Цэнтрам абароны сярэдневяковага Клецка быў дзядзінец летапіснага горада Клечаска (1128), які мясціўся на прыродным узвышшы левага берага р. Лані. Плошча замчышча ў плане мае абрыс круга дыяметрам 80 м. Яна абкружана валам вышынёй 1,3–1,5 м. Прарэзка вала, праведзеная восенню 1981 г. аўтарам, паказала, што асноўны насып вала ўзвялі ў ХІ ст. з пяску і жвіру і ў далейшым падсыпалі не менш за пяць разоў. Аднак ядро сярэдневяковых умацаванняў замка складаў насып старажытнага вала шырынёй у аснове да 8 м і вышынёй 2,5–3,0 м. Пляцоўка замчышча ўзвышалася над далінаю р. Лані на 8-10 м. Яна аддзялялася ад астатняга плато абарончым ровам, які меў шырыню да 35 м і глыбіню 6–7,5 м. Воды ракі, паднятыя запрудаю, наваднялі яго і прыкрывалі подступы да замка. Сюды можна было трапіць праз мост, перакінуты да замкавай брамы. Прарэзка вала выявіла ў двух падсыпках рэшткі драўляных першапачатковых канструкцый, ад якіх захавалася толькі парахня. Каменных сцен і вежаў замак, зыходзячы з даследаванняў, ніколі не меў.
З XVІІ ст. Клецак знаходзіўся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і быў часткай велікакняжацкага дамена. Ён часта перадаваўся ва ўтрыманне розных асоб. З 1456 па 1523 г. ім валодаў збеглы з Масковіі князь Іван Васілевіч Яраславіч, праўнук Уладзіміра Андрэевіча Серпухаўскага, а затым яго сын Фёдар Іванавіч Яраславіч. З 1523 па 1558 г. ён быў у валоданні вялікай княгіні Боны, ад якой 20 траўня 1558 г. горад перайшоў да Радзівілаў. Яны валодалі Клецкам да канца XVІІІ ст.
У 1503 г. горад узялі крымскія татары, якія «жегше город Клецак». Верагодна, гэта ж паўтарылася ў 1506 г., калі татары «пришедши до Клецка, стали там кошем». Вядома, што тады іх ушчэнт разбілі ў раёне Краснага Става літоўскія палкі, якія вызвалілі 40 тысяч палонных мірных жыхароў.
Як і большасць прыватнаўладальніцкіх гарадоў Радзівілаў, Клецак быў умацаваным горадам. Ён меў не толькі замак, але і лінію гарадскіх умацаванняў, якія ахоплівалі тэрыторыю старажытнага навакольнага горада. І замак, і горад абараняліся земляным валам, умацаваннямі. На гравюры Т. Макоўскага, якая падае выяву Клецка канца XVІ ст., добра відаць дзве чатырох'ярусныя драўляныя вежы з байніцамі, сцены-гародні, зверху накрытыя стрэшкамі. Горад меў сваю артылерыю. Ад гарадскіх умацаванняў таго часу захаваліся рэшткі вала, рова, якія значна знівеліраваны гарадской забудовай у раёне сучаснай вул. Школьнай. Вал дасягае вышыні 1–1,5 м, роў — глыбіні да 3,3 м.
Аднак у апошняй чвэрці XVІ ст. горад значна вырас і выйшаў за межы гарадскіх умацаванняў у паўночна-ўсходнім кірунку. З'явіўся Новы рынак.
Ён упамінаецца ў інвентары 1575 г. Гэта значыць што цэнтр гарадскога жыцця змяніў сваё месца. Да новага цэнтра працягнуліся новыя вуліцы Адна з іх у інвентары называецца як «улица от Нового рынка». Ва ўсякім выпадку ў час паўстання С. Налівайкі ў 1595 г. пад абарону ўмацаванняў Клецка збягалася шляхта Навагародскага ваявододства. Інвентар Клецка 1626 г. дае звесткі пра Высокі і Дольны замкі. У Высокі замак можна было трапіць па мосце, тады ўжо вельмі старым, праз старую браму. Вакол замка ішлі драўляныя сцены, на двары размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы і цэйхгаўз. У Дольным замку было 10 веж і дзве брамы. Адну з іх называлі Доўгая. Згадваецца таксама студня, з якой ваду падымалі вядром на ланцугу.
Аднак Верхнім і Дольным замкам сістэма ўмацаванняў Клецка не абмяжоўвалася. Інвентар 1628 г. сведчыць, што і прыгарады ўжо мелі сваю лінію фартыфікацыі. Як гэта было прынята ў Беларусі, гарадскія абарончыя ўмацаванні ў Клецку дзяліліся на часткі — «кватэры» паміж мяшчанамі, былі замацаваныя за імі, імі ж рамантаваліся і даглядаліся. Згодна інвентару 1628 г., «мяшчане-хрысціяне і падданыя юрыдыкі ксяндза-плябана 2 часткі паркану і таксама 2 брамы выставіць і забудаваць павінны былі», а яўрэі горада абавязаны былі выставіць і ў далейшым папраўляць сваю частку паркана і паставіць дзве брамы. Замкавыя ўмацаванні ўзводзіла толькі воласць: «А каля самога замка паркан выставіць воласць павінна водлуг інвентара генеральнага Клецкага княства — кожная вёска сваю порцыю забудуе». Ваенна-будаўнічую талаку прадпісвалася праводзіць да жніва. Лічылася, што з кожнага дыму ўсе мужчыны павінны былі адпрацаваць па чатыры дні кожны. Выключэнне рабілася для некаторых «лібертаваных яўрэяў», а таксама «ўбогіх» мяшчан. Замест чатырох дзён адпрацоўкі з «убогіх» мяшчан бралі па 16 грошаў, з «лібертаваных яўрэяў» — па 160 грошаў. Тыя, хто меў агароды, працавалі дадаткова па два дні. У мэтах супрацьпажарнай бяспекі прадпісвалася мець каля кожнага дома кадку з вадою і пажарныя бусакі. Кожны гараджанін у сваю чаргу нёс начную варту па гораду. Парушальнікі караліся штрафам у адну капу грошаў.
Читать дальше