Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 сама радавітых накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках [21] Вялікі князь маскоўскі даў зразумець, што для яго «той, хто трапіў у палон, — не жыве», ды быццам забыўся пра сваіх падданых. Паводле перапісу палонных 1525 і 1538 гадоў, «вязні вялікае бітвы» ўсё яшчэ сядзелі ў Берасці, Горадні, Драгічыне, Камянцы, Мсцібогаве, Новагародку, Слоніме, Коўні, Троках, Вільні і г.д. Трымалі іх у неблагіх умовах. Прыкладам, у Берасці на 15 вязняў кожны тыдзень апрача ўсяго давалі «па два бараны, і па два боханы на чалавека хлеба, і па 10 галаважэнь солі, і па бочцы піва».
. Затым з 6-тысячным корпусам ды часткаю лёгкай артылерыі (усё браць не выпадала, бо восеньскія дажджы ўжо папсавалі дарогі) рушыў на Смаленск. Але дзеля прамаруджвання, недастатковай колькасці войска і асабліва гарматаў вярнуць горад адразу не ўдалося. Аблога ж зацягнулася і была малаэфектыўная. Таму, калі наблізіліся зімовыя халады, К. Астрожскі вырашыў вяртацца, так і не авалодаўшы стратэгічнай фартэцыяй. Ужо 3 снежня 1514 года ён трыумфальна ўязджаў у сталіцу праз Вострую Браму, як рымскі консул пасля вялікай перамогі, на чале сваіх пераможных харугваў, з багатаю здабычай і шматлікім палонам.
Значэнне велікапышнай перамогі, здабытай на Крапіўне, наўрад можна было ацаніць адразу. У крытычны момант быў абаронены суверэнітэт дзяржавы, больш-менш стабілізавана становішча на ўсходзе краіны. На які час пацішэлі і крымскія наезнікі. А маральна стомленыя ад няўдач ваяры Княства нарэшце акрыліліся.
К. Астрожскі дамогся рэваншу за паразу на Вядрошы, звёў даўнія рахункі з Масквою. Ці здагадваўся гетман, што ягоная перамога стане адной з сама значных ваенных падзеяў у гісторыі шматвяковага супрацьстаяння Масквы і Вільні? Што яе будуць памятаць пакаленні. Што ў 1561 годзе, напярэдадні Полацкай вайны, Жыгімонт Аўгуст напіша Івану Жахліваму: «Калі хочаш бітвы, дык ідзі са сваім войскам да Воршы, дзе Канстанцін Астрожскі даў вам сябе ведаць» {16} 16 Карамзин Н. М. История государства Российского. М., 1989. Кн.ІІІ, т.ІХ. Прим. № 57.
. І ў 1564 годзе, калі ўдалося без асаблівых намаганняў адагнаць маскоўскія войскі ад Дуброўны, летапісец адзначыць, што «такой вялікай здабычы і пры вялікай бітве Аршанскай ня ўзята» {17} 17 Сапунов А. Витебская старина. Витебск, 1885. Т.4, ч.1. С.87.
.
У той далёкай мінуўшчыне была складзеная песня, прысвечаная бітве пад Воршай {18} 18 Тэкст песні ўзяты з кнігі: Найдзюк Я. Беларусь учора і сяньня. Менск, 1944.
. Народны твор услаўляў князя Астрожскага і горад, пад якім ён здабыў вялікую перамогу:
Ой у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Селецкім таборам,
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае нарады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршу здабываці:
А ці з поля, а ці з лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
Ані з поля, ані з лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзелю параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы
Каля рэчкі на прыгорцы.
Гучаць разам з самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б'юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці,
А як з Воршы ўцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як наша слава тутака прапала.
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ўжо нету».
Слава Воршы ўжо ня горша.
Слаўся, пан Астроскі!
Тагачасны летапіс захаваў для нас словы ўзнёслай хвалы гетману і яго слаўнаму войску. Князь Канстанцін Іванавіч, які разграміў страшную непрыяцельскую сілу, «цэрквы Божыя хрысціянскія і шмат мужоў і жонак іхных ад гвалту абараніў», мужнасцю параўноўваўся з вялікім царом індыйскім Порам, армянскім царом Тыгранісам, македонскім Антыохам, а воі ягоныя — «вялікія выдатныя віцязі літоўскія сталі падобныя сваёй мужнасцю храбрым македанянам».
Летапісец прыгадаў словы прарока Ісаі: «За памнажэнне зла людзей і многія іх няпраўды праліецца кроў іх, як вада вялікая, харобрыя і гордыя ад мечаў загінуць, адзін ратны праўдзівы погоніць непраўдзівых 100, а ад ста загіне 1000 і плоць іх будзе на ежу жывёлам і птушкам, і косці іх на пазор усякай жывёле». Ды адзначыў, што на Крапіўне гэтае прароцтва і спраўдзілася: «Цяпер тым прароцтвам узнагародзіў Бог князя Канстанціна Іванавіча, найвышшага гетмана літоўскага, што яго справаю і яго смелага сэрца і рукі сягненнем людзі маскоўскага ворага пабілі і тых забітых плоці звяры і птушкі ядуць, па зямлі косці валочачы, а ўтопленых водамі рыбы клююць» {19} 19 Полное собрание русских летописей. М., 1980. Т.35. С.126.
.
Читать дальше