Ацалелыя помнікі — гэта крупінкі багацейшай горадабудаўнічай спадчыны, якая заставалася яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі XX ст. З 28 культавых будынкаў, якія фармавалі ўнікальныя панарамныя віды горада, захаваліся толькі два храмы, і то «заціснутыя» новай забудовай. Некаторыя разбураны ў 1930-ых гг., многія пацярпелі ў час вайны і пасля не былі адноўлены, іншыя — знесены ў працэсе пасляваеннай рэканструкцыі горада. Вынішчаны выдатныя помнікі барока самабытнага ансамбля ратушнай і адміністрацыйнай плошчаў — езуіцкі касцёл і карпусы калегіума, бернардзінскі касцёл з кляштарнымі будынкамі, што існавалі яшчэ ў канцы 1950-ых гг., а таксама Васкрасенская царква. Знішчаны гасціны двор, які прымыкаў да бернардзінскага касцёла. Цалкам разбурана галоўная дамінанта горада — базыльянскі касцёл і размешчаная насупраць, на правым беразе Дзвіны Богаяўленская царква, ад якой засталася толькі магутная падпорная сцяна ў берагавым схіле. Ад своеасаблівай групы з трох храмаў на тэрыторыі Ніжняга замка — Благавешчанскай царквы, парафіяльнага і дамініканскага касцёлаў захаваліся толькі руіны царквы, прыстасаваныя для агляду і падвергнутыя кансервацыі. Да найбольш істотных у горадабудаўнічых адносінах страт адносіцца таксама знос Святадухаўскай царквы на высокім плато, якая цудоўна ўспрымалася з розных бакоў, здвоеных дамінантаў у Задзвінні — Мікалаеўскай царквы і піярскага касцёла. Не засталося і праваслаўных і каталіцкіх храмаў — калісьці шматлікіх у розных раёнах горада.
У 1970-ых гг. знесена вялікая група жылых і грамадскіх будынкаў XVIII — пачатку XX ст. паблізу ратушнай плошчы з усходняга боку вуліцы Леніна. Недастатковая шырыня вуліцы некалькі ўскладняла рух грамадскага транспарту. Гэта акалічнасць, аднак, не з'яўляецца падставай для знішчэння каштоўнай забудовы. Акрамя таго, ва ўмовах гістарычнага горада неправамерны сам падыход раскрыцця традыцыйна замкнёнай прасторы вуліцы на ландшафтную зону.
Разбурана група будынкаў XVIII — пачатку XX ст. плошчы Свабоды на рагу вуліцы Леніна і праспекта Фрунзе, што не выклікана горадабудаўнічай неабходнасцю. Сярод гэтых помнікаў — будынак школы пры езуіцкім калегіуме. Раўнадушшам да архітэктурных каштоўнасцей і адсутнасцю горадабудаўнічага майстэрства можна растлумачыць знос манументальнага гістарычнага будынка па вуліцы Замкавай, у якім размяшчаўся педагагічны інстытут.
Вельмі важна, каб захаванне гістарычнай забудовы ў працэсе развіцця горада адбывалася поруч з тэхнічным абнаўленнем, прывядзеннем грамадскіх і асабліва жылых будынкаў у адпаведнасць з сучаснымі функцыянальнымі патрэбнасцямі насельніцтва, аснашчэннем іх інжынерным абсталяваннем. Грунтоўнай задачай далейшай рэканструкцыі Віцебска, звязанай з адраджэннем спадчыны, павінна стаць «уваскрэсенне» ўсіх разбураных помнікаў, месцы якіх не заняты новымі капітальнымі будынкамі. Выкарыстанне ж участкаў знесеных помнікаў, якія цяпер ужо забудаваны, вызначыць час, далейшая эвалюцыя нашых адносін да культурнай спадчыны Беларусі.
Разбурэнне кампазіцыі гістарычнага горада можна прасачыць таксама на прыкладзе Воршы. Зараджэнне і фармаванне структуры паселішча на ранніх гістарычных этапах адлюстроўвае ўласцівыя старажытнарускаму горадабудаўніцтву заканамернасці. У X ст. на ўзгорку на вузкім пляцы пры ўпадзенні ракі Аршыца ў Дняпро збудаваны дзядзінец — планіровачная першааснова горада. У XV ст. замак атрымаў развіццё на паўночны ўсход і з напольнага боку быў абкружаны ровам, які злучыў Аршыцу з Дняпром. Ландшафтнымі ўмовамі формаўтварэння структуры былі востры мыс у вусці Аршыцы, яе лукавіна, якая рэзка мяняла накірунак рэчышча, дугападобны роў, крутая лукавіна Дняпра на поўдні і яго плаўны заварот ва ўсходняй частцы горада, а таксама высокая града ўзгоркаў з захаду, што адступала на некалькі соцень метраў ад берагоў Аршыцы і Дняпра.
У XVI ст. замак, умацаванае ядро горада, уключаў пяць аб'яднаных сценамі абарончых вежаў. На яго арыентаваліся асноўныя вуліцы, якія пераходзілі ў міжпаселішчныя дарогі і вызначалі структурна-планіровачны «каркас» Воршы. Па генетычных прыкметах планіроўка правабярэжжа Дняпра ў другой палове XVIII ст. можа быць вызначана як сярэдневяковая, што склалася натуральна. Відавочна, структура левабярэжжа мела рэнесансную аснову XVI ст. На гэта ўказвае прамалінейнасць вуліц, геаметрычна правільны абрыс кварталаў і трапецападобнай плошчы ў цэнтры раёна, утворанага, напэўна, па адзінай задуме.
Читать дальше