шклова быў сумным. Інвентар 1661 г. зафіксаваў, што з 1220 дамоў, якія былі ў горадзе ў 1650 г., да 1661 г. захавалася толькі 490, а насельніцтва зменшылася з 8540 да 4375 чалавек. Да 1693 г. колькасць жыхароў узрасла да 7210 чалавек, але Паўночная вайна, якая затым пачалася, зрабіла сваю справу. У 1715 г. тут налічвалася толькі 6210 жыхароў.
Читать дальше