Што ў ягоных руках? Вянок з лазы! Ведаюць гараджане, што гэты знак азначае: “Вайна! Зноў вайна ідзе!”
– З кім біцца? Хто да нас цяпер з мячом завітаў?
– Крыжакі! Крыжакі! – крычыць княскі пасланец і гоніць далей свайго каня.
Моцныя сілы трэба, каб спыніць крыжацкую навалу. На чале нашага войска – сам вялікі князь Вітаўт. Яму на дапамогу спяшаюцца ваяры з усёй Беларусі. Ёсць тут таксама берасцейскі і пінскі палкі. У іх змагаюцца нашыя землякі.
15 ліпеня 1410 годасустрэліся два вялікія войскі пад Грунвальдам (на поўначы Польшчы). Пачалася бітва крывавая ды ўпартая. Гул яе чуваць за некалькі кіламетраў. Воін ідзе на воіна. Звіняць мячы. Трышчаць і ламаюцца шчыты. Ідзе бітва не на жыццё, а на смерць...
Ужо палову дня б’юцца праціўнікі. Дрыжыць зямля. Хіліцца гарачае сонца долу. Вось не вытрымалі крыжакі ўдару. Бягуць! Кідаюць зброю. Зламаўся крыжацкі меч аб нашыя шчыты! Перамога!
Здабылі нашыя продкі на полі Грунвальда сабе славу і незалежнасць. Вяртаецца хлебароб дамоў, бо спелае збожжа чакае гаспадара. Ён для сваёй зямлі выратавальнік. Ён на ёй працаўнік, сейбіт, хлебароб.
Зразумелі крыжакі навуку, атрыманную пад Грунвальдам. Пяць стагоддзяў не ступала нага ўзброенага германскага воіна на беларускую зямлю.
Пытанні і заданні
1.Што дапамагала крыжакам заваёўваць беларускія гарады?
2.Як сустрэліся Вітаўт з Ягайлам?
3.У чым вялікаму князю дапамаглі столінцы і іванаўцы?
4.Што рабіў у пушчы Ягайла?
5.Раскажы, як нашыя продкі змагаліся з крыжакамі на Грунвальдскім полі?
6.Якую навуку атрымалі крыжакі пад Грунвальдам?
А. Пра месты, мястэчкі ды магдэбургскае права
Мы часта ўжываем слова горад. Яно звыклае і зразумелае. Але вось аднойчы ў старой кнізе было напісана: “Я, кароль і вялікі князь, прыехаў у наша сталічнае места Віленскае...”.
Значыць, гаспадар наведаў Вільню – сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. А словам места называлі гарады. Пісалі: “места Пінскае” – гэта Пінск, “места Кобрынскае” – Кобрын, а “места Берасцейскае” – сённяшні Брэст.
Акрамя таго, у мове існавала яшчэ прыгожае слова мястэчка . Так называлася малое места – невялічкі горад. Жыхароў местаў і мястэчак лічылі гараджанамі, ці мяшчанамі .
Хоць частка вяскоўцаў займалася рамёствамі, а частка гараджан – агародніцтвам, але жыццё іх вельмі адрознівалася.
Селянін быў прымацаваны да зямлі, жыў пад прыгонам . (Яго жыццё цалкам знаходзілася ў руках пана). А многія гараджане дамагліся самастойнасці ад князёў і паноў. У Еўропе нават гаварылі: “Паветра горада робіць чалавека свабодным”.
У самым цэнтры сучаснага Брэста вісіць вялізная круглая пячатка, а на ёй выбітыя словы са старой граматы: “Даруем на вечнасць права гарадское магдэбургскае…”
Што гэта за права, пра якое нашчадкі не забываюцца і праз стагоддзі?
15 жніўня 1390 года– значны дзень у гісторыі Берасця. Яно стала першым горадам у Беларусі, якое атрымала самакіраванне – было вызвалена ад залежнасці. Берасцем стаў кіраваць савет, які выбіралі гараджане. Упершыню такога права некалі дамогся нямецкі горад Магдэбург, таму яно і называлася магдэбургскім.
А Берасце хутка развівалася. Яно лічылася адным з галоўных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага.
Б. Як дайсці да Драгічына?
Пра нашы гарады складзена шмат легенд і паданняў. Напрыклад, пра старажытны Драгічын.
Ішоў аднойчы ўздоўж ракі чалавек. Доўгі быў яго шлях. Стаміліся ногі і плечы, бо цяжкая ноша – доўгая дарога. Пабачыў падарожны: на рацэ рыбак цянёты цягне.
– Добры чалавек, а ці далёка яшчэ да горада? Чытаў я, што некалі тут горад стаяў. Здалёк яго завостраныя вежы можна было пабачыць. Толькі трэці дзень дарогу нагамі тапчу, а горада ўсё няма!
– Што ты, родненькі, – махнуў рукой рыбак. – Ужо мне гадоў нямала. З маленства рыбачу. І бацька мой быў на гэтай рацэ рыбаком. І дзед мой вудзіў. Але ніхто ніколі не ведаў, каб тут стаяў горад. Памыліўся ты, падарожны...
Мінулі стагоддзі.
Зноў у спякоту ішоў полем чалавек. Вочы ад сонца стаміліся і ногі-рукі млелі, бо цяжкі іспыт – доўгая дарога. Пабачыў падарожны: на гонях земляроб саху цягне.
– Добры чалавек, а ці далёка да ракі? Чытаў я, што тут некалі рэчка бруяла. Здалёк яе было відаць. Толькі трэці дзень дарогу нагамі тапчу, а ракі ўсё няма!
Читать дальше