Вайна працягвалася. Царскія палкі падчас перамоваў ужо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску. Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Оршы і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі Сярэбранымі-Абаленскімі, выпальваючы Літву, ісці на Менск і Наваградак.
Шуйскі з 25-тысячнай раццю рухаўся, быццам па сваёй зямлі: дазоры наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях — і быў за гэта жорстка пакараны. Найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і каля вёскі Іванск на беразе Улы раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у палкі. Надвечар царскія ваякі, кінуўшы абоз, пабеглі.
Пераследаваць і дабіваць захопнікаў Радзівілу дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага. Ад куляў, шабляў і дзідаў палегла дзевяць тысяч чужынцаў і столькі ж патанула. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў. Мацей Стрыйкоўскі паведамляе, што ў 1580 годзе падарожнікі яшчэ бачылі на месцы бітвы кучы непахаваных костак.
Цела князя Шуйскага знайшлі ў рацэ. Радзівіл урачыста ўехаў на яго кані ў Вільню, а царскага ваяводу з пашанаю пахавалі таксама ў царкве Багародзіцы. Вызваліўшыся з палону, Станіслаў Давойна марна намагаўся абмяняць парэшткі Шуйскага на прах сваёй жонкі, які так і не вярнулі.
На пачатку лютага таго ж 1564 года адбылася яшчэ адна важная для далейшага ходу вайны бітва. Пад Оршай авангард войска Маскоўскай дзяржавы, якім камандаваў ваявода П. Сярэбраны (аўтар «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскі піша, што маскавітаў было 50 тысяч), сутыкнуўся з войскам Вялікага Княства на чале з Ф. Кмітам-Чарнабыльскім і Ю. Осцікавічам. Заваёўнікі палічылі, што ім супроцьстаяць асноўныя збройныя сілы нашай дзяржавы, якія выйгралі бітву на Уле, і паспешліва адступілі, у выніку чаго паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй была адноўленая ваенная раўнавага.
Раз ’ятраны разгромам на Уле і ўцёкамі ў Літву князя Андрэя Курбскага, цар шукаў спачыну ў крыві. Штодня перад Крамлём ставілі плахі, ён выязджаў, як сам князь цемры Вельзевул, у чорным уборы на чорным кані і глядзеў, як каты па роспісу караюць смерцю знакамітых людзей. Найбольшую радасць Іван чуў чынячы расправу над полацкім палонам. Аднаго разу проста ад бяседнага стала цар і застоліца кінуліся ў крамлёўскія сутарэнні, дзе сядзелі вязні. Здаволіліся адно тады, як перабілі болей за сотню бяззбройных, знясіленых людзей, а потым вярнуліся да сталоў — дапіваць. Вядома, што ў той разні полацкі шляхціч Быкоўскі выхапіў у цара з рук дзіду, але сілаў на тое, каб адправіць тырана ў магілу, ужо не хапіла.
Увосень таго самага 1564 года да Полацка падступіла войска Радзівіла і Курбскага. На прапанову здавацца царскі ваявода Пётр Шчанятаў ведаючы, што да яго ідуць палкі з Вялікіх Лукаў адказаў гарматнымі стрэламі. Баючыся акружэння, гетман зняў аблогу і пераправіўся на левы бок Дзвіны. Пасля гэтага на працягу пятнаццаці гадоў значных баявых дзеянняў у полацкім наваколлі не было. Час ад часу адбываліся адно памежныя сутычкі. Напрыклад, аддзел Бірулі (між іншым, продка знакамітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі) разбіў у 1566-м пад Сітнам чатыры сотні стральцоў, захапіў 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц, а саму фартэцу спаліў.
Зацішша доўжылася, пакуль вялікім князем літоўскім і каралём польскім не быў абраны сяміградскі ваявода вугорац (венгр) Стэфан Баторы, або, як яго называлі ліцьвіны-беларусы, Сцяпан Батура. Стаўшы на чале дзяржавы, ён да скону дзён так і не вывучыў ні польскай, ні беларускай мовы і размаўляў з падданымі толькі па-лацінску, ці праз перакладчыка. Гэты недахоп кампенсаваўся тым, што Батура быў выдатны палітык (дарэчы, ён вучыўся ў Падуанскім універсітэце) і таленавіты палкаводзец. Каранаваўшыся, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўцамі землі.
Іван IV адгукнуўся на каранацыю зняважлівымі словамі, што сам ён, маўляў не царом сябе і не памятае, бо зрабіўся манархам «по божию изволению, а не многомятежному человечества хотению». Заява крамлёўскага тырана не збянтэжыла Батуру. У Полацкай вайне набліжалася развязка.
Чэрвень 1579 года адзначаны прыездам вялікага князя з Вільні ў Свір, дзе вайсковая рада пастанавіла авалодаць Полацкам, «ключом Лівоніі і самой Літвы». Батура выдаў два маніфесты: да жаўнераў і да народа, дзе абвясціў што падымае меч на цара, а не на мірных жыхароў, якіх будзе літаваць і мілаваць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу