У XVIII ст. у забудову Віцебска ўваходзіла мноства культавых будынкаў, якія фармавалі ўнікальны шматвежавы сілуэт горада пры ўспрыняцці з розных напрамкаў. Гэта піярскі кляштар 1753 г., трынітарскі кляштар 1760 г. (пасля 1858 г. касцёл пераўтвораны ў Петрапаўлаўскую царкву), дамініканскі кляштар 1771 г., Васкрасенская — Заручаўская царква 1771–1820 гг., Мікалаеўская, альбо Завіцьбенская, царква 1798 г., другая, драўляная Мікалаеўская царква 1779 г., Петрапаўлаўская царква 1780 г., Сямёнаўская, альбо Богаяўленская, царква 1790–1805 гг. і інш. Многія храмы XVIII ст. размяшчаліся на пляцах больш старажытных культавых будынкаў, што з'яўлялася пашыранай горадабудаўнічай традыцыяй. Напрыклад, збудаванні жаночага базыльянскага манастыра XVIII ст. занялі месца Духаўскага праваслаўнага манастыра, вядомага яшчэ з XIV ст. На ўчастку старажытнай драўлянай царквы ў 1796 г. узведзена царква Іаана Багаслова, пасля, у сярэдзіне XIX ст., перабудаваная. Таксама на месцы старажытнага драўлянага храма ў 1810 г. узведзена Спаская царква (разбурана ў 1812 г., нанава пабудавана ў 1813–1819 гг., перабудоўвалася ў 1847 і 1853 гг.).
У канцы XVIII — пачатку XIX ст. у Віцебску налічвалася 28 храмаў, больш, чым у якім-небудзь іншым горадзе. Разам з унікальным прыродным ландшафтам гэта абумовіла высокую эстэтычную якасць горадабудаўнічай кампазіцыі, цудоўную панараму горада.
Культавыя будынкі змяшчаліся на вяршынях прырэчных узгоркаў і броўках плато, падкрэсліваючы прыродную прастору даліны ракі ці яра. Храмы знаходзіліся на восях далін і эфектна ўспрымаліся ў абрамленні іх маляўнічых схілаў. Найлепшае месца для будынка беспамылкова выбіралася дойлідам, што пацвярджаецца, у прыватнасці, будаўніцтвам на замыканні як мага большай колькасці тальвегаў. Апрача таго, выкарыстоўваўся прынцып арыентацыі вуліц на архітэктурныя дамінанты.
Для Віцебска характэрна вылучэнне з агульнай сістэмы дамінантаў груп з двух альбо трох збудаванняў, якія стаялі побач. Такім суседствам вылучаліся, напрыклад, ратуша, Васкрасенская царква і бернардзінскі касцёл; Благавешчанская царква, дамініканскі і парафіяльны касцёлы; касцёл і званіца езуіцкага калегіума; Мікалаеўская царква і піярскі касцёл і іншыя, што надавала своеасаблівасць кампазіцыі горада.
Праект рэгулярнай перапланіроўкі Віцебска складзены ў 1778 г. Аднак ён аказаўся няўдалым і не быў рэалізаваны. У канцы XVIII і пачатку XIX ст. распрацаваны далейшыя праекты рэканструкцыі, у адпаведнасці з якімі пераўтварылася планіровачная структура.
У адрозненне ад некаторых іншых гарадоў, напрыклад Менска і Полацка, у перыяд класіцызму новая планіроўка значна відазмяніла наяўную сетку вуліц. Ліквідавана разгалінаваная нерэгулярная планіровачная структура, якая свабодна фармавалася на працягу многіх стагоддзяў адпаведна рэльефу мясцовасці, абрысаў рэчышчаў рэк, размяшчэння крапасных сцен і вежаў, іншымі ўмовамі жыцця горада. У новай планіроўцы, якую можна вызначыць як складаную простакутную з радыяльнымі элементамі, былі недастаткова ўлічаны старыя камунікацыі. Аднак на некаторых участках ствараемыя магістралі паўтарылі напрамкі вуліц, якія ўжо існавалі. Узніклі новыя вуліцы паміж асобнымі, раней слаба звязанымі перыферыйнымі раёнамі.
Адным з вынікаў рэгулярнай перапланіроўкі з'явілася фармаванне новага працяглага гарадскога цэнтра, які ўключыў ядро цэнтра феадальнай эпохі — ансамбль дзвюх плошчаў, паралельную Дзвіне галоўную гарадскую магістраль, новую гандлёвую плошчу, якая завяршала гэты напрамак, і іншыя элементы. Акрамя таго, было закладзена некалькі плошчаў у розных частках Віцебска — Задзвінні, Заручаўі (тэрыторыя на поўдзень ад Ніжняга замка), Узгор'і і інш. За невялікім выключэннем, яны не набылі ролю архітэктурна-планіровачных цэнтраў адпаведных раёнаў. Тлумачыцца гэта адсутнасцю тут манументальнай забудовы, аддаленасцю новых плошчаў ад гістарычнага цэнтра, а таксама іх планіровачнай раз'яднанасцю.
Рэгулярная планіроўка зрабіла істотны ўплыў на далейшае фармаванне Віцебска ў эпоху капіталізму. Важны вынік будаўнічых мерапрыемстваў гэтага перыяду — пашырэнне грамадскага цэнтра, пракладка захаваных да нашага часу дзвюх магістраляў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом, — умоўных планіровачных дыяметраў Віцебска. Уздоўж іх канцэнтравалася мноства гандлёвых і іншых грамадскіх устаноў, найбольш самавітая жылая забудова. Траса галоўнай вуліцы ва Ўзгор'і вызначыла мерыдыянальны напрамак, закладзены яшчэ ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. Пазней яна была прадоўжана на поўдзень праз увесь раён Заручаўя. Пры гэтым узнікла неабходнасць засыпаць частку рукава Віцьбы, што прывяло да змянення гістарычнага ландшафту. Такім чынам, наўднёвая частка дыяметру, абумоўленая патрабаваннямі транспартнай сувязі раёнаў горада паміж сабой, уступіла ў супярэчнасць з вулічнай сеткай перыяду класіцызму. Новая магістраль парушыла сістэму кварталаў, якая існавала да гэтага часу, і злучыла паўночную і паўднёвую часткі горада.
Читать дальше