Плян пачаў хутка рэалізавацца. Пашылі мне мундзір зь льнянага палатна, памаляванага на зялёны колер. Хутка вызвалі мяне ў Менск на першыя курсы афіцэрскія з многімі іншымі змабілізаванымі Беларусамі — вайскавікамі, пераважна быўшымі падхаружымі з польскай арміі, малодшымі афіцэрамі з быўшай царскай арміі, і хоць у малой колькасьці, але і зь лейтэнанты чырвонае арміі, якім удалося вырвацца з палону й далучыцца да нас.
Памятую разьвітаньне з маім начальнікам, які быў злы, што адыходжу з працы, і быў перакананы, што нічога з гэтага беларускага войска ня будзе, цьвердзячы, што мы — немцы — ня можам давяраць Беларусам і даць ім узбраеньне, але мусіў прызнаць загад вышэйшых уладаў зь Менску.
У Менску ішло інтэнсыўнае перашкаленьне афіцэраў — здаецца, два месяцы. Абзнаёміліся зь нямецкай зброяй і крыху камандамі, а таксама з савецкімі вінтоўкамі й кулямётамі.
Барыс на курсе ня быў, бо мусіў астацца ў Наваградку, прадбачаны як камандзер акруговы БСА, арганізаваць мабілізацыю ў падафіцэрскую школу ў Наваградку і ў батальёны па раёнах. Часта прыяжджаў у Менск зь візытаю ў нашыя кашары, а ў суботы й нядзелі мы заўсёды пёрліся на беларускія опэры.
На афіцэрскіх курсах адразу выбіліся некаторыя быўшыя польскія падхаружыя — завадовы й рэзэрвы, зь якімі лічыўся й нямецкі інспэктар (наглядчык) і, асабліва, камандзер Кушаль. Нейк, як прадбачана, з кажнае акругі адзін альбо пару й так памятую гэных выдатнікаў: Мікуліч, Сажыч, Кажан, Качан, В. Русак з Баранавіч; Чайкоўскі й Зыбайла із Слоніму. Із старэйшых Сокал-Кутылоўскі, хоць гэтаму было цяжкавата адаптавацца да нямецкае тэхнікі й мовы.
Пасьля заканчэньня курсаў перашкаленьня афіцэраў у Менску, я быў назначаны камандзерам падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку. Прыехаўшы ў Наваградак, я ўжо застаў гатовыя кашары й змабілізаваных быўшых падафіцэраў — пераважна з польскае арміі й некалькі з чырвонае арміі.
Пастанавілі сфармаваць тры зьвязы з гэтых рэзэрвістаў і чацьвёрты — з дабравольцаў-юнакоў зь сямігадоваю асьветаю, якія дасюль нідзе ня служылі ў войску. Паехалі ў настаўніцкую сэмінарыю, дзе калісь вучыў «вайсковую гімнастыку», і гукнулі пра падафіцэрскую школу, дык ахвотнікаў зьявілася болей, чым мы маглі прыняць. Выбралі 60 чалавек у чацьвёрты зьвяз, названы «Зьвяз Стрымгалоўцаў». Камандзерам гэтага зьвязу я назначыў лейтэнанта Матысяка, які разам зы мною быў на курсе ў Менску. Выбар быў добры, бо ён запраўды фахова й добра школіў «рэкрутаў», а пазьней кандыдатаў на камандзераў дружынаў. Часам хлопцы наракалі, што ён быў завельмі срогі й вымагаючы. Напрыклад, часта баявыя цьвічэньні адбываліся пад гарою й на высокай стромай наваградзкай замкавай гары, дзе, бягучы ў атаку пад гару, давалася каманда «сядай», а бягучы з гары — каманда «лягай», дык хлапцы казалі, мусіць, камандзер мыляецца, бо было б больш талкова з гары «сядай», а пад гару «лягай», але гэта ўсё асталося толькі ў памяці й жаўнеры дацэньвалі цьвёрдую й цяжкую дысцыпліну.
Кажны дзень пачынаўся зборкаю на пляцы ў чатырохкутніку з «хворымі» на левым крыле. Службовы афіцэр здаваў мне рапарт, прывітаньне «Жыве Беларусь» й адсьпяваньне малітвы «Беларусь наша Маці-Краіна», і тады кажны зьвяз маршыраваў у сваім напрамку на заняткі. Часам на такую цырымонію пад'яжджаў Акруговы Камандзер БСА Барыс на інспэкцыю. Тады здаваўся рапарт яму.
Характэрным для гэтай школы было, што вельмі прыгожа сьпявалі, як і маршыравалі на занятках, а гэта ўжо заслуга камандзера школы, які сам любіў сьпяваць.
Першыя месяцы школы адбываліся ў вельмі энтузыястычным настроі й духу. Дасылаліся індывідуальныя новыя кандыдаты, напр., студэнты Малешка й Кавэліч, якіх змабілізавалі, каб эвэнтуальна вышкаліць іх на афіцэраў. З пачатку цяжка было іх уламаць у вайсковую дысцыпліну як вольнадумцаў-студэнтаў, але потым некаторыя зь іх выйшлі добрымі афіцэрамі й энтузыястычнымі беларускімі вайскавікамі як, напр., лейтэнант Малешка, які пазьней загінуў у Лідзе з рук польскай партызаншчыны, альбо Бітус Валодзя. Сярод старшых падафіцэраў выбіліся некаторыя вельмі здольнымі камандзерамі, якім акруговы камандзер прапанаваў надаць рангі лейтэнантаў — напр., Орсічу, Сацэвічу і некалькім іншым.
У школе, апрача вайсковага вышкаленьня, адбываліся таксама курсы агульнага вышкаленьня беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі. Прыходзілі паважныя настаўнікі даваць лекцыі, як Акінчыц, д-р Орса й іншыя.
На жаль, як прадбачыў мой былы начальнік, немцы слова не датрымалі. Гэнэрал Цэннэр дзесь прапаў. Немцы спалохаліся вялікага беларускага вайсковага ўздыму. Не даставілі абяцанага ўмундзіраваньня й лепшай зброі (апрача старых савецкіх стрэльбаў). Хлопцы-падафіцэры падзерлі на цьвічэньнях свае апошнія боты — абутак і адзёжу. Дух пачаў падупадаць. Сам я быў добры да камандаў і загадаў, але слабы прамоўца. Часта прасіў камандзера Барыса пад'яжджаць у школу, каб талкова прамаўляць да курсантаў і падтрымоўваць іх на духу.
Читать дальше