Што да самога К. Астрожскага, дык Масква і пасля замірэння 1503 года не збіралася яго выдаваць. У Вільні гетманам найвышэйшым прызначылі ўжо трэцяга пасля яго князя — Станіслава Кішку. Раней, адразу пасля Вядрошы, гэтую пасаду атрымаў Сымон Гальшанскі, а ў 1501–1502 гадах яе меў Станіслаў Кязгайла.
На аслабленую вайною ды стратаю такіх тэрыторый дзяржаву зноў актыўней пачалі нападаць крымскія татары. Іван ІІІ патрабаваў ад Менглі-Гірэя пустошыць не толькі землі Ўкраіны, але і хадзіць «да Слуцка, і да Турава, і да Пінска, і да Менска». У 1503 годзе татары двойчы рабілі наезды на Беларусь, а трэці паход скіравалі на Падолле. У 1505 годзе 5 тысяч татарскіх коннікаў дайшлі да цэнтральнай Беларусі, паставілі кош [12] Кош — татарскі вайсковы абоз пад час наезду, які з'яўляўся базай для дзеяння паасобных загонаў.
пад Менскам і беспакарана гаспадарылі па ўсім наваколлі…
Вялікае Княства Літоўскае ня мела належна арганізаванай рэгулярнай вайсковай сілы, якой баяліся б татары. Апошніх хіба больш за ўсё непакоіла з'яўленне ў Княстве хана разбітай Залатой Арды — Шах-Ахмета, патэнцыйнага канкурэнта Менглі-Гірэя.
Пасля таго як у лістападзе 1505 года памёр Іван ІІІ і яго замяніў старэйшы з сыноў Васіль ІІІ, былыя сяброўскія дачыненні Масквы з Крымам сапсаваліся, і Менглі-Гірэй паслаў у Вільню ганцоў, якія прапаноўвалі Аляксандру за смерць або выдачу хана антымаскоўскі хаўрус! Аляксандар пагадзіўся толькі з тым, што заволжскі хан Шах-Ахмет мусіць сядзець у няволі. Задаволены пасол паімчаўся ў Крым. Аднак ягоная затрымка выклікала новы наезд татараў.
Менглі-Гірэй накіраваў на Княства двух маладзейшых сыноў з ардою да 12–13 тысяч. Пераправіўшыся каля Лоева цераз Дняпро, тыя дайшлі да Слуцка, пасля да Клецка і адтуль рухаліся ў бок Новагародка ды Ліды. Магло дайсці да трагедыі, бо якраз тым часам у Ліду прыехаў з жонкаю, дваром і скарбам хворы кароль і вялікі князь Аляксандар. Даведаўшыся пра з'яўленне татараў гэтак блізка, той загадаў тэрмінова адвезці яго назад у Вільню. А збіраць войска і выбіваць татараў даручыў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку ды маршалку дворнаму Міхалу Глінскаму.
Кішка з Глінскім хутка сабралі 6 тысяч паспалітага рушання [13] Паспалітае рушанне — шляхоцкае войска, якое склікалася пад час ваеннай небяспекі для дзяржавы паводле пастановы вялікага князя, паноў-рады, вальнага сойма.
і пайшлі на Клецак, дзе знаходзіўся галоўны кош татараў. Па дарозе захварэў гетман, і каманду над войскам пры поўнай згодзе старэйшых чыноў пераняў Міхал Глінскі.
Уранку 5 жніўня 1506 года конніца Глінскага падышла да Клецка і спынілася перад ракою Лань, на другім беразе якой стаялі ўжо падрыхтаваныя да бітвы татары. Збудаваўшы пад абстрэлам дзве гаці, той пераправіў свае войскі цераз раку ды імкліва заатакаваў татараў дзвюма калонамі. Ворагі не вытрымалі націску і кінуліся ўцякаць. Далёка яшчэ вершнікі Глінскага гналі пашматаныя рэшткі іх загонаў. Там, пад Клецкам, яны вызвалілі 40 тысяч жыхароў Беларусі, якіх татары вялі ў няволю.
Радасную вестку пра поўны разгром крымскіх наезнікаў яшчэ паспелі перадаць Аляксандру, які ўжо ляжаў на Божай пасцелі. Для Вялікага Княства Літоўскага гэта была, бадай, першая перамога такога масштабу над татарамі за колькі трывожных дзесяцігоддзяў. Пасля яе палітыка Крыма да паўночнага суседа пачала мяняцца. З зацятага ворага Княства Менглі-Гірэй неўзабаве нават зрабіўся часова ягоным хаўруснікам.
Ультыматум Аляксандра і чарговая вайна
Аднак ізноў нарастала напруга на ўсходзе. Сам Аляксандар яшчэ на пачатку 1506 года ўльтыматыўна прапанаваў новаму маскоўскаму манарху «вечны мір» пры абавязковым вяртанні Княству тэрыторый, страчаных тры гады назад. Той, безумоўна ж, адмовіўся. Тады ў Вільні сабраўся вальны сойм з тым, каб ухваліць збройную акцыю па вяртанні земляў, перадусім — Севершчыны. Пачалася падрыхтоўка да вайны. Разам з Вялікім Княствам Літоўскім антымаскоўскі хаўрус складалі Інфлянты і Крым. Да паходу на Севершчыну сабралася 14 тысяч паспалітага рушання на чале з С.Кішкам. Але Васіль ІІІ апярэдзіў хаўруснікаў ды сам ударыў па Княстве. Два шматтысячныя злучэнні — адно з Вялікіх Лукаў, другое з Дарагабужа — уварваліся на Беларусь і ўзяліся пустошыць землі аж да Бярэзіны. Так пачалася чарговая, трэцяя па ліку, вайна.
Новы кароль і вялікі князь Жыгімонт даведаўся пра гэта ў Кракаве. Ён загадаў Станіславу Глябовічу цвёрда абараняць Полацак, Альбрэхту Гаштаўту — Смаленск, а гетману Станіславу Кішку весці рушанне пад Менск. Калі ж сам манарх 18 траўня 1507 года з'явіўся ў Вільні для пачатку ваенных дзеянняў, маскоўскія войскі ўжо пакінулі межы Вялікага Княства Літоўскага.
Читать дальше