На тэрыторыі Беларусі езуіты з'явіліся ў Вільні ў 1569 годзе; у 1570 годзе быў закладзены Віленскі езуіцкі калегіум, пераўтвораны ў 1579 годзе ў акадэмію (г. зн. універсітэт). У 1581 годзе быў адчынены калегіум у Полацку, у 1584 годзе — у Нясвіжы. Да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя езуіты стварылі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага шырокую сетку навучальных установаў і амаль поўнасцю засяродзілі ў сваіх руках сярэднюю і вышэйшую адукацыю. Езуіты зрабілі велізарны ўклад у беларускую культуру, з іхных школаў выйшаў шэраг знакамітых вучоных, грамадскіх дзеячоў і пісьменнікаў. Дзякуючы ім у Беларусі да 1820 года існавала высокаразвітая сістэма эўрапейскай адукацыі (каля 10 вышэйшых гуманітарных школаў, з іх дзве акадэміі і 7 гімназіяў), якая была знішчаная пасля далучэння Беларусі да Расеі.
Асновай выкладання ў езуіцкіх калегіумах і акадэміях былі гуманітарныя навукі, перадусім класічныя мовы, філасофія і «вянец навук» — тэалогія. Праграмы навучання, складзеныя ў 1584 годзе, у часы генерала Аквавівы, былі тады аднымі з найлепшых і не пераглядаліся аж да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя.
Высокі ровень адукацыі і перадавая методыка выкладання прынеслі вялікую папулярнасць езуітам. Шматлікія ахвяраванні бацькоў і дабрадзеяў зрабілі Ордэн адным з найбуйнейшых уладальнікаў у Эўропе. Ва ўмовах росту рацыяналізму і секулярызацыі мыслення ягоная маёмасць сталася прывабным «кавалкам» для шмат якіх заходнеэўрапейскіх манархаў. Пад іх ціскам папа Клімент ХІV у 1773 годзе вымушаны быў фармальна скасаваць Ордэн. У Беларусі ён праіснаваў да 1820 года (рэзідэнцыя генерала была ў Полацку), да забароны яго расейскім урадам.
У цяперашнім часе Ордэн езуітаў дзейнічае ў Злучаных Штатах Амерыкі, Гішпаніі, Партугаліі ды некаторых іншых краінах.
63. Што такое Берасцейская вунія?
Берасцейская вунія — гэта пагадненне, падпісанае ў кастрычніку 1596 года на царкоўным саборы ў Берасці паміж найвышэйшымі праваслаўнымі і каталіцкімі герархамі Вялікага Княства Літоўскага.
Галоўная прычына, дзеля якой праваслаўная і каталіцкая цэрквы Вялікага Княства імкнуліся да ўз'яднання, — агульная патрэба супрацьстаяць даволі моцнаму на той час рэфармацыйнаму руху, які прыкметна ўплываў на жыццё вернікаў. Беларуская праваслаўная царква імкнулася да вуніі з каталіцкаю яшчэ й таму, што над ёю паўстала пагроза з боку ўтворанай у 1589 годзе Маскоўскай патрыярхіі, што абвясціла сябе пераемніцай улады Канстанцінопаля (у 1453 годзе ён быў заваяваны туркамі) і прэтэндавала на падпарадкаванне ўсіх земляў, населеных праваслаўнымі.
Урад Вялікага Княства гэтаксама падтрымліваў ідэю царкоўнай вуніі, бо разлічваў праз яе дасягнуць спакою ў гаспадарстве, спыніць нарастанне канфліктаў на рэлігійнай глебе.
Паводле ўмоваў пагаднення 1596 года праваслаўныя герархі атрымлівалі некалькі месцаў у Радзе Вялікага Княства, а гэтаксама прызнавалі над сабою выключную ўладу папы рымскага, дзякуючы чаму пазбаўляліся ад усялякіх прэтэнзіяў з боку маскоўскіх патрыярхаў. Разам з тым у праваслаўнай царкве Княства захоўвалася ўсходняе грэцка-візантыйскае набажэнства і рытуалы, заставаліся непарушнымі ўсе зямельныя ўладанні, у царкоўнай практыцы па-ранейшаму прадугледжвалася карыстанне старым юліянскім календаром.
Аднак не ўсе праваслаўныя дзеячы падтрымалі ідэю вуніі. Тады ж, у кастрычніку 1596 года, яны правялі ў Берасці свой сабор пад кіраўніцтвам патрыяршага экзарха Нічыпара, на якім адмежаваліся ад новай царквы. Праўда, пазней на працягу ХVІІ стагоддзя амаль усе праваслаўныя жыхары Вялікага Княства схіліліся да вуніяцтва.
Вуніяцтва — гэта адзін з накірункаў хрысціянства, што паўстаў у Беларусі ў выніку Берасцейскай вуніі 1596 года.
Пераход праваслаўных беларусаў у вуніяцкую веру адбываўся паступова і расцягнуўся на шмат гадоў, што дазволіла (нягледзячы на даволі значнае на першым часе непрыняцце і нават супраціў) пазбегнуць крывавых рэлігійных войнаў, як гэта было ў шэрагу краін Заходняй Эўропы. Пры канцы ХVІІІ стагоддзя, напярэдадні анексіі Расейскай імперыяй нашых земляў, абсалютная бальшыня насельнікаў Беларусі была вуніятамі.
Да вуніяцтва людзей цягнула яго ўвага да мясцовых нацыянальна-культурных традыцый, шырокае выкарыстанне ў рэлігійным жыцці, асабліва ў часе казанняў, беларускай мовы. Існавала вялікая вуніяцкая літаратура на беларускай мове: творы Іпата Пацея, Язэпа Руцкага, Язафата Кунцэвіча. У вуніяцкіх друкарнях — Віленскай і Супраслеўскай — друкаваліся шматлікія богаслужбовыя кнігі. Вуніяцкія манастыры, якіх у ХVІІІ стагоддзі налічвалася блізу 90, з'яўляліся буйнымі асяродкамі нашае старадаўнае культуры.
Читать дальше