На мясцох па станцыях нямецкія «вахтмайстры» стараліся апанаваць нашых чыгуначнікаў і поўнасьцю камандаваць імі, абкрадаючы іх у Verpflegung [16] Харчовым пайку (ням.).
і іншых запасах. Нашыя падафіцэры змагаліся за ўтрыманьне кантролі над сваімі жаўнерамі й часта здараліся інцыдэнты варожасьці, сутычкі.
Так, напр., на станцыі Выгода — паміж Баранавічамі і Менскам — камандзер зьвязу Слонімскі збунтаваўся супроць нямецкай Bahnschutzpolizei [17] Чыгуначнай паліцыі (ням.).
, разаружыў іх, разьдзеў і пашоў са сваім аддзелам у лес, залажыўшы беларускі партызанскі атрад імя К. Каліноўскага. Прысылаў ганцоў да мяне й наракаў, што доўга ня зможа самастойна ўтрымацца й будзе змушаны здацца чырвоным партызанам. Апошнiя два хлапцы вярнуліся да нас зь лесу, якіх мы захавалі перад немцамі. Расказвалі, што камандзера Слонімскага загналі дзесь узад у табар — не давяраючы яму.
Мяне з гэтай прычыны вызывалі ў галоўную кватэру Bahnschutzpolizei у Менску, пагражалі, але я скарыстаў з гэтага, каб здабыць большае права лучнасьці й нагляду над сваімі хлапцамі, каб іх ня крыўдзілі немцы.
На адрэзку Клецак - Слуцак будавалі новую лінію чыгункі і туды скіравалі даволі многа нашых чыгуначнікаў для аховы будовы й мабілізацыі рабочых сілаў з падводамі. Паехаўшы туды адведаць сваіх, вадзілі мяне ў вёскі сярод сялян, якія на маю гордасьць і пацеху выражаліся вельмі прыхільна аб нашых хлапцах. Разумеючы, што яны мусяць выконваць загады немцаў, але робяць гэта справядліва й лагодна, а ня так, як «белашыйкі» (паліцыя), якіх можна было «падкупляць» і [якія] паказвалі сваю брутальнасьць улады.
Будучы ў Баранавічах (на станцыі) пасьля заканчэньня шкаленьня, меў шмат часу й свабоду руху, чыгункаю мог езьдзіць ува ўсе бакі. Асабліва часта прабываў у Менску, быў зьвязаны з БНП.
Прыяжджаў да мяне Барыс, калі дастаў дазвол арганізаваць конны швадрон, прапануючы мне вярнуцца ў Наваградак й абняць каманду якогась плютону. Аднак зразумеў, што мне не выпадае пакінуць сваіх чыгуначнікаў. Адно, што змог парадзіць яму, якіх камандзераў выбраць з кадраў быўшай школы БСА.
Усевалад Родзька запрапанаваў мне быць камэндантам кашараў, дзе адбываліся курсы кіраўнікоў СБМ, а ён быў кіраўніком і выкладчыкам на гэтых курсах. Вельмі цікава і прыемна было правесьці некалькі тыдняў з нашаю моладзьдзю, сярод якой трымаў дысцыпліну і меў пашану (сьведка М. Ганько).
У часе Другога [Усебеларускага] кангрэсу мне даручана было зь іншымі нашымі афіцэрамі ахова гэтага кангрэсу — у выпадку нападу партызанаў або немцаў, якім магло не спадабацца завялікае вымаганьне незалежнасьці. Абладаваны двума пісталетамі й гранатамі, хадзіў дзесь па бальконах і кругом будынку, мала абсэрвуючы, што адбывалася на кангрэсе.
Хутка пасьля кангрэсу — адступленьне на Захад. Наш быў апошні цягнік, які адыходзіў з цэнтральнае станцыі ў Баранавічах (Палеская станцыя ўжо была занятая чырвонымі). Некалькі дзён перад гэтым былі сьведкамі вялікіх калёнаў пешаходаў і фурманак адступаючых бел. сялянаў і іншых у кірунку на захад. Многія падафіцэры, напр., Русак й жаўнеры, падыходзілі да мяне, пытаючыся, што рабіць. Радзіў ім, калі нічога ня ведаюць удома — дзе ты й калі зможаш захавацца перад тэрорам чырвоных — аставайся. Мы едзем няведама куды й калі вернемся. У апошні мамэнт далучыліся да нас пару дзяўчатак у зялёных уніформах (сярод іх Юзя Брэчка), даў ім асобнае месца ў вагоне, і забралі іх.
Падарожжа было доўгае й цяжкае. Міны і атакі партызанаў на дарозе. Нейк абмінулі Варшаву, паехалі праз Чанстахову, Сьлёнск на Прагу — у Чэхію. Адтуль уздоўж Баварыі ў раён Saarbrücken, дзе нас разаружылі, загналі ў Durchgangslager [18] Перасыльны лягер (ням.).
, а потым паразьдзялялі па станцыях, каб папраўляць калейкі пасьля аліянцкіх бамбёжак, якія там былі вельмі цяжкія й частыя. Аднаго разу зьяўляецца да мяне маёр Барыс і загадвае мне пакавацца і ехаць зь ім у Берлін. Загад з БНП быў трымацца з хлапцамі й пры аказіі перайсьці да францускіх партызанаў. Але ж Барыс быў маім спонсарам у БНП, дык ня мог яму супраціўляцца.
У Бэрліне на «Weissensee» тры дні правёў на рапартах з палк. Езавітавым — сколькі людзей пакіну і дзе яны і т. д. Гэты прапанаваў мне ўступіць у новаарганізаваную ў Баварыі Беларускую Дывізію. Заядлыя дыскусіі — БНП прапанавала лепш скідаць уніформу й йсьці ў рабочыя лягеры, наклейваючы сабе значкі «Ostarbeiter» [19] Усходні работнік (ням.).
, каб у часе капітуляцыі быць сярод сваіх людзей і не пападаць у паніку. На нейкі час прыняў я камандаваньне нейкім «запасным батальёнам» у Бэрліне — гэта разьбіткі з БКА — шмат афіцэраў і падафіцэраў, але панавала там анархія і бесдысцыплінаванасьць. Далей, таму што ўпіраўся ня ўступаць у дывізію, папаў у няласку прэзыдэнта Астроўскага, які выкрасьліў мяне зь лісты павышэньня рангаў (на маёра), ня мог атрымаць Verpflegungskarte [20] Харчовых картак (ням.).
.
Читать дальше