Пад час вайны 1554–1667 гг. з 1648 па 1667 г. Койданава некалькі разоў было спалена, асабліва спустошана ў 1655 г. Тым не менш у хуткім часе пасля заканчэння вайны ўмацаванні горада былі адноўлены. Так, у інвентары 1669 г. у Койданаве ўпамінаюцца гарадскія Менская і Слуцкая брамы. Хутчэй за ўсё мелася яшчэ адна брама, якая выводзіла на Віленскі шлях.
Адсутнасць архіўных матэрыялаў не дазваляе вызначыць, якія гэта былі збудаванні. Аднак іх канструкцыі былі падобныя на ўмацаванні іншых беларускіх гарадоў. Каменныя пабудовы замка і кальвінскі збор існавалі да 40-ых гадоў XX ст.
Гарадзішча Замкавая гара ў Давыд-Гарадку было дзядзінцам старажытнага паселішча, пазней цэнтрам абароны сярэдневяковага «места», якое размешчана на высокім правым беразе р. Гарыні, Яно займае асобны ўзгорак, які з захаду агінае Гарынь, з паўднёвага боку — невялікая р. Няпраўда (яна ж Няволя, Чартарыя), з усходу прымыкае балоцістая нізінная лугавіна. З поўначы вузкі і даволі глыбокі, але нешырокі, каля 10–15 м роў, які цяпер заплыў, аддзяляе Замкавую гару ад карэннага берага. У розныя гады помнік вывучалі археолагі Р. Якімовіч, П. Рапапорт і П. Лысенка, які адносіць дату ўзнікнення горада на пачатак ХІІ ст.
З-за асаблівых, чыста палескіх умоў свайго існавання схаваны сярод пушчаў і балот Давыд-Гарадок нават у перыяды свайго найбольшага росквіту ў якасці феадальна-ўладальніцкага горада не меў уласна гарадской лініі ўмацаванняў. Яна поўнасцю базавалася на магутнасці замка, які атрымаў у спадчыну ад старажытнага дзядзінца яго прыродныя і штучныя абарончыя якасці, значна ўдасканаленыя ў сярэднія вякі. Замкавая гара ўзвышалася на 3–5 м над чэрвеньскім урэзам вады ў Гарыні і мела пляцоўку круглявай формы дыяметрам 100–110 м. Уся яна была абкружана магутным земляным валам, насыпаным з рачнога пяску. Унутры насыпу знаходзіліся драўляныя субструкцыі, якія ступенчата размяшчаліся ў насыпу. Гэта падтрымлівала пэўную заданую круцізну схілаў вала, асабліва знешняга. Вышыня такіх сасновых сцен — эскарпаў унутры вала дасягала 1 м. Сапраўдная вышыня абарончага вала і яго параметры ў XV-XVІІІ стст. невядомыя. Уцалелыя часткі былога вала дасягаюць вышыні каля 2 м і шырыні ў аснове да 10 м.
З канца ХІV ст. Давыд-Гарадок увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў велікакняжацкім валоданнем, але часта перадаваўся на ўтрыманне розных людзей. Так, з 1456 па 1499 г. ім валодаў збеглы з Масковіі князь Іван Васілевіч Яраславіч, праўнук Уладзіміра Андрэевіча Серпухаўскага. Затым да 1523 г. Давыд-Гарадок знаходзіўся ў валоданні яго сына Фёдара Іванавіча Яраславіча. Ад яго горад дастаўся вялікай княгіне Боне, ад яе 20 траўня 1558 г. перайшоў у рукі князёў Радзівілаў, якія валодалі ім да канца XVІІІ ст.
Гісторыя ўмацаванняў Давыд-Гарадка XVІІ-XVІІІ стст. узнаўляецца паводле 15 падрабязных інвентароў горада і воласці. Яны не толькі дакладна раскрываюць структуру абарончых умацаванняў замка, але і паказваюць ваенна-будаўнічыя павіннасці мяшчан і сялян воласці ў розныя гады.
Старажытнейшы з вядомых інвентароў дае ўяўленні пра ўмацаванні замка, апісаныя 23 траўня 1605 г., калі Давыд-Гарадок належаў князю Альбрыхту Радзівілу. Аднак, ведаючы тэрміны старэння драўляных пабудоў (12–15 гадоў), інвентар фактычна раскрывае структуру абарончых збудаванняў, узведзеных у 90-ыя гады XVІ ст. Згодна інвентару, вакол замка стаяў паркан «дужа злы часткова», які меў выгляд гародняў, пакрытых старымі драніцамі. Згадваецца ўчастак «стаячага паркану», г. зн. частакол. З боку ўезда ў паркане знаходзілася «вежа з брамаю», якую нядаўна ўзвялі замест ранейшай. Яна яшчэ не мела даху. Акрамя традыцыйнай вежы-брамы ў паркане стаялі старыя і гнілыя «башты», пяць «вежак», таксама старых і разбураных. Ідучы ў замак «с двора», неабходна было перайсці «мост немалы», які падводзіў да выязных варотаў з пад'ёмным мостам на ланцугах. Зайшоўшы на тэрыторыю замкавага панадворку, злева рэвізоры зафіксавалі дзевяць гародняў «без дзвярэй», якія моцна апалі і пагнілі. Далей называюцца дзве вежы — адна мела ўваход з гародняў ля яе, другая згніла і была адбудавана толькі да паловы. Дакумент адзначае, што будаваць гэта павінна была шляхта — «зямяне яго міласці князя», але, як відаць з апісання, шляхта ігнаравала свае павіннасці.
Гараджане будавалі і даглядалі ў лініі замкавых умацаванняў 55 сажняў паркану і «башты пры сваім прасле». Акрамя таго, з боку горада мяшчане абавязаны былі ўмацаваць падэшву замкавай гары — «капца», каб яго не падмывала вада. Гэта рабілася з дапамогаю паляў і сухога галля.
Читать дальше