Палац стаяў сярод вялікага маляўнічага парка, над шырокай поймай р. Ольсы. Па баках палаца раслі групы старых дрэў і дэкаратыўных кустоў. З ўсіх бакоў цягнуліся газоны, а шырока расчыненая прастора адкрывала краявід на раку і зарэчныя лугі. У глыбіні парка знаходзіўся вялікіх памераў двухпавярховы свіран з галерэяй. У падобным «этнаграфічным» стылі былі вытрыманы і астатнія гаспадарчыя будынкі старажытнай сядзібы.
Бачэйкаўскі палацава-паркавы ансамбль
На паўдарозе з Лепеля ў Віцебск на правым беразе ракі Вулы размешчана старажытнае мястэчка Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), гісторыя ўзнікнення якога адыходзіць у XVII ст. На яго тэрыторыі існаваў драўляны замак, чые фундаменты можна было бачыць яшчэ ў 1880 г. У 1626 г. замак абкружаў вялікі вастракол і глыбокі роў. За гэтым умацаваннем стаяў дом з невялікім паркам. Пасля шлюбу княжны Юліаны Мсціслаўскай са стольнікам Вялікага Княства Літоўскага старостам крэўскім і мельніцкім Нікадзімам Ціханавецкім (пам. 1549) уладанне на доўгі час, аж да 1917 г., перайшло ва ўласнасць рода Ціханавецкіх. Аднак Бачэйкава не было галоўнай фамільнай рэзідэнцыяй. Толькі ў 1780-ых гг. тут часова пражываў Юзаф Ціханавецкі (пам. 1801), генерал-маёр літоўскага войска, ад'ютант яго каралеўскай вялікасці, кавалер ордэна Белага Арла і святога Станіслава. Пры ім летам 1769 г, у Бачэйкаве быў пабудаваны палац спецыяльна для прыёма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які меўся прыехаць да генерала Ціханавецкага на паляванне. Мяркуюць, што аўтарам праекта сядзібы з'яўляўся нейкі італьянскі дойлід. Потым тут стала асеў унук генерала Павел Ціханавецкі (1815–1883). Пасля яго бачэйкаўскую гаспадарку атрымаў у спадчыну малодшы сын Уладзіслаў (1860–1910) — апошні ўладальнік маёнтка да пажара ў 1910 г.
Пабудаваны пры генерале Юзафу Ціханавецкім аднапавярховы палац стаяў на высокім простакутным у плане паўпаверсе і накрываўся высокім чатырохсхільным медным дахам з авальнымі люкарнамі. З боку пад'езда ён уяўляў сабой даволі сціплы будынак у стылі класіцызму. У цэнтры пятнаццацівосевага франтальнага фасада выступаў чатырохкалонны тасканскі порцік. У тымпане яго трохкутнага франтона памяшчаўся герб Ціханавецкіх «Дубрава», выкананы ў тэхніцы стука на шэрым фоне. Фасад рытмічна чляніўся пілястрамі і высокімі простакутнымі вокнамі, якія вылучаліся на фоне гарызантальнай расшыўкі па тынкоўцы. Больш эфектна выглядаў заходні паркавы фасад, маштабна павялічаны за кошт схілу рэльефа, і таму меўшы манументальны палацавы характар. Яго дамінуючым акцэнтам з'яўляўся сярэдні паўкруглы крапаваны пілястрамі эркер з трыма арачнымі вокнамі пад сплюшчаным купалам, барабан якога быў дэкарыраваны поясам залацістых гірлянд. Да эркера прылягала абшырная паўкруглая тэраса з двухбаковым лесвічным каскадам з балюстраднай агароджай, якая вяла ў парк. Пад тэрасай знаходзіўся ўваход у жылы скляпеністы паўпаверх. Густыя аконныя пераплёты вытрыманы ў стылі барока XVIII ст.
У першапачатковым выглядзе палац праіснаваў да 1908 г., калі ў выніку перабудовы з мэтай павелічэння жылой плошчы страціў свае прапорцыі і архітэктурны стыль. Гладкі дах змяніўся на больш высокі мансардавы жылы паверх; адбылася замена франтона галоўнага порціка на балкон; узняты падкупальны барабан дваровага эркера, а над купалам размешчаны шпіль з гербавым флагштокам. Каб умацаваць заходнюю сцяну палаца, якая дала трэшчыну, у XIX ст. да яго далучылі аднапавярховае простакутнае ў плане крыло, накрытае чатырохсхільным дахам. Яно служыла для гасціных пакояў і для фамільнага архіва.
Унутры палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. Апартаменты ўпрыгожвалі цудоўны ўзорчаты паркет, белыя кафляныя печы па вуглах, дэкарыраваныя канеліраванымі пілястрамі, а таксама белыя лакіраваныя філёнгавыя дзверы і супрапорты з гірляндамі і разеткамі. Інтэр'еры аздабляў фрэскавы роспіс, выкананы мастаком па імені Нігр. Сярэдзіну палаца ад уезда займаў абшырны вестыбюль, па абодва бакі якога размяшчаліся рэпрэзентацыйныя апартаменты. Вестыбюль меў чырвоную керамічную наборную падлогу, дэкор выкананы ў тэхніцы грызайль у архітэктанічным стылі з выявамі канеліраваных калон і пілястраў. На сценах віселі італьянскія і галандскія пейзажы, тут жа стаяла мармуровая статуя італьянскай работы. Для бачэйкаўскага палаца характэрна адсутнасць стукавага ляпнога дэкору; у аздабленні яго апартаментаў абмяжоўваліся мастацкім роспісам, пераважна пейзажным. Ніжнюю частку вялікай сталовай, размешчанай па правым баку вестыбюля, акаймляў размаляваны пад дрэва парапет, верхнюю — карніз. Фрэскавыя роспісы сцен з архітэктурнымі краявідамі былі ўзяты ў багатае арнаментнае абрамленне. Плафон меў сюжэтны малюнак «Флора з рогам дастатку». Дзверцы ўбудаваных шафаў атрымалі гратэскны роспіс. Вялікі набор фарфоравага посуду ў 180 прадметаў саксонскай, мейсенскай, французскай, польскай і італьянскай вытворчасці; калекцыя польскага шкла і хрусталю, гербавых келіхаў — складалі каштоўнае начынне сталовай.
Читать дальше