Дзевятнаццатага тэмпература панізілася да 38,5 градусаў. Да палудня я прыняў рашэньне, што, што б ні здарылася, мы будзем уцякаць дваццатага. Косьцік прыйшоў наведаць мяне ў шпіталі й прапанаваў адкласьці нашую апэрацыю, але я настаяў на тым, што наш плян мусіць застацца нязьменным. Косьцік паведаміў мне, што повар і ягоныя два памочнікі таксама да ўцёкаў. Косьцік сказаў, што яны робяць уражаньне надзейных, сытых, моцных і крэпкіх людзей. Ён павінен быў запэўніць іх, што ўцёкі будуць удалымі і што, калі нас зловяць, нам нічога не пагражае. Пакуль на нас уніформа, немцы нічога ня могуць нам зрабіць, акрамя як вярнуць у лягер. Канечне, яны могуць нас неяк пакараць за спробу зьбегчы, але не забіць. Аднак, калі мы здолеем уцячы і будзем апранутыя ў цывільнае, яны ўжо будуць уважаць нас за шпіёнаў і расстраляюць. Мы праверылі ўсе нашыя прыстасаваньні й вынайшлі, што нам патрэбны чырвоны ліхтарык, бо ягонае сьвятло ня гэтак заўважнае, як у звычайнага. Мы запыталі Вову наконт таго, ці можа ён нам дапамагчы.
Надышоў вечар, і лекар запытаўся ў мяне, ці не жадаю я згуляць у брыдж. Я ўжо крыху наўчыўся гэтай гульні да гэнага часу, але ня мог засяродзіцца на ёй, кінуў гуляць і пайшоў спаць. Лекар адчуваў, што я быў сам ня свой, і хацеў даведацца, што мяне турбавала. Я зманіў яму, што заклапочаны сваёй хваробай і хачу як мага хутчэй вярнуцца да сваіх сяброў у барак. Я быў упэўнены, што лекар мне ня верыць і што ён ужо зразумеў, што ў мяне іншыя пляны.
Я паклаўся ў ложак і паспрабаваў заснуць, але ня змог за думкамі пра ўцёкі. Я пракруціў іх у галаве сотні разоў. Я быў галоўным арганізатарам, адказваў за ўсіх астатніх і ня меў права памыліцца. Калі-нікалі я шкадаваў, што мы вырашылі ўзяць з сабой яшчэ трох палонных, бо зьбегчы ўпяцёх значна складаней, чым удваёх. Так ці йначай, але рашэньне ўжо было прынятае й усё мусіла быць добра арганізавана.
Я марыў пра тое, як патраплю нарэсьце дадому, дзе мяне пяшчотна сустрэне маці й я ўбачу сьлёзы ў ейных прыгожых вачах. Я быў нават няўпэўнены ў тым, ці ведае яна, што я жывы. Мы спрабавалі даслаць аб сабе весткі дадому, але невядома, ці дайшлі яны. У рэсьце рэшт я заснуў.
А сёмай раніцы нас пабудзілі на сьняданак, што мне ў гэным лазарэце вельмі падабалася. Потым, а дзевятай раніцы, прыйшоў нейкі ахоўнік, і я адчуў, што маё сэрца вось-вось спыніцца. Ахоўнік размаўляў з лекарам, а той ківаў галавой у знак згоды. Калі ахоўнік пайшоў, лекар сказаў мне, што мяне жадаюць бачыць у камэнданта. Я, відаць, зьбялеў на той момант, бо лекар спытаўся, як я пачуваюся. Я адказаў, што гэтая нечаканая сустрэча будзе, напэўна, вельмі непрыемнай. Лекар зразумеў мае падазрэньні й запэўніў, што ахоўнік быў даволі прыязным.
Праз паўгадзіны мяне наведаў Вова, і я паведаміў яму, што мне патрэбны чырвоны ліхтарык. Вова адказаў, што ў яго якраз ёсьць гэткі й ён прынясе яго на наступны дзень, але я запярэчыў, што ліхтарык мне патрэбны тэрмінова. Вова паабяцаў прынесьці яго пасьля палудня.
Потым я быў выкліканы ў кабінэт камэнданта, але ня мог знайсьці ў сабе моцы, каб падняць руку й пагрукаць у дзьверы. Нарэсьце я глыбака ўдыхнуў і пагрукаў. Камэнданта тамака не было, але затое прысутнічалі ягоны памочнік і нейкі лейтэнант. На другім баку стала сядзеў Чаняўка, які раней хацеў завербаваць нас да немцаў. Ён размаўляў са мной па-беларуску, і ў мяне было такое адчуваньне, як быццам бы ён спрабуе прымусіць мяне падпісацца. Ён запэўніваў мяне, што я, са сваім веданьнем нямецкай мовы, мог бы атрымаць добрую працу, нават кабінетную, а не фізычную, і свабоду перамяшчэньня. Я запярэчыў, што маё веданьне нямецкай мовы даволі абмежаванае, але, калі мне дадуць некалькі дзён, я абмяркую гэтую прапанову. Я сказаў, што мушу параіцца са сваім сябрам Косьцікам, зь якім баўлю шмат часу. Я намякнуў, што, магчыма, запішуся ў памагатары немцам, бо ўжо стаміўся ад вошай і астрожнага жыцьця ўвогуле. Чаняўка выглядаў вельмі задаволеным, бо вырашыў, што пераканаў мяне, і сказаў празь дзень-два паведаміць аб сваіх намерах праз Вову, які быў іхным чалавекам у лягеры. І толькі тады я сам даўмеўся, чаму Вова меў доступ да прыпасаў і лепшы статус у лягеры. Спачатку я пачуваўся вельмі ўдзячным Вову за тое, што ён рызыкаваў сваім палажэньнем, але потым западозрыў, што, магчыма, ён хацеў перашкодзіць нам уцячы. Маё сэрца моцна забілася. Я разьвітаўся з Чаняўкам так, каб ня выдаць сваіх пачуцьцяў. Я вельмі добра ўсьведамляў, што Чаняўка — здраднік, які адкрыта супрацоўнічае зь немцамі, але ў мяне хапіла розуму нічога з гэтага не сказаць яму ў твар.
Читать дальше