Я вярнуўся ў шпіталь недзе каля паўдня. Зьявіўся Вова зь ліхтарыкам, перадаў яго мне, паціснуў мне руку й пажадаў удачы. Вова падабаўся мне, таму што ён быў вельмі інтэлігентным і мне чымсьці імпанавала ягоная неразборлівасьць у сродках і безразважнасьць учынкаў. Я быў удзячны яму за дапамогу й упэўнены, што ён падтрымлівае нас.
Дзень ледзь цягнуўся. Я глядзеў на свой гадзіньнік і быў перакананы, што стрэлкі ня рухаюцца. Што датычыцца пляну, то нам не было чаго абмяркоўваць, бо кожная дэталь была ўжо абдуманая. Усё, што мы маглі рабіць, — гэта чакаць.
Я ляжаў у ложку. Лекар якраз памерыў мне тэмпературу, якая была тады 37,5. Прынесьлі вячэру. Я ня мог есьці, але прымусіў сябе, бо ведаў, што ем нармалёва апошні раз перад уцёкамі.
Надышло 7:30, тады 8:00 вечара. Па пляне мы мусілі сабрацца ў 9:00 вечара, як пачнецца камэнданцкая гадзіна. У 8:15 я спытаўся ў лекара дазволу схадзіць да сяброў у барак. Ён заўважыў, што ўжо набліжаецца камэнданцкая гадзіна. Я паабяцаў, што доўга не затрымаюся і што я буду вельмі ўдзячным, калі мне дазволяць сустрэцца зь сябрамі. Лекар пагадзіўся. Паглядзеў не мяне доўгім позіркам і чамусьці паціснуў мне руку. Я думаю, ён здагадваўся, што я не зьбіраюся вяртацца. Я склаў свае сьціплыя пажыткі й накіраваўся да барака. Косьцік ужо ўвесь знэрваваўся.
А дзявятай у бараках патушылі сьвятло. Было ціха, і тэмпература знадворку была — 40 градусаў па Цэльсіі. Гэна была адна з самых халодных зімаў за некалькі гадоў. Гэта моцна разахвочвала, бо калі б нам прыйшлося хавацца ў лесе некалькі дзён, мы абавязкова б абмарозіліся. Але спыняцца ўжо не было як. Мы адчынялі дзьверы баракаў і выходзілі па адным.
У кішэнях у нас ляжала ежа. Мы абгарнуліся прасьцінамі, каб быць нябачнымі на сьнезе. Неба было чыстым, і зоркі сьвяцілі вельмі ярка. Наперадзе, каля дзвюхсот футаў ад нас, ахоўнік крочыў ва ўсходнім накірунку. Мы папаўзьлі па сьнезе, і сэрцы нашыя моцна біліся. Усхваляваньне надавала нам энергіі, і, хаця ноч была халодная, я ўвесь спацеў. Мы павольна рухаліся наперад: адна рука — другая рука, адна нага — другая нага. Ахоўнік набліжаўся да нас. Мы замерлі. Ён прайшоў, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. Ён вярнуўся, мінуў нас, і мы прапаўзьлі яшчэ пяцьдзесят футаў. І яшчэ раз мы ўмерзьлі ў сьнег, як праходзіў ахоўнік. Ён спыніўся на нейкі момант, і я быў упэўнены, што маё сэрца таксама спынілася. Ён запаліў цыгарэту й пакрочыў далей, да заходняй вышкі. Мы пакрылі апошнія пыцьдзесят футаў і апынуліся перад першым радам калючага дроту. Вярнуўся ахоўнік і прайшоў недзе футах у дзесяці ад нас. Я не магу апісаць тое ўзбуджэньне й напружанасьць, якія мы адчувалі, калі ён мінаў так блізка. Ён пакрочыў далей, і, калі ён апынуўся футаў за сто ад нас, я дастаў кусачкі й перашчыкнуў дрот. Гук ад гэтага быў такім моцным, што я быў упэўнены ў тым, што ахоўнік яго пачуў і насьцярожыцца, але той спакойна рухаўся ў другі бок. Да таго часу, як ён дасягнуў заходняй вышкі, я ўжо пасьпеў перарэзаць унутраную агароджу. Мы йзноў застылі, як ён праходзіў. Калі ён накіраваўся далей, я пачаў перашчыкваць дрот, які быў панамотваны паміж дзьвюма агароджамі. Я здолеў зрабіць гэта да таго моманту, як ахоўнік ізноў наблізіўся да нас, і мы апынуліся паміж дзьвюма агароджамі. Шляху да вяртаньня не было. Трэба толькі перарэзаць яшчэ адну агароджу. Кроў стукала ў мяне ў вушах. У мяне трэсьліся рукі, але я здолеў перарэзаць апошні бар’ер паміж намі й свабодай.
Мы дамовіліся, што калі я дам каманду йсьці, мы палезем па эскарпе да жалезнай дарогі, праз рэйкі, і пабяжым у лес, які недзе ў трох або чатырохстах футах ад іх. Мы прызначылі сустрэцца на перакрыжаваньні дарог крыху далей. Мы былі ўпэўненыя, што калі мы зможам перайсьці праз рэйкі, нам ужо нішто ня будзе пагражаць. Я папярэдзіў сваіх сяброў, што калі зь імі нешта здарыцца, напрыклад, яны зваляцца або будуць параненыя, ніякай дапамогі яны не атрымаюць — тут кожны мусіў быць сам за сябе.
Апошні дрот на агароджы быў перашчыкнуты, і мы ціха ляжалі, калі ахоўнік мінаў футах у пяці ад нас. Які напружаны момант! Нарэсьце ахоўнік прайшоў, і я скамандаваў: «Пайшлі!» Ня ведаю, адкуль узялася моца ў нашых нагах. Сьнег быў вельмі глыбокім, а на нас былі апранутыя даўгія польскія шынялі. Мы караскаліся па эскарпе й чулі выкрыкі «Стой! Стой!» і гукі страляніны. Калі я дапяў да вяршыні, я ўжо ня бачыў астатніх. Я дабег да рэек, і тады побач упала сьвятло з вышкі й пачалі страляць з кулямёта. Кулі сьвісталі каля маёй галавы, і ад іх разьляталіся іскры, калі яна траплялі ў рэйкі. Нарэсьце, я перабраўся праз рэйкі. Мне падалося, я бачыў, як Косьцік і яшчэ нехта з правага боку беглі разам са мной. Мы не спыняліся аж да самага лесу. Мы толькі беглі й беглі. Не магу сказаць дакладна, як доўга. У рэсьце рэшт мы дабраліся да прызначанага месца, і, як высьветлілася, усе пяцёра былі тамака — стомленыя, але ў прыўзьнятым настроі.
Читать дальше