Драўляны сядзібны дом уяўляў сабой аднапавярховы трынаццацівосевы з цэнтральнай двухпавярховай часткай будынак на высокім падмурку з жылымі падваламі ў плане выцягнутага простакутніка. Да некалькі высунутай наперад сярэдняй часткі на галоўным фасадзе прылягаў порцік з шасцю калонамі, чатыры крайнія з якіх былі на вышыню двух паверхаў і неслі на сабе антаблемент з трохкутным франтонам; дзве сярэднія калоны падтрымлівалі балкон другога паверха. Перад порцікам знаходзілася ступеньчатая тэраса. Верагодна, тыльная паркавая частка дома мела аналагічную трактоўку з цэнтральным порцікам. Уваходы бакавых фасадаў афармлялі невялікія ганкі. Дэкор неатынкаваных фасадаў абмяжоўваўся гарызантальнымі сандрыкамі над вертыкальна выцягнутымі простакутнымі вокнамі. Будынак накрываў трохскатны гонтавы дах над бакавымі крыламі і двухсхільны над двухпавярховай цэнтральнай часткай.
Перад сядзібным домам па баках абшырнага круглага газона размяшчаліся два ідэнтычныя аднапавярховыя флігелі: адзін служыў кухняй, другі быў жылым. Простакутныя ў плане дзевяцівосевыя будынкі пад чатырохсхільнымі дахамі пры трохвосевай сярэдняй частцы мелі чатырохкалонныя ганкі, завершаныя трохкутнымі франтонамі з вялікімі паўкруглымі вокнамі.
Унутры дома налічвалася больш за дзесяць пакояў. За паўкруглым вестыбюлем знаходзілася прасторная бальная зала, якая выкарыстоўвалася і як сталовая. Да яе далучаўся меншы салон. Адзін пакой займала галерэя фамільных партрэтаў і архіў.
Маёнтак абкружаў вялізны англійскі парк, які межаваў з лесам. Старыя пасадкі складаліся пераважна з італьянскіх таполяў і елак. Непадалёк ад сядзібы стаяў драўляны касцёл, вытрыманы, як і дом, у стылі класіцызму. Невялікі храм накрываў гонтавы дах. Галоўны ўваход змяшчаўся пад калонным порцікам з трохкутным франтонам. Касцёл служыў фамільнай пахавальняй Дзерніловічаў і меў мураваны склеп.
Маёнтак Вістычы (Берасцейскі р-н) у XVII ст. належаў князям Чартарыйскім, якія фундавалі тут мураваны касцёл. У XIX ст. у гэтым месцы ўзнікла панская сядзіба, знішчаная ў 1920-ых гг. Сядзібны дом з'яўляўся творам архітэктуры ў стылі класіцызму ампірнага напрамку. Уяўляў сабой кампактнае простакутнае ў плане аднапавярховае збудаванне, узнятае на высокі падмурак і падведзенае пад вальмавы дах. У цэнтры галоўнага фасада меўся мансардны паверх і прыстаўлены чатырохкалонны порцік са ступенчатым атыкам і балконам. Фасады адметны строгай сіметрыяй, выразным рытмам простакутных акон. У інтэр'еры звярталі на сябе ўвагу кафляныя печы, вывезеныя ў Варшаву пасля разбурэння дома.
За кіламетр ад берага Нёмана ў вёсцы Воля (Мастоўскі р-н Гарадзенскай вобл.) існавала цікавая панская сядзіба. На працягу XIX ст. яна належала роду Крывіцкіх. Але з сярэдзіны XIX ст. гаспадары сядзібы пераехалі ў другі ўласны маёнтак у Зяльвянах. У выніку Воля апусцела і заставалася забытай да першай сусветнай вайны. На мяжы XIX–XX стст. маёнтак плошчай каля 400 га перайшоў да Эдварда Тарасевіча, які парадніўся з Крывіцкімі. Ён адрамантаваў сярэднюю частку панскага дома і левае крыло. У 1914–1920 гг. сядзіба зноў страціла жыхароў, але ў 1928 г. адбыўся новы рамонт, які, аднак, абмежаваўся аднаўленнем інтэр'ераў памяшканняў.
Сядзіба ў стылі позняга класіцызму з'явілася ў 1832 г. Будынак мысліўся трохчасткавым: галоўны корпус і два бакавыя крылы. Аднак у рэальнасці паўстаў толькі галоўны корпус і левае крыло. Дзевяцівосевы галоўны корпус сядзібы, пабудаванай на плане простакутніка і высокім цокалі, накрываў чатырохсхільны гонтавы дах, абапёрты на карніз з дэнтыкуламі. У трохвосевай сярэдняй частцы дом меў надбудову мезаніна і буйнамаштабны шасцікалонны тасканскі порцік. Дзве яго калоны былі прысценнымі, а чатыры вынаснымі, якія стаялі паўкругам на мураваным ганку і неслі гладкі антаблемент. У аднапавярховых бакавых частках дома дэкор адсутнічаў. Левае ніжэйшае крыло з шасцю шырока пастаўленымі вокнамі і шасцікалоннымі падчэннямі накрываў высокі трохсхільны дах. Чарга да будаўніцтва правага крыла не дайшла з-за пачатку першай сусветнай вайны, і таму дом не атрымаў завершанай сіметрычнай кампазіцыі.
Па стану на 1939 г. сядзіба Воля мела двухрадную калідорную планіроўку. Сярэднюю частку ад увахода займаў прасторны хол з лесвіцай у правым кутку. З боку парка за ім размяшчаўся трохаконны малы салон, кабінет і яшчэ адзін пакой. Направа ад хола знаходзіўся вялікі працяглы салон, злева да хола і малога салона далучалася вялізная простакутная зала сталовай з вокнамі на абодва бакі дома. Астатнія пакоі, уздоўж калідора, выконвалі жылую і гаспадарчую функцыю. Гранітны камін абаграваў толькі цэнтральны салон, у іншых памяшканнях стаялі белакафляныя печы. Парадныя памяшканні мелі паркетную падлогу, жылыя — звычайную. Мэбля была выканана ў стылі бедэрмеер.
Читать дальше