Потым размова перакінулася непасрэдна на славутую Сафійскую бібліятэку і яе долю ў часы Івана Жахлівага і Сцяпана Батуры. «Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэтая была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах». Адзін з прысутных уласнымі вачыма чытаў у архіве віцебскай лютэранскай кірхі, што «ігумен Бельчыцкага манастыра перад аблогаю горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы. А ёсць там, казаў ён, летапіс Полацкага княства, пісаны рукой св. Еўфрасінні, праўдзівы экзэмпляр «Повести временных лет», далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірылы і Мяфодзія, візантыйскія хранографы»… Зразумела, што потым герой аповесці трапляе ў полацкія лабірынты і трымае пералічаныя скарбы ў руках.
Фантастыка фантастыкай, а існаванне пад сярэднявечным Полацкам шматлікіх лёхаў — гістарычны факт. Іх даследаваў у 1864 годзе расійскі мастак і археолаг Дзмітры Струкаў. У бібліятэцы Віленскага універсітэта захоўваецца складзены ім план і нататкі пра падземнае падарожжа. 3 колішняга езуіцкага сабора святога Стэфана (тады ўжо праваслаўнага Мікалаеўскага) адна лёха прывяла Струкава прыкладна да таго месца, дзе стаяў помнік воінам 1812 года (далей быў завал), другая ішла ў накірунку да Дзвіны.
Прыкладна тады ж, у 1865-м, беларускі гісторык і археолаг Ксенафонт Гаворскі (у свой час ён быў выкладчыкам Полацкай духоўнай семінарыі) змясціў у выдаваным ім у Вільні гістарычна-літаратурным часопісе «Вестник Западной России» апісанне Барысаглебаўскага манастыра, якое працягвае тэму таямнічых полацкіх сутарэнняў. «Паводле агульнага ў горадзе падання, пад паўночнай сцяной царквы св. Параскевы знаходзіліся дзверы ў падземны ход (тунель), пракладзены ў старажытнасці пад ракою Дзвіною да Верхняга замка і царквы св. Спаса… Слядоў такіх дзвярэй (атвора) цяпер не відаць. Але полацкія старажылы апавядаюць, нібыта неўзабаве пасля 1812 года манахі Барысаглебаўскага манастыра наважыліся знайсці гэты ўваход, што і ўдалося ім каля паўночнай сцяны храма, і нібыта дзякуючы доўгаму шасту яны ўпэўніліся ў існаванні падземнага хода ў накірунку да Дзвіны, але з прычыны надзвычай благога і шкоднага паветра, якое ішло з гэтага хода, мусілі зноў засыпаць яго зямлёю. Народная пагалоска падазравае існаванне ў згаданай лёсе незлічоных скарбаў, як быццам схаваных там полацкімі князямі і баярамі з прычыны нашэсця на Полацк татараў, па іншых звестках — літвы, а па іншых — лівонскіх рыцараў».
Каб ужо не вяртацца потым да загадкавай гісторыі падземных хадоў, што нібыта ідуць пад Дзвіною, злучаючы полацкія манастыры і храмы, пагаворым пра іх больш грунтоўна.
У 1920 годзе, калі гарадское Задзвінне было акупаванае польскімі войскамі, падземнымі хадамі зацікавіўся раскватараваны ў Полацку асобы адзьдзел 15-й бальшавіцкай арміі. Яго займала праблема: якім чынам польскія шпегі так хутка перадавалі звесткі праз лінію фронту? 3 асабістаў і прадстаўнікоў гарадской камісіі аховы помнікаў старасвеччыны і мастацтва была створаная пошукавая група, да якой прыкамандзіравалі ўзвод сапёраў. У гэтую групу ўваходзіў полацкі краязнавец Іван Дэйніс, што пакінуў успаміны пра пошукі ў сваім рукапісе «Полоцк в XX веке. 1905 - 1967» (захоўваецца ў фондах Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка). Шукальнікі лёхаў абследавалі сутарэнні ўсіх храмаў, капліц, манастыроў і кляштараў на абодвух баках Дзвіны. Паўсюль прастуквалі сцены і кожнае падазронае месца дзяўблі ламамі і кіркамі. «Пошукі выявілі, — піша Дэйніс, — што ніякага падземнага хода пад Дзвіною няма, гэтаксама як і няма лёхі з-пад Мікалаеўскага сабора ў Струню».
Аднак пасля гэтай скептычнай высновы рукапіс яшчэ мацней заінтрыгоўвае чытача. Мяркуйце самі. «Выяўлена, што з-пад Мікалаеўскага сабора да Дзвіны сапраўды вядзе лёха, спачатку высокая і шырокая — можна ісці ўдваіх і не згінацца. Ход пачынаўся з паўднёвага адсека сутарэння, пад паўднёвымі дзвярыма сабора… Сцены хода змураваныя з цэглы, столь — цаглянае скляпенне, у якім сям-там зробленыя квадратныя люкі, закладзеныя дошкамі. У правай сцяне хода, калі ісці наперад да Дзвіны, была бакавая цагляная труба, заплылая пяском і зямлёю. Гэты ход быў завалены пад будынкам кадэцкага корпуса… Завал быў пракапаны, і ўжо меліся цераз пракоп паўзці, як зноў адбыўся абвал, калі дзеля праверкі ўгору засунулі рыдлёўку. Адкапаўшы завал… зноў патрапілі ў такі самы ход, але хутка ён закончыўся і перайшоў у вузкую лёху з цэглы, што вяла кудысьці ўніз. Прабіўшы скляпенне вялікай лёхі, мы апынуліся ў кладоўцы флігеля, размешчанага ў садзе за сцяною кадэцкага корпуса, што ідзе раўналежна вуліцы Леніна. Пачалі спуск па гэтай трубе, па ёй можна было толькі паўзці… Неўзабаве мы пачулі шум вуліцы: галасы, крокі, грукат калёсаў, потым зноў запанавала цішыня, і ў хуткім часе ход закончыўся земляным завалам».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу