Прасторныя парадныя апартаменты мелі шпалерную абіўку і паркетную падлогу. У адным з салонаў стаяла высокая белакафляная печ, па-мастацку распісаная краявідамі ў стылі мадэрн. Арнамент з гірлянд, мужчынскі партрэт, два крылатыя грыфоны ў завершы таксама аздаблялі печ. На каміне з цёмнага мармуру, які знаходзіўся ў зале, стаяў мужчынскі беламармуровы бюст, вісела высокае люстра ў разной раме. Інтэр'еры ўпрыгожвалі фамільныя партрэты, усходнія дываны, саксонскі фарфор, хрусталь і серабро.
Сядзіба размяшчалася сярод прыгожага парка. Адкрытая прастора перад домам была занята абшырным дваром з акруглым газонам, абсаджаным дрэвамі. Месца на ўскраіне парка займаў стары мураваны свіран.
У другой палове XVIII і да пачатку XX ст. у вёсцы Варонча (Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.) існаваў сядзібна-паркавы ансамбль, аснову якога складаў панскі дом і два бакавыя флігелі, якія стваралі парадны двор з круглым газонам. Архітэктурны комплекс сядзібы дапаўняўся касцёлам, скарбніцай, броварам, гаспадарчымі будынкамі ў атачэнні пейзажнага парка. Сядзіба сфармавалася ў часы караля Станіслава Аўгуста апошнім навагрўдскім ваяводам Юзафам Несілоўскім, які добраўпарадкаваў Варончу цудоўнымі па сваёй архітэктуры будынкамі. Пасля смерці ваяводы ў Варончы ў 1814 г. яго сын, генерал польскага войска, памяняў маёнтак на ўладанне генерала Фларыяна Кабылінскага ў Польшчы. Дачка Кабылінскага графіня Раствароўская ў 1844 г. прадала маёнтак Антону Мерзееўскаму. Апошнімі ўладальнікамі Варончы сталі Любанскія. Цалкам сядзіба зруйнавана ў гады другой сусветнай вайны, захаваліся толькі бровар і касцёл, фрагменты парка.
Найранейшая выява сядзібы належыць пэндзлю мастака Н. Орды, які напісаў сваю акварэль у 1876 г. Сядзібны дом быў узведзены ў 1787 г. і ўяўляў сабой аднапавярховы простакутны ў плане драўляны будынак пад высокім мансардавым гонтавым дахам. Архітэктурна-стылёвая трактоўка помніка мела пераходны характар ад барока да класіцызму: барочная пластычнасць даху і яго авальных люкарнаў суседнічала са строгасцю класічнай ордэрнай сістэмы, яе порцікамі і пілястрамі. Рытм гарызантальна ашаляваных фасадаў стваралі простакутныя вокны і прасценачныя пілястры. Уваходы ў парадную і жылую часткі, вылучаныя двума чатырохкалоннымі порцікамі з мансардамі над імі, накрывалі двухсхільныя дахі. Памяшканні параднай і жылой паловы дома звязваліся паміж сабою анфіладна. Парадная частка ўключала вялікую залу, прыхожую, гасціную, кабінет і іншыя памяшканні (у некаторых сцены і столь былі ўпрыгожаны роспісам, кафлянымі печамі і мармуровымі камінамі). Жылая частка складалася з некалькіх спальняў, алькова і каморы. Пад домам знаходзіўся лабірынт скляпеністых падвалаў.
Прысядзібны касцёл святой Ганны быў узведзены ў 1781 г. (па іншых звестках у 1809 г.) Юзафам Несілоўскім. Тут прыняў хрышчэнне вядомы беларускі паэт Ян Чачот. Храм ўяўляў сабой мураваную трохнефавую базіліку таксама ў сімбіёзным барочна-класіцыстычным стылі. Галоўны фасад з шасцікалонным порцікам, завершаны антаблементам, фланкіравалі дзве трох'ярусныя купальныя вежы з трохкутным франтонам паміж імі. У інтэр'еры — роспіс на архітэктурныя матывы (захаваўся ў алтарнай частцы).
Размешчаная непадалёку ад дома мураваная скарбніца з'яўлялася творам архітэктуры ампіру. Была збудавана па тыпу гарадской ратушы: над аднапавярховым простакутным у плане будынкам з паўвальмавым гонтавым дахам узвышалася чатырохгранная вежа з курантамі і завяршальным шпілем на ярусным пастаменце. Простакутныя вокны, дэкарыраваныя простакутнымі нішамі, стваралі манатонны, характэрны для ампіру рытм. У цэнтральнай частцы руставанага галоўнага фасада вылучаўся рызаліт з трохкутным франтонам.
За дзве вярсты ад сядзібы пачыналася шырокая каштанавая ўязная алея. Перад домам, уздоўж яго параднага партэра, цягнуліся дзве вялікія сажалкі. У пейзажным парку з цудоўнымі ліпавымі алеямі і дубамі-веліканамі праглядваліся рэшткі абарончага замка, знішчанага шведамі і ўслаўленага ў паэме А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Парк непасрэдна пераходзіў у лес, які служыў вялікім угоддзем для ваяводы Несілоўскага, уладальніка «першых на свеце гончых».
Паселішча Вікторын (Буда-Кашалёўскі р-н Гомельскай вобл.) стала галоўнай сядзібай рода Дорыа-Дзерніловічаў у другой палове XVIII ст. пасля таго, як у 1739 г. згарэла іх сядзіба Шарсцяны. Першым уладальнікам Вікторына быў Францішак Казімір Дорыа-Дзерніловіч, рэчыцкі гарадскі суддзя (пам. 1742). Верагодна, яго сын, рэчыцкі падкаморы, Леан Юзаф (пам. 1793) у гонар сваёй жонкі Віторыі Кляўніцкай даў назву вёсцы. Яму ж фамільнае паданне прыпісвае будаўніцтва класіцыстычнай сядзібы ў канцы XVIII ст. Пасля смерці Леана Вікторын перайшоў да яго сына Вінцэнта (пам. 1829), а потым да сына Вінцэнта Тадэвуша Раймонда (пам. 1862). Затым маёнтак перайшоў у спадчыну да яго дачкі Евы (нар. 1844), якая выйшла замуж за свайго дваюраднага брата Севярына Дорыа-Дзерніловіча і такім чынам захавала маёнтак у фамільным родзе. Пасля смерці жонкі Севярын і яго сын сталі апошнімі ўладальнікамі маёнтка ў 13 000 дзесяцін. Дзерніловічы мелі рэзідэнцыю ў Польшчы, выкарыстоўваючы Вікторын як летнюю дачу. Сядзіба загінула ў час першай сусветнай вайны.
Читать дальше